"Люфт" і конкурс

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

А што наконт атмасферы Нацыянальнага кінаконкурсу?
Правядзенне Нацыянальнага конкурсу ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” дазволіла як убачыць праблемныя зоны нашага кіно, так і выявіць недахопы фестывальнага руху. Як выглядае беларускі кінематограф у параўнанні з кінематаграфіямі краін постсацыялістычнага блока? Як часта здымаюць айчынныя кінематаграфісты? Як пазіцыянуецца, уласна, сам Нацыянальны конкурс у параўнанні з іншымі праграмамі на “Лістападзе”? Гэтыя пытанні горача абмяркоўваліся ўдзельнікамі ды гасцямі фестывалю пад час “круглых сталоў”, у кулуарах кінафоруму і спараджалі новыя: што можна зрабіць, каб палепшыць сітуацыю ў дачыненні да нашага кіно?..

/i/content/pi/cult/505/10864/DSC_0043.JPG

“К” зрабіла падборку меркаванняў, запісаных на розных фестывальных імпрэзах, якія пазначаюць асноўныя праблемныя моманты сёлетняга Нацыянальнага конкурсу, а таксама акрэсліваюць сітуацыю ў нашай кінематаграфіі, зыходзячы з прадстаўленага і ўбачанага на “Лістападзе”.

Колькі слоў ад “К”

Нацыянальны конкурс, з’яўленне якога справакавала столькі спадзеваў ды размоў, — ініцыятыва, што, несумненна, чакалі. У мінулым нумары “К” падзялілася сваімі ўражаннямі ад яго творчага складніка, але хацелася б у “агульнай справе” папулярызацыі беларускага кіно звярнуць увагу і на некаторыя арганізацыйныя моманты конкурсу.

На жаль, асноўны недахоп у прэзентацыі айчыннага кіно палягаў у “заціснутым” раскладзе. Нагадаю, што конкурс ладзіўся ў сталічным кінатэатры “Перамога”. Стужкі змянялі адна адну, як, у прынцыпе, і на асноўнай пляцоўцы кінафестывалю — “Цэнтральным”, з той толькі розніцай, што ў “рэзідэнтаў” апошняга быў час абмеркаваць прагледжанае кіно з яго стваральнікамі. Папросту таму, што гэты час — на гутарку гледачоў з аўтарамі карціны — прадугледжваўся. У раскладзе ж Нацыянальнага конкурсу “люфт на зносіны” быў зусім невялікі — з адчуваннем моцнага “наступу” наступнага сеанса, прытым што амаль кожную карціну прадстаўляў рэжысёр ці творчая група, якія акурат адмыслова для гэтага прыехалі на фестываль. У выніку, тое, чым славіцца “Лістапад” — магчымасцю абмеркаваць з аўтарамі іх кінатвор, чаму спрыяюць зносіны з творчай групай, — займела рысы свайго кшталту латарэі: вось у тым фільме атрымалася, а што да наступнай стужкі-канкурсанта... “Выбачайце, паважаныя гледачы, але надышоў час наступнага сеанса”.

У сувязі з гэтым узнікае і яшчэ адна патрэба — у прафесійным вядучым, мадэратары, які здолеў бы, адпаведна абставінам, што склаліся, прадставіць карціну і звярнуць увагу гледачоў на яе вартасці, слабыя моманты, задаць ключавыя пытанні аўтарам… На жаль, такога спецыяліста, якімі могуць пахваліцца іншыя конкурсы, Нацыянальны не меў. І гэта паўплывала на агульную карціну. У выніку, пачын, які ўскалыхнуў чаканні айчынных кінематаграфістаў, выглядаў, мякка кажучы, куртата. Конкурс нібыта з’явіўся, стужкі прайшлі экспертны адбор, ёсць пляцоўка і міжнароднае журы, а атмасферы — няма…

Андрэй КУРЭЙЧЫК, драматург, сцэнарыст:

