Пра фокус, “дзвіж” і “борт”

№ 47 (1173) 22.11.2014 - 26.11.2014 г

А давайце крыху пагаворым па шчырасці. Мне так падаецца, што і вас калі-нікалі наведвалі падобныя думкі, якія апанавалі і дагэтуль не адпускаюць па выніках ХХІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. Дык вось: чаму нашы артысты, рэжысёры, кінадзеячы (у залежнасці ад імпрэзы — падстаўце адпаведныя прафесіі) апынаюцца на сваім жа фестывалі вельмі часта па-за фокусам увагі? А многія — наогул “за бортам” падзеі?..

/i/content/pi/cult/505/10862/2-1.jpgАх, як чакалі прадстаўнікі СМІ прыезду расійскіх зорак, каб шчоўкнуць пару кадраў! А пакуль па лесвіцы кінатэатра “Масква”, дзе адкрываўся сталічны кінафорум, узнімаліся беларускія кіношнікі, фатографы і тэлеаператары, падобна на тое, збольшага займаліся наладкай сваіх камер. Затое які “дзвіж” пачаўся з прыбыццём Святланы Святлічнай у элегантнай шляпцы! Пасля былі Аляксей Пятрэнка, Станіслаў Гаварухін, а таксама група серыяльнага кшталту знакамітасцей з краіны-суседкі, на якіх таксама палявала прэса. А вось Расціслаў Янкоўскі, Генадзь Гарбук, Віктар Манаеў, Мікалай Кірычэнка, Уладзімір Мішчанчук, Павел Харланчук ды многія іншыя без вартай медыйнай увагі ўзняліся па прыступках. Чаму? Схіляюся да таго, што іх проста не пазналі. Бо іх, па вялікім рахунку, асабліва не піяраць у тэлеку (нават на нашых каналах), дзе ёсць расійскія селебрыці дня ўчарашняга і крыху сённяшняга. Што ўжо казаць пра ўвагу СМІ да рэжысёраў ды прадстаўнікоў іншых кінацэхаў не з нагоды пэўнай даты ці падзеі, а наогул…

Наступным днём у сацыяльнай сетцы вычытаў… шкадаванне (я змягчыў, вядома ж) аднаго з найбольш запатрабаваных у нашым і расійскім кіно беларускіх артыстаў пра тое, што запрашэння на фэст ён не дачакаўся і сёлета. І пайшла ў шматлікіх каментарыях да запісу пераклічка ягоных калег, што таксама апынуліся за згаданым вышэй “бортам” мінскага кінафоруму. Так, фільмаў з іх удзелам сёлета не было прадстаўлена ні ў адной з праграм “Лістапада”, але ж акцёры здымаюцца няспынна: у стужках лепшых ці горшых, нашых і расійскіх, карацей, працэс ідзе. І на той сімвалічны запрашальнік гэтыя акцёры маюць права.

Невялікае адступленне. Трапіўся днямі мне на вочы рэйтынг з адзінаццаці сучасных беларускіх артыстаў, якія рэалізавалі сябе ў кіно. Вядома, у катэгорыю “Кіно” ў невядомага інтэрнэт-аўтара траплялі і серыялы. І, відаць, слушна. Бо названыя ім акцёры сапраўды найчасцей мільгацяць з тэлеэкранаў — часцей у невялікіх ролях, а то і ў эпізодах. Тым не менш, яны ствараюць сваёй задзейнічанасцю ў кінапрацэсе хаця б ілюзорныя адзнакі прылічанасці фільма ці персаналіі да Беларусі, да беларускага кіно, яго школы.

Цяпер пра ўвагу гледачоў. Не буду ідэалізаваць, спрабуючы пераканаць у тым, што айчынныя прэм’еры спяшаюцца паглядзець у кінатэатрах. (Доказам — нядаўні рэліз айчыннага прадукту, пра попыт на які ў сталіцы можна было меркаваць па схемах занятых і незанятых месцаў у зале на сайце білетных аператараў.) Але ж анансаваны як першы ў сваім родзе Нацыянальны конкурс у рамках “Лістапада” даваў спадзяванне на тое, што ён не акажацца згубленым у віхуры фестывальных падзей. Хаця б па інерцыі ад іншых, патэнцыйна больш запатрабаваных праглядаў, дастанецца і гэтаму конкурсу каліва рухальнай сілы. Ды неяк не задалося.

Былі паспяховыя па ліку наведвальнікаў прагляды, але аншлагу, бадай, і не атрымалася ніводнага. Бо не было рэкламы ад імя фестывалю. Хіба што кінематаграфісты парупіліся стварыць “івэнт” у сацыяльнай сетцы. Ну а на ролю апафеоза відавочна прэтэндуе цырымонія падвядзення вынікаў Нацыянальнага конкурсу. пару дзясяткаў гледачоў у зале, за выняткам некалькіх адсутных у кадры кінематаграфістаў, — усе, хто прыйшоў на фінал таго спаборніцтва, што мусіла б стаць цэнтральным, прынамсі, для беларускага кіно. Адмінусуйце нешматлікіх журналістаў і ўлічыце, што амаль усе з асоб у зале выйшлі на сцэну атрымліваць прызы або дыпломы...

Дык вось, пра фокус і “борт”. Сёлетні “Лістапад” дэклараваў пераарыентацыю ўвагі з прывозу знакамітасцей на карысць уласна кіно. Дык чаму ж нават ва ўмовах наўмыснага адыходу ад “чырвонадарожачнай” канцэпцыі беларускія творцы не пазіцыянаваліся як зоркі на беларускім жа фэсце? Чаму Нацыянальны конкурс апынуўся нібыта па-за інфармацыйнай плынню “Лістапада-2014”? Чаму мы чарговы раз не прарэкламавалі сваё: любым спосабам, але ж — сваё? Чаму зноў — па-за фокусам і за “бортам”? Пытанні — да ўсіх, хто датычны гэтай ды аналагічных сітуацый. Нярэдкіх, на жаль.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах