Оперная глеба Брэста

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

З “...Дамай” — да сімфаджаза
Дырыжор Аляксандр САСНОЎСКІ ўжо сямнаццаць гадоў можа лічыць сябе жыхаром не толькі Мінска, але і Брэста. Бо ўвесь гэты час, акрамя кіравання сталічным Канцэртным аркестрам “Няміга” ды выкладання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (а раней — яшчэ і працы ў Музычным тэатры), узначальвае сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Чарговай значнай падзеяй гэтага калектыву, дый усёй тамтэйшай культурнай грамадскасці, стане прэзентацыя “Пікавай дамы” П.Чайкоўскага — у выглядзе тэатралізаванай музычна-літаратурнай кампазіцыі з удзелам артыстаў Нацыянальнай оперы і драмтэатра. З асаблівасцей праекта і пачалася размова.

— Гэтая ідэя нарадзілася ў мяне яшчэ ў 1978 годзе, калі я паступіў у тагачасную Ленінградскую кансерваторыю. Паклікаў неяк мяне дырыжор Эрадзій Мартынаў: “Вазьмі ў бібліятэцы партыі “Пікавай дамы” Чайкоўскага і — едзь у Палац культуры медработнікаў”. Ну якая ж тут сувязь паміж операй ды медыцынай? Хіба дыягназ Герману паставіць… Аказалася, гэтай пастаноўкай з удзелам опернай студыі Ленінградскай кансерваторыі Палац святкаваў юбілей. І мне даручылі развучваць вакальныя партыі з салістамі: Германа і Графіню спявалі... дактары меднавук. Уяўляеце? Але тым самым медыкі хацелі падкрэсліць даўнія традыцыі не толькі сваёй прафесіі, але і ўсёй рускай інтэлігенцыі, бо музіцыраванне лічылася неад’емнай часткай выхавання кожнага культурнага чалавека. Мне ж тады захацелася калі-небудзь самому ўвасобіць геніяльную оперу. Тыя ўспаміны вярнуліся пасля нядаўняй прэм’еры “Пікавай дамы” ў нашым Вялікім тэатры — і тады ўзнік праект. Я сам напісаў сцэнарый, дзе выкарыстаў звесткі пра гісторыю стварэння оперы, лісты Чайкоўскага, Надзеі фон Мек, фрагменты з дзённіка кампазітара, нават два ягоныя вершы (менавіта Пятра Ільіча, а не ягонага брата Мадэста, які выступіў лібрэтыстам оперы). Звярнуўся я і да паэзіі Пушкіна, фрагментаў Шостай сімфоніі Чайкоўскага. На ролю вядучага запрасіў брэсцкага акцёра Сяргея Пяткевіча. Дый амаль усе оперныя партыі спяваюць выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы. Таісія Засім будзе Лізай. Васіль Ільюк — Томскім. Ніна Залатніцкая ўвасобіць дзвюх гераінь — Графіню і Паліну. Германам паўстане оперны саліст Васіль Мінгалёў. Будзе і сцэнаграфія (знайшлі і бутафорскі клавесін), касцюмы, святло, разнастайныя шумавыя эфекты, што выкарыстоўваюцца ў драмтэатры: ціканне гадзіннка, гукі дажджу, навальніцы…

— Ці не стане ваш праект своеасаблівай спасылкай на нашумелую “Пікавую даму” Гродзенскага абласнога тэатра лялек? Рэжысёр Алег Жугжда таксама звяртаўся там і да ліставання, і да оперных фрагментаў. Праўда, з постмадэрнісцкай іроніяй…

— Там асновай была аповесць Пушкіна, а ў нас — опера Чайкоўскага. Дый задача ў мяне — прывіць шырокай публіцы любоў да оперы. Тым больш, што глеба для гэтага ў Брэсце ўжо даўно падрыхтавана. Нагадаю, намаганнямі дырэктара тэатра Аляксандра Козака, які ладзіць Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”, брэстчане пабачылі аднаактовую оперу “Мядзведзь” Сяргея Картэса. А галоўнае — высілкамі Ліліі Батыравай тут штогод ладзіцца Міжнародны фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”, сталым удзельнікам якога з’яўляецца аркестр, дзе часта выступаюць вакалісты, у тым ліку з опернымі фрагментамі. Не дзіва, што калі ў кастрычніку тэатр святкаваў сваё 70-годдзе, аркестр віншаваў яго з салістамі Беларускай оперы: Андрэем Валенціем, Уладзімірам Пятровым, Аленай Шведавай.