— Конкурс паказаў, як мала карцін у нас створана за апошні год, як мала ў нас рэальнай канкурэнцыі, што з’яўляецца наступствам першай высновы. У Беларусі ў апошнія часы здымаецца выключна мала, ведаем хіба пра буйны і вядомы ў прэсе ды грамадстве праект “Мы, браты”. А многія прыватныя кінапраекты ажыццяўляюцца за кошт тых жа энтузіястаў. Напрыклад, “Hard Reboot” Андрэя Кудзіненкі…

Андрэй КУДЗІНЕНКА, рэжысёр, удзельнік конкурснай праграмы:

— Я заўважыў на Нацыянальным конкурсе многіх маладых аўтараў, чые фільмы сёлета прынялі ўдзел і ў праграме варшаўскага Фестывалю беларускага кіно “Bulba-movie”. Тыя ж “Вартаўнік” Віктара Красоўскага, “Баба, Ваня і каза” Дар’і Юркевіч… Дарэчы, калі “Bulba-movie” толькі пачынаўся (сёлета ён ладзіўся ў чацвёрты раз), галоўны прыз не прысуджаўся, бо даваць не было каму. Але паступова сталі з’яўляцца маладыя рэжысёры, якія пачалі рабіць штосьці перспектыўнае ў кіно…

У цэлым жа, Нацыянальны конкурс мне падаўся гэткім… конкурсам для хобітаў, калі карыстацца тэрміналогіяй толкіеністаў. Здаецца, ён ладзіцца літаральна праз 500 метраў ад цэнтральнай пляцоўкі “Лістапада”, але атмасфера — цалкам іншая. У “Цэнтральным” у кіназале сядзіць літаральна палова Масквы, міжнародная супольнасць. У “Перамозе”, за рэдкім выключэннем, на сеансы ходзяць у асноўным знаёмыя рэжысёраў. Атрымліваецца гэткі міжсабойчык. Што сказаць? Магчыма, тое першая спроба, але пакуль гэта, хутчэй, конкурс для праформы…

Ала БАБКОВА,  кінакрытык, сябра экспертнай камісіі па адборы фільмаў на Нацыянальны конкурс:

— Лічу, наш кінематограф сёння на тым этапе, які расійскае кіно мінула прыкладна дваццаць гадоў таму. У 1996-м дзяржаўнаму кіно і кінабізнесу Расіі былі прапанаваны льготы на пяць гадоў, якія далі імпульс для развіцця ўсяго кінасектара, і прыватнік паступова пачаў укладаць у айчынны кіна-, тэлепрадукт. Спачатку ў Расіі з’явіліся свае серыялы, што неўзабаве замянілі лацінаамерыканскую прадукцыю, а пазней — і свае блокбастары, жанравыя, аўтарскія фільмы.

У нас гэты працэс толькі распачынаецца — развіццё прыватнай кінавытворчасці. Але, на жаль, падобных падатковых ільгот для інвестараў, спонсараў беларускае заканадаўства пакуль не прадугледжвае. Патрэбны не толькі конкурс Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, які дае магчымасць выстаўляць свае праекты ўсім удзельнікам кінапрацэсу (у тым ліку, прыватным кампаніям), але і агульны дзяржаўны рэжым спрыяння. Тым не менш, недзяржаўнае кіно ўсё ж паступова пачынае пра сябе заяўляць. І Нацыянальны конкурс, пры ўсіх яго недапрацоўках, — добрая нагода пазнаёміцца з незалежным кінематографам ды пабачыць тое, што ў нас здымаецца самымі рознымі студыямі, кампаніямі, асобнымі рэжысёрамі. Так, на Нацыянальным конкурсе прадстаўлены работы не самага высокага гатунку, але мы ўбачылі тое, што сёння маем…

Гэта яшчэ не культурны феномен, але для развіцця кіно, для перспектывы важна, таму што ў нашым кінематографе не хапае кадраў у рэжысуры і сцэнарнай справе, а незалежнае кіно патэнцыйна можа іх пастаўляць...

