Напалеонавы факты

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Малы ды ўдалы: што можа раённы музей?
Сярод задум дырэктара Музейнага комплексу Напалеона Орды на Іванаўшчыне Дзмітрыя КОЗАКА — арганізаваць у музеі земляка пастаянную экспазіцыю, прысвечаную яго жыццёваму і творчаму шляху. Акрамя выставак, на базе музея будуць праводзіцца разнастайныя мерапрыемствы: ад фестываляў, пленэраў і семінараў да рэгістрацыі шлюбаў. Пра дзейнасць комплексу, яго новае дыханне, развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў дэталях ды бюджэтны план мы і распытваем кіраўніка ўстановы культуры.

/i/content/pi/cult/504/10859/12-1.jpg

Так праходзяць імпрэзы Карціннай галерэі Напалеона Орды. / Фота Юрыя ІВАНОВА

— Нас радуе той факт, што імя Напалеона Орды вернута з нябыту, што для экспанавання яго работ ствараюцца ўстановы, што гучыць сёння ягоная музыка, і ўсё гэта станоўча ўплывае на імідж Беларусі ў сферы турызму…

— Хто сярэднестатыстычны наведвальнік Музейнага комплексу Напалеона Орды?

— У карціннай галерэі штогод — больш за сем тысяч наведвальнікаў, і іх колькасць павялічваецца. Калі браць працэнтныя суадносіны, то 60% нашай аўдыторыі — гэта дзеці. Нашымі гасцямі былі турысты з Украіны, Польшчы, Расіі, Францыі, Англіі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Ірландыі, Малдовы, Фінляндыі і Аргенціны. А кола інтарэсаў наведвальнікаў — ад простага азнаямлення да дэтальнага вывучэння спадчыны Орды для навуковых прац.

— Ці лічыце вы месцазнаходжанне музея — вёску Варацэвічы — выгадным для тых, хто жадае наведаць установу?

— Калі мы стваралі музейны комплекс і вызначалі месца яго “прапіскі”, дык імкнуліся адпавядаць гістарычнай праўдзе і будавацца ў тых мясцінах, дзе Орда нарадзіўся. Для іншагародніх “геаграфія” вялікага значэння не адыграе, а самой установе, канешне ж, было б куды больш проста павялічыць колькасць наведвальнікаў пры размяшчэнні ў раённым цэнтры.

— Ці хапае сіл, рэзерваў, фінансаў для крокаў па пашырэнні прысутнасці ўстановы ў мясцовай прасторы?

— Апроч цікавага экскурсійнага абслугоўвання, папулярызацыі спрыяе сайт музея, кантакты са СМІ. Адміністрацыя комплексу пры падтрымцы аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі вывучае варыянты вытворчасці ды рэалізацыі сувеніраў, закупкі экспанатаў, арганізацыі экспедыцый у Польшчу, Францыю, ва Украіну, бо бюджэтнага фінансавання на такія мэты ўсё ж недастаткова.

— Цікава, а якія падзеі адбываюцца ў музеі, апроч пастаянных экспазіцый?

— Не бракуе шматлікіх выставак — у тым ліку і з фондаў іншых музеяў на плошчах галерэі. Традыцыйным стала правядзенне выставак і па-за ўстановай. Асветніцкую і выхаваўчую работу музей праводзіць у Іванаве — у школах ды ўстановах культуры раёна. Гэта і музычныя вечарыны, і музейна-педагагічныя заняткі, і конкурсы дзіцячага малюнка. Нават святы “Калейдаскоп палескіх талентаў” і “Мой гонар — мае землякі” не абыходзіцца без нашага музея, як і ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў ды немаўлят, фотасесіі.

— Напалеон Орда — асоба не толькі нацыянальнага маштабу, хутчэй, нават еўрапейскага. Ці задзейнічаны вы ў нейкіх сумесных з Еўропай праектах?

— Іванаўскі райвыканкам у 2013-м атрымаў міжнародную тэхнічную дапамогу на стварэнне Музея Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы. А будаўніцтва такой установы на малой радзіме вядомага мастака, музыканта і кампазітара XIX стагоддзя з’яўляецца, уласна, асноўнай мэтай беларускай часткі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Трансгранічныя цэнтры дыялога культур у Лосіцэ і Варацэвічах”, які рэалізуецца ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”: з нашага боку прымае ўдзел Іванаўскі райвыканкам, з польскага — горад і гміна Лосіцэ, з украінскага — Рада горада Пшэмышляны на Львоўшчыне.