— Дый дзейнасць аркестра, пэўна, заклала ў Брэсце добрыя традыцыі прыхільнага стаўлення да музычнай класікі, уключаючы оперную…

— Шмат ідзе ад самога тэатра, дзе мне ніколі не казалі, быццам штосьці немагчыма. Нашы канцэрты ладзяцца па аўторках, калі ў тэатры выхадны, але бывае, што прыпадаюць і на іншыя дні. Дый у выхадныя дырэктар выклікае супрацоўнікаў, каб нам дапамагчы. Тую ж “Пікавую даму” мы палову панядзелка ды ўвесь аўторак на гэтым тыдні рэпеціравалі — і вырашылі рабіць з антрактам. Не толькі праз працягласць (больш за дзве гадзіны), але і каб змяніць сцэнаграфічны “інтэр’ер”. Ідзе насустрач кіраўніцтва тэатра і тады, калі патрабуецца запрасіць выканаўцаў з Мінска. Ладжу я і сумесныя выступленні брэсцкага сімфанічнага ды “Нямігі”. Колькі часу таму гэткім складам праводзіўся Вечар французскай музыкі. А 16 снежня будзе гучаць музыка кіно — перадкалядная вечарына, якая паспрыяе святочнаму настрою. Першае аддзяленне іграе аркестр “Няміга”, другое — сумесна з брэсцкім калектывам. Атрымліваецца гэткі сімфаджаз, аранжыроўкі робіць непераўзыдзены Леў Карпенка, які выдае “фірменныя” партытуры!..

— Ды ўсё ж: з кадрамі — праблема?

— У Брэсце, можна сказаць, — адны энтузіясты, бо аркестранты атрымліваюць па 800 — 900 тысяч рублёў. Зразумела, амаль усе яны працуюць таксама ў Каледжы імя Рыгора Шырмы і дзвюх музычных школах. Але праблема не ў тым, што нам чагосьці не хапае, а ў прэстыжы прафесіі, які падае. Тое ж самае — і ў сталічных калектывах. Затое на канцэртах — аншлагі, ёсць у нас і заўсёднікі — аматары музыкі ды прыхільнікі калектыву…

— Асабіста вы за гэтыя гады падрыхтавалі шмат не толькі аматараў-слухачоў, але і спецыялістаў-выканаўцаў — маю на ўвазе педагагічную дзейнасць у Акадэміі музыкі. Пазалетась увесь клас вашых выпускнікоў, прыехаўшы з Мінска, дзяржіспыт па дырыжыраванні здаваў з брэсцкім аркестрам — у выглядзе публічнага канцэрта…

— Я вельмі ганаруся тым, што адзін з тых маладых дырыжораў, Мурад Асуіл (паводле першай адукацыі, дарэчы, піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў), скончыў магістратуру, паступіў у аспірантуру. Улетку быў удзельнікам дырыжорскіх майстар-класаў Юрыя Сіманава ў Маскве, прайшоў папярэдні адбор на прэстыжны міжнародны конкурс па дырыжыраванні. Дык вось, зараз Мурад узначаліў Гомельскі сімфанічны аркестр. 31 кастрычніка ён правёў з гэтым калектывам бліскучы канцэрт у зале Гомельскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Нестара Сакалоўскага. Саліраваў з аркестрам прафесар Акадэміі, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў — і расказваў, што публіка прымала няпростага Бетховена як ніколі! Дадам, што ў тым калектыве — такія ж кадравыя праблемы, як і паўсюль. Музыканты вымушаны працаваць на некалькіх стаўках, на адной рэпетыцыі — адзін склад, на наступнай — другі, бо прыходзяць іншыя людзі на замену. Так што ўпершыню ўдзельнікі таго канцэрта сабраліся разам толькі за паўтары гадзіны да яго пачатку. Ну а рэпетыцыя з запрошанымі выканаўцам ці салістамі часцяком так і праходзіць: перад канцэртам. І тое, што выступленне атрымалася паспяховым, сведчыць аб прафесіяналізме музыкантаў — як гомельскіх аркестрантаў, так і дырыжора.