Уладзімір БОКУН, прадзюсар, рэжысёр:

— Вельмі засмучае адсутнасць прамоўшна фільмаў Нацыянальнага конкурсу. Праграма была цікавая (асабліва гэта датычыцца дакументальнага конкурсу), але ніхто не рыхтуе гледача. Я на пяць балаў ацэньваю працу аргкамітэта па падрыхтоўцы конкурснай праграмы, але інфармацыйнае суправаджэнне — тры з мінусам…

Аруцюн ХАЧАТРАН, рэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар, заснавальнік і дырэктар Ерэванскага міжнароднага фестывалю “Залаты абрыкос”, старшыня журы Нацыянальнага конкурсу “Лістапада”:

— На “Залатым абрыкосе” падобны конкурс мае назву “Армянская панарама”. Яго асаблівасць у тым, што ён дае магчымасць прадставіць фільмы, якія армяне здымаюць не толькі на радзіме, а і ва ўсім свеце. Але яго ўсё ж нельга назваць нацыянальным. Тое ж самае магу сказаць і пра вашу ініцыятыву: гэта не зусім нацыянальны конкурс.

Шкада, што ў вас здымаецца так мала стужак: я так зразумеў, штогод вы ствараеце дзве-тры ігравыя карціны, тры-чатыры анімацыйныя і дваццаць дакументальных… Але трэба разумець, што менавіта з колькасці фільмаў з’яўляецца і іх якасць. У нас таксама мала ствараецца кіно, але мы ўсё сябе супакойваем: былі вайна, землятрус, таму так мала, а потым усё будзе добра… Але мне дзіўна, што ў вас такая невялікая колькасць стужак. Бо кінематограф — гэта ж адзін з самых важных сродкаў прэзентацыі нацыянальнай палітыкі. Ваш “Лістапад” — цудоўны фестываль, але фінансаванне нацыянальнага кіно пакідае жадаць лепшага…

Сяргей КАЦЬЕР, журналіст, прадзюсар:

— Сёння жорсткія ўмовы кінарынку зусім не спрыяюць з’яўленню беларускага кіно ў кінапракаце. Доўгатэрміновыя дамовы з дыстрыб’ютарамі фільмаў буйных кінакампаній не даюць айчыннаму кіно магчымасці ўціснуцца ў жорсткі расклад “сусветных” прэм’ер.

Кіно, як я заўважыў, сёння сыходзіць у гандлёвыя цэнтры, становячыся часткай “інтэртэймэнту”, забавы, сыходзіць і ў Інтэрнэт. Што да тэлебачання, дык і тут сітуацыя складваецца не лепшая. Да прыкладу, канал “Беларусь 3” за гэты год паказаў усе дакументальныя стужкі, створаныя на “Беларусьфільме”. Даходзіць да таго, што сёлетні юбілей беларускага кіно — яго 90-годдзе — адзначыць няма чым.

Пры гэтым я ведаю многіх творчых таленавітых кінематаграфістаў (і гэта паказаў Нацыянальны конкурс), якія працуюць за мяжой ды робяць сваё кіно. Мне падаецца, што Міністэрства культуры павінна адсочваць, дзе працуюць гэтыя спецыялісты, і прапаноўваць ім працу. На маю думку, яно павінна больш лабіраваць беларускія карціны.

Тая ж айчынная дакументалістыка… Усе ведаюць пра яе ўзровень, але чамусьці ў нас няма адмысловага кінатэатра дакументальнага кіно, кіназалы, дзе можна было б паказаць яго навінкі і класіку. Паўтаруся, мне падаецца, што Міністэрства мусіць калекцыянаваць таленты ды прасоўваць нацыянальнае...

