Канцэпцыя, імідж і манетызацыя

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Аляксей БАЦЮКОЎ, дырэктар Музея гісторыі Магілёва
Што ўяўляе з сябе сучасны музей гісторыі горада? Якія магчымыя варыянты яго канцэптуальнага і прадметнага напаўнення? Ці ўсе замежныя прыклады варта пераймаць? А што наконт такога важнага аспекта, як манетызацыя ўзятай за аснову канцэпцыі развіцця? Паспрабую адказаць на гэтыя пытанні на прыкладзе ўстановы, якой кірую.

/i/content/pi/cult/505/10870/5-2.jpgВядома, згадаю пра тое, што Музей гісторыі Магілёва — гэта першы музей такога тыпу ў нашай краіне (а яны існуюць, прынамсі, яшчэ ў Мінску ды Гомелі). Заснаваная ў 1992 годзе, магілёўская скарбніца ўзяла пакрысе курс на найбольш поўнае адлюстраванне ў сваёй экспазіцыі аднаго гістарычнага перыяду — позняга Сярэднявечча. Менавіта тады Магілёў меў найбольшую вагу як геапалітычны цэнтр, буйная эканамічная адзінка на беларускіх землях і культурны цэнтр рэгіёна. Заўважце, веды пра наш горад у большасці землякоў і замежнікаў усё ж звязаны з іншымі перыядамі. Згадваюць, скажам, пра падзеі, звязаныя з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ альбо Царскай стаўкай, а таксама датычныя перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Мы ўзялі акцэнт менавіта на гарадскую культуру XVI — XVIII стагоддзяў, а цэнтральная тэма нашай экспазіцыі — гэта эпоха Магдэбургскага права ў гісторыі горада. Гэтае самаабмежаванне звязана з тым, што плошчы музея даволі сціплыя, каб на іх разгарнуць панараму ўсёй гісторыі горада. Акрамя таго, побач — іншыя музеі, у якіх цудоўна раскрываюцца іншыя эпохі ў жыцці Магілёва і Магілёўшчыны.

Колькі слоў пра будынак нашага музея. Па-першае, адноўленая ў 2008 годзе Ратуша стала архітэктурнай дамінантай горада, істотна змяніла ўвесь гарадскі ландшафт, дадаўшы гарадской прасторы гістарычную глыбіню. Займелі цэнтр прыцягнення і ўсе турыстычныя маршруты па Магілёве. Скажам так, пераразмеркаваліся плыні, хаця тое зусім не значыць, што ўсе арганізаваныя групы ды асобныя турысты абавязкова скіроўваюцца ў наш музей. Але пра сучасны музейны статус Ратушы людзі ведаюць.

Вышэйзгаданае спрыяльна спрацоўвае на імідж установы, а гэта адзін з элементаў згаданай мной манетызацыі. З іміджавым бокам цесна звязаны і акцыі музея. Пра яго шырока даведаліся па ўсёй краіне пасля акцый па зборы сродкаў на набыццё для экспазіцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага і кнігі Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі”. А былі ж іншыя кнігі ды прадметы, і гэта ўжо дзясяткі найцікавых артэфактаў. Яны, канешне ж, носяць больш “камерны” характар, і не рэзаніруюць у грамадстве так шырока, як той жа Статут, але гэта менавіта з-за выключнасці апошняга. Напрыклад, ёсць такі цікавы здабытак, як самаробны зборнік артыкулаў і брашур Мітрафана Доўнар-Запольскага, прычым адна з прац у яго бібліяграфіі раней не згадвалася. Альбо паўгадавая падпіска на нямецкую газету “Bietigheimer Zeitung” за 1863-і з шыкоўнымі гравюрамі, што выяўляюць паўстанцаў. Альбо эцюд Бялыніцкага-Бірулі. Зараз актуальная акцыя — па набыцці кнігі Спірыдона Собаля. Такім чынам, наш іміджавы выбар — музей павінен стаць сапраўднай скарбніцай, сховішчам унікальных артэфактаў нацыянальнага значэння. Апошні здабытак якраз адпавядае гэтай задачы: нам быў перададзены даспех беларускага рыцара пачатку XVI стагоддзя, знойдзены на дне ракі Віхра, — выключны па сваім культурным ды гістарычным значэнні прадмет (пра яго “К” пісала ў № 43).

Ну, і далей разважаючы на тэму іміджа ўстановы. Наш музей — гэта не толькі культурная, але і публічная прастора. І, у працяг традыцыі сярэднявечнага самакіравання, Ратуша з’яўляецца месцам урачыстых ды афіцыйных цырымоній гарадскога значэння. Што гэта нам дае? Найперш, гэта дапамагае ўтрымліваць на найвышэйшым узроўні тэхнічнае забеспячэнне і агульны стан музея, бо гэта ўжо імідж не проста адной установы, а — усяго горада.

Што ж да альтэрнатыўных варыянтаў канцэпцыйнага існавання музея гісторыі горада… Прывяду два прыклады з замежжа. Адзін з нямецкіх музеяў гісторыі горада — таксама ў ратушы — у экспазіцыі мае па адным прадмеце на кожнае стагоддзе існавання свайго горада. Такім чынам, у пастаяннай экспазіцыі знаходзіцца ўсяго дзесяць рэчаў, але вельмі цікавых, нават яскравых, дасканала апісаных і вельмі інфарматыўных па сваім перыядзе. А вось у Польшчы ведаю пра музейную ўстанову, што ўвогуле не мела экспанатаў у звыклым нам разуменні. Гэта таксама малады музей, які ствараўся з нуля, але замест набыцця антыкварыяту, як робяць многія іншыя, яны пайшлі іншым шляхам: уся экспазіцыя была прадстаўлена праз віртуальныя сродкі. І першы, і другі прыклады падаюцца цікавымі як альтэрнатыўныя нашым практыкам фарміравання музейнай прасторы. Але альтэрнатыўныя практыкі — гэта толькі прыклады наватарства, якія менавіта як наватарства і цікавыя. Калі дазволіць сабе кулінарную аналогію, гэта як прыправа да асноўнай стравы. Яны — новыя сродкі — надзвычай важныя ў сучасным перанасычаным інфармацыяй грамадстве як спосабы засяродзіць увагу на музейнай справе.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах