А веснічкі — не адчыніліся…

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

Любая магчымасць паехаць на Палессе і бліжэй пазнаёміцца з гэтым адметным рэгіёнам выклікае ў мяне сапраўднае захапленне: менавіта там, у глыбінцы, захаваліся ўнікальныя народныя традыцыі, промыслы і рамёствы, сакавітая паляшуцкая гаворка...

/i/content/pi/cult/505/10866/4-33.jpgА таму, калі днямі знаёмыя папрасілі падвезці іх на машыне ў Драгічын, з радасцю пагадзіўся. Улічваючы, што ў запасе было некалькі дзён, грунтоўна падрыхтаваўся да візіту, азнаёміўшыся з інфармацыяй пра славутасці раёна ў Сеціве. Дзякуючы апошняму вызначыў, што, нягледзячы на кола ў лішніх пяцьдзясят кіламетраў, абавязкова наведаю Бездзеж з ягоным славутым Музеем фартушкоў — адным з топавых аб’ектаў Драгічыншчыны, а то і ўсяго Заходняга Палесся.

Едучы суботнім днём 15 лістапада па драгічынскай зямлі ў бок Бездзежа не мог не захапляцца прыдарожнымі крыжамі, драўлянымі велічнымі праваслаўнымі храмамі, якія, як пазней пераканаўся, захоўваюць унікальныя скарбы палескага іканапісу. Быў упэўнены, што здзівіць мяне і музей “Бездзежскі фартушок”. З гэтымі думкамі ўехаў у аграгарадок і, не знайшоўшы адразу музей, наўпрост скіраваўся да мясцовай установы культуры. Як аказалася, іх у Бездзежы тры: Сельскі дом культуры, Дзіцячая школа мастацтваў і бібліятэка. Усе яны размяшчаюцца пад адным дахам. Дзе-дзе, а ўжо там я спадзяваўся знайсці падказку. Спадзяванні не спраўдзіліся: усе дзверы былі наглуха зачынены. Толькі на сцяне, побач з бібліятэчнай шыльдай, вісеў графік працы, які паведамляў: у суботу ўстанова не працуе. Як працуюць СДК ды ДШМ і ці працуюць яны ўвогуле (па будаўнічым рыштунку побач можна меркаваць, што памяшканні рамантуюцца), так і засталося загадкай.

У які раз дапамаглі знайсці музей мясцовыя жыхары: спадарыня на веласіпедзе з радасцю падказала патрэбную дарогу. Падрыхтаваўшы дзесяць тысяч для ўваходнага білета ў музей ды сотню на сувеніры, падышоў да музейнай агароджы і, як было напісана ў інструкцыі на браме, націснуў на кнопку, каб паклікаць супрацоўнікаў установы. Аднак ні праз пяць хвілін, ні праз дзесяць ніхто не выйшаў сустракаць турыста. Ужо было падумаў, што сёння ў музеі выхадны, але інфармацыйны стэнд побач з брамай сведчыў пра адваротнае: музей працуе ўвогуле без выхадных. А мо абед? Я якраз прыехаў а палове на другую. Вырашыў зрабіць сабе таксама перакус на паўгадзіны — балазе ўзяў з сабой у дарогу трохі прысмакаў. Аднак і а чатырнаццатай гадзіне веснічкі не адкрыліся. Перачытаўшы інфармацыю на стэндзе, патэлефанаваў па ўказаным там тэлефоне. Аднак і тут мяне чакала расчараванне. Паблукаўшы трохі ўздоўж агароджы і палюбаваўшыся на драўляныя скульптуры, я скіраваўся назад у Драгічын…

Можна доўга разважаць аб працоўных абавязках, што мы з Яўгенам Рагіным ужо неаднаразова рабілі ў нашых аўтападарожных нататках, але факт застаецца фактам: турыст змарнаваў час ды грошы на паліва, а музей недаатрымаў прыбытак. Мо яго якраз хапіла б, каб зрабіць беларускамоўную версію выдатнага ўласнага сайта. Калі ж казаць без іроніі, то пасля гэтай паездкі пачаў прытрымлівацца думкі: калі рэжым працы сельскіх устаноў кшталту дамоў культуры, клубаў, бібліятэк мусіць адлюстроўваць запатрабаванні мясцовага насельніцтва і, адпаведна, ім жа і курыравацца, то музеі, асабліва такія, што прэтэндуюць на брэндавасць, павінны мець нейкі абавязак перад патэнцыйным турыстам, аператыўна паведамляючы пра змены працы — як на сайце, так і старым надзейным спосабам, прымацаваўшы тлумачальную запіску да дзвярэй установы.

І ўсё ж ад паездкі на Палессе я не застаўся расчараваны, бо пераканаўся: там жыве багата цікавых, творчых людзей, якія стараюцца ўзбагаціць духоўнае жыццё мясцовай супольнасці. Хочацца спадзявацца, што зачыненыя дзверы ўстаноў культуры — толькі супадзенне ды выпадковасць…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"