Ігар ГУСЬКОЎ, кінакрытык, праграмны дырэктар Міжнароднага фэсту маладога еўрапейскага кіно “Voices”, сябра Міжнароднага журы кінапрэсы:

— Нацыянальны конкурс — гэта вартая падтрымкі ва ўсіх сэнсах ініцыятыва, бо яна прыцягвае ўвагу аўдыторыі да беларускага кіно. І тут вельмі істотная “вокладка” міжнароднага кінафестывалю, якая дае магчымасць пазнаёміць міжнародную супольнасць з нацыянальным кінапрадуктам. Чаму ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага кінаконкурсу прайшло асобна? Трэба прадставіць усёй краіне, міжнароднай супольнасці сваіх рэжысёраў, нават калі яны паказалі не вельмі моцныя работы. Трэба ганарыцца тым, што ёсць, і належыць прасоўваць сваё, нацыянальнае, у прастору былога СССР, сусветную прастору. Мяркую, што гэтаму пачынанню не стае і асаблівага дня сустрэчы, якія існуюць на кіеўскім, талінскім ды іншых кінафестывалях, калі ажыццяўляецца спроба кантактаў прадзюсараў, рэжысёраў, студэнтаў з замежнымі кінематаграфістамі. Паўтаруся, трэба прасоўваць сваіх аўтараў у сусветную кінапрастору!..

Ігар СУКМАНАЎ, кінааналітык, праграмны дырэктар “Лістапада”:

— Сёлета Нацыянальны конкурс, згодзен са многімі, атрымаўся конкурсам “на перыферыі”. Рэаліі такія: фестываль — расце, але штат яго каманды не павялічваецца, таму шмат у чым Нацыянальны конкурс згубіў, нягледзячы на тое, што яго праграма склалася. Няма пэўнага чалавека, які займаўся б толькі ім і за яго адказваў. Але ўсе заўвагі арганізацыйнага кшталту будзем улічваць — і выпраўляць налета.

Мяркую, што пэўнай трансфармацыі фармату не пазбегнуць. Мне хацелася б, каб тут быў прадстаўлены не толькі аўтарскі, але і прадзюсарскі кінематограф. Патрабуе ўдакладнення і назва конкурсу.

Што да прасоўвання работ беларускіх кінематаграфістаў, хацелася б і тут звярнуцца з просьбай да нашых рэжысёраў таксама не сядзець склаўшы рукі: паклапаціцца пра субцітры на англійскай мове для карцін, адаптаваць сваю прадукцыю пад падтрэбы міжнароднай аўдыторыі… Бо, сапраўды, назіраецца цікавасць з боку міжнароднай супольнасці. Той жа госць Арманд Асантэ звярнуўся да нас з просьбай паказаць яму беларускае кіно, а прадставіць яму амаль не было чаго — з той прычыны, што карціны не маюць адпаведнага фармату…

Ірына ДРЫГА, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь:

— Брэсцкі кінафестываль і Нацыянальны конкурс у рамках “Лістапада” — розныя складнікі. Фільмы-ўдзельнікі Брэсцкага кінафестывалю, які будзе ладзіцца раз на тры гады, ацэньваюцца нашай акадэмічнай супольнасцю. Не трэба скардзіцца на перыядычнасць правядзення форуму: тэрмін — магчымасць стварыць і адабраць карціны фестывальнага ўзроўню. Што да Нацыянальнага конкурсу — тут для нас важная ацэнка беларускага кіно ад міжнародных экспертаў. Несумненна, уручэнне ўзнагарод пераможцам конкурсу у рамках галоўнай цырымоніі закрыцця — прапанова слушная. Мы зацікаўлены ў развіцці кінаіндустрыі, незалежна ад форм уласнасці, і конкурс Міністэрства культуры мусіць падштурхоўваць да таго, каб развіваўся розны кінематограф. Акрамя таго, адным з прыярытэтаў палітыкі ў бліжэйшыя гады стане выдзяленне сродкаў на стварэнне аўтарскага кіно ў сумеснай вытворчасці для ўдзелу ў міжнародных кінафестывалях.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"