Пра лічбу “0” і зваротную сувязь

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Жаданне выказацца па тэме ў дачыненні да вынесенай у назву рубрыкі тактыкі культурнага развіцця ўзнікала неаднойчы. Прычым хацелася зірнуць на сітуацыю праз прызму культуры абласцей і раёнаў: ці існуе яна, тая зваротная сувязь, у культурнай сферы? Ці адчуваюць пульс запытаў асобны работнік культуры, пэўная ўстанова і прадстаўнікі кіраўнічых інстанцый?

/i/content/pi/cult/504/10858/2-1.jpgПерабраўшы па памяці допісы з чытацкай пошты, я адразу прыгадаў апытанні, што праводзяць бібліятэкі