— Чаму ж, здараецца, з боку публікі бывае недавер да беларускіх выканаўцаў?

— Гэта наша агульная праблема. І каб вырашыць яе, патрабуецца час. Той жа Гомель — шыкоўны еўрапейскі горад, а ўвесь цэнтр пярэсціць расцяжкамі з імёнамі артыстаў другаякаснай расійскай эстрады. Бо менавіта яны збіраюць стадыённыя натоўпы! А хто ведае беларускіх дырыжораў? Дый сярод прафесіяналаў сустракаецца той жа сіндром: маўляў, калі госць — значыць, лепшы за нашых. Можа, гэта зваротны бок нашай гасціннасці? А між тым, калі падлічыць толькі тых дырыжораў, каго рыхтавала Акадэмія музыкі, спіс атрымаецца ўнушальны, пачынаючы з народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. І вось парадокс! Вячаслаў Чарнуха, дырыжор Вялікага тэатра Беларусі, які адначасова выкладае ў Акадэміі, сёння больш запатрабаваны ў Маскве, у Музычным тэатры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. А калі расіяне яго цалкам “пераманяць”? Нагадаю яшчэ колькі імёнаў: Андрэй Галанаў, Алег Лясун, Віктар Бабарыкін, Мікалай Макарэвіч, Юрый Галяс, Яўген Асновіч, Марына Траццякова, Юрый Караваеў, Аляксандр Высоцкі, Аляксей Фралоў — дырыжорская армія атрымліваецца!

— А вы самі сумясцілі розныя дырыжорскія школы? Бо вучыліся і ў нас, і, пазней, у знакамітага Ільі Мусіна. А заканчвалі навучанне, наколькі ведаю, у Юрыя Цемірканава…

— Так, быў яго першым студэнтам, але ўвогуле мая дырыжорская кар’ера склалася дзякуючы найперш майму першаму выкладчыку — Леаніду Іванову ў тагачасным Магілёўскім музычным вучылішчы. Цікава, што ўсе мы тады — я, Пётр Вандзілоўскі, Віктар Валатковіч — былі баяністамі, гралі ў вучэбным аркестры пад кіраўніцтвам Іванова і праходзілі ў яго асновы дырыжыравання як другой прафесіі. І галоўнай радасцю ў жыцці было прыйсці да Леаніда Леанідавіча на рэпетыцыю: Іваноў тады вёў і сімфанічны аркестр вучылішча, і народны. Пасля заканчэння я збіраўся ў Ленінград, але Іваноў забараніў — сказаў, каб ехаў у Мінск да Іосіфа Абраміса, у якога ён сам у свой час вучыўся. Гэта я ўжо потым зразумеў, наколькі слушна ён мне тады параіў. Бо з маімі ведамі па музычнай тэорыі (у баяністаў па такіх дысцыплінах праграма больш сціплая) я не паступіў бы ў Ленінградзе. Вялікі ўплыў на мяне аказаў аўтарскі вечар Ціхана Хрэннікава — старшыні Саюза кампазітараў СССР — і творчая сустрэча з ім. Дарэчы, дырыжыраваць яго музыкай прыехаў тады Валерый Гергіеў, якому было ўсяго 24. Вось хто стаў для мяне прыкладам! І калі я, акрылены марамі, трапіў у Ленінград да Ільі Мусіна на кансультацыю, той сказаў: “Паступайце!”. Вучыўся і ў яго, і, спачатку, у Эдуарда Грыкурава, заканчваў — у Цемірканава. Дарэчы, апошнім часам я пра гэта пішу ўспаміны. Можа, калі-небудзь выйдуць кніжкай. Таму паняцце “перыферыі” лічу, тычыцца свядомасці, а не сацыяльна-эканамічных ды геаграфічных рэалій — тым больш, пры неабмежаваных магчымасцях перадачы і распаўсюджвання інфармацыі. Памятаю, калі пасля Магілёва трапіў у Мінск, мне здалося, што ў сталіцы — культурная пустэча: настолькі ў абласным цэнтры віравала музычнае жыццё вакол адной вучэбнай установы… Так што ў сучаснай моладзі, незалежна ад месца нараджэння, ёсць усе магчымасці — было б жаданне! Ну, і грошы не перашкодзілі б...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"