Інвестара прыцягвае сапраўднасць

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Аляксандр ЛАКОТКА, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Ва ўсёй Еўропе не першы год назіраецца вялікая цікавасць да аўтэнтычных, самабытных форм культуры малавядомых народаў. Скажам, да тых жа абарыгенаў Амазоніі і Новай Гвінеі.

/i/content/pi/cult/505/10869/5-1.jpgТлумачыцца гэта аб’ектыўнымі прычынамі: ва ўмовах глабалізацыі, насаджэння масавай культуры аўтэнтычным формам культуры былі нанесены вялікія страты. У гэтым плане Беларусь як частка еўрапейскага рэгіёна пацярпела значна менш. На Палессі, Паазер’і і Панёманні захавалася шмат аўтэнтыкі, у якой, нібы ў люстэрку, бачыцца і культурны лёс Еўропы. Нездарма апошнім часам багата праграм Еўрасаюза скіравана на вывучэнне ды захаванне беларускай традыцыйнай культуры.

Ва ўмовах развіцця турызму аўтэнтычныя формы культуры надзвычай прыцягальныя. Пагадзіцеся, турызм — гэта не толькі спажывецкая індустрыя. Перш-наперш еўрапейскага турыста цікавіць сапраўднасць і гістарычнасць той або іншай славутасці альбо той жа аграсядзібы. Што і казаць, выкарыcтанне драўлянага дойлідства ў турыстычнай прыцягальнасці Беларусі мае вялікія перспектывы. З гэтай нагоды хацелася б, каб аграсядзібы прытрымліваліся аўтэнтычных узораў народнага дойлідства, а не ішлі па шляху камерцыялізацыі і не прапаноўвалі сваім гасцям лубачную, кітчавую культуру. Канешне, прасцей з ацыліндраванай драўніны збудаваць дом, паставіць туды шклопакеты, зрабіць эклектычнае добраўпарадкаванне. У выніку сёння архітэктура многіх нашых аграсядзіб выглядае вульгарна. Магчыма, ад гэтага залежаць і тыя паслугі, што там прапануюцца: лазня, рыбалка, моцныя напоі. Асяроддзе, дзе знаходзіцца сядзіба, адыходзіць на другі план і не пакідае аніякага ўражання. У гэтым сэнсе, мне здаецца, наносіцца дзве шкоды: культурная і экалагічная. Навукоўцы, журналісты проста абавязаны на тое звяртаць увагу!

У кожным з рэгіёнаў Беларусі маюцца гістарычныя вёскі, дзе могуць размясціцца цудоўныя аграсядзібы. Да прыкладу, у вёсках Нізок Уздзенскага раёна, на радзіме паэта Паўлюка Труса, ці ў Любавічах, што на Піншчыне. Сумна глядзець і на сотні закінутых хутароў, якія патанаюць у суквецці садоў, а ўвосень засыпаны яблыкамі. А таму аграсядзібы патрэбна ствараць на падставе жывых пунктаў з іх жывой архітэктурай. Трэба выкарыстоўваць старадаўнія хаты, у бярвеннях якіх захавалася цяпло рук цесляра, дранкавы дах, сапраўдныя элементы побыту. Хіба не цікава турысту будзе паспаць на тых жа палатках?! Апроч таго, нашаму грамадству важна перастаць атаясамліваць традыцыйную культуру выключна з лапцямі ды саламяным брылём. Сялянскі побыт ніколі не быў такім прымітыўным, як сёння некаторым падаецца. Турысту будзе цікава пазнаёміцца з цудоўнымі ўзорамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія раней былі ў кожнай хаце.

Вядома, хапае і ў нашай краіне станоўчых прыкладаў у стварэнні аграсядзіб. Іншая справа, што многім энтузіястам патрэбна дапамога з боку спецыялістаў — кансультацыі, метадычная літаратура.

Але трэба разумець, што пакуль айчынныя патэнцыйныя інвестары толькі разважаюць пра мэтазгоднасць аўтэнтычнага агратурызму, замежныя пачынаюць актыўна дзейнічаць. Так, прыкладна з месяц таму ў Нацыянальную акадэмію навук прыязджала дэлегацыя прыватнай кампаніі з Фінляндыі. Яны распрацоўваюць канцэпцыю стварэння на тэрыторыі Беларусі шэрагу аграсядзіб з захаваннем іх аўтэнтычнасці і мясцовых архітэктурных ды побытавых асаблівасцей. Іх мэта — рэпрэзентаваць беларускую рэгіянальную культуру фінскім турыстам, стварыць экалагічныя маршруты для пешых, конных, веласіпедных, байдарачных вандровак. Фінскія інвестары звярнуліся з просьбай дапамагчы падабраць цікавыя варыянты, пры гэтым абгрунтаваўшы гістарычныя асаблівасці таго або іншага аб’екта. А таму нашым уладальнікам аграсядзіб яшчэ трэба прыйсці да разумення, што толькі сапраўднасць у еўрапейскага інвестара выклікае жаданне ўкладваць грошы.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"