Праграмай прадугледжана стварэнне дзвюх новых устаноў культуры: Музея Орды ў Беларусі і Музея польска-беларуска-ўкраінскай культуры ў Польшчы. Цікава, што калі ў Лосіцэ трансгранічны цэнтр дыялога культур плануецца стварыць з нуля, дык у Варацэвічах яго асновай стане раённы Музейны комплекс Напалеона Орды. Праграмай прадугледжана таксама рэканструкцыя будынка былой Варацэвіцкай сярэдняй школы, перабудова памяшканняў ды іх пераабсталяванне для патрэб музея ў будучыні. Агульны аб’ём фінансавання складае без малога 1,5 мільёна еўра. Бюджэт беларускай часткі — 347,7 тысяч еўра, з якіх 309,5 — сродкі Еўрасаюза, астатняе — уласныя сродкі Іванаўскага выканкама. Паводле планаў праект мае ажыццявіцца цягам 19 месяцаў з моманту яго рэгістрацыі. Такім чынам, завяршэнне работ і ўрачыстае адкрыццё новай установы культуры з прыцягненнем польскіх ды ўкраінскіх партнёраў запланавана на чэрвень 2015 года.

Сёлета ў рамках гэтай праграмы плануем асвоіць 182 981 еўра сродкаў ЕС і 30 000 еўра з бюджэту Іванаўшчыны. У лістападзе музей будзе ўведзены ў строй. А пасля завяршэння будаўніча-мантажных работ на аб’екце закупяць аргтэхніку на 
8 700 еўра, мэблю на 23 700 еўра, бытавую тэхніку на 7 700 еўра, мяккі інвентар на 3 900 еўра. На гэтыя мэты прызначаны грошы Еўрасаюза. Пакрысе рушыць праца з дызайнерска-афарміцельскімі работамі справа па стварэнні экспазіцыі…

Музейны комплекс Напалеона Орды, відавочна, — на парозе новага этапа ў сваёй гісторыі: нарэшце завяршаюцца будаўнічыя работы, а наперадзе — вялікая творчая праца па ператварэнні ў дзеючую музейную ўстанову. Новае жыццё атрымае і карцінная галерэя. А яшчэ, пра што неаднойчы пісала “К”, рэстаўруецца родавае гняздо Орды ва ўрочышчы Чырвоны Двор — вялікі будаўнічы праект і прынцыпова новая музейная ўстанова. Узняць такія аб’екты і давесці іх да ўзроўню запатрабаванага турысцкага і музейнага прадукту сіламі раённага бюджэту было б практычна немагчыма. Але міжнароднай талакой справа рушыць куды больш шпарка. Так што чакаем новых вестак з музейнага комплексу!..

 

Гістарычная даведка

— У 1971-м у раённай газете “Чырвоная зорка” за 18 верасня з’явілася нататка дырэктара Варацэвіцкай сярэдняй школы спадара Сыраежкі — “Напалеон Орда — мастак і збіральнік”, — кажа Дзмітрый Козак. — Тое сталася кропкай адліку ў працы па вяртанні забытага імені. Тады ж урыўкавая інфармацыя пра Орду ды яго творчасць пад кіраўніцтвам раённай бібліятэкі пачала сістэматызавацца ў агульную карціну. Прыкладна ў той жа час узнікла ідэя аб стварэнні музея.

Сёння на Іванаўшчыне — тры знакі ў памяць творцы, а ў 1997-м быў адкрыты адзіны ў Еўропе помнік Орду — да 190-годдзя з дня яго нараджэння. У 2006-м распрацаваны будаўнічы праект першай чаргі Музейнага комплексу — карціннай галерэі. Такім чынам, восем гадоў таму гэтая ўстанова прыняла першых наведвальнікаў, хаця афіцыйнае адкрыццё адбылося яшчэ праз пэўны час.

Музейшчыкі вывучаюць ягонае імя сярод культур іншых народаў. Добрым “плацдармам” для гэтага паслужыла работа па падрыхтоўцы да юбілейных урачыстасцей у гонар 200-годдзя з дня нараджэння земляка. Пры падтрымцы іванаўцаў і доктара філалогіі Адама Мальдзіса ў ліпені 2005-га ў рэспубліцы быў створаны аргкамітэт па святкаванні юбілею ды распрацаваны маштабны план мерапрыемстваў. А ў ліпені 2013-га на базе галерэі працавала тэлебачанне з украінскага Луцка, па матэрыялах якога быў зняты дакументальны фільм...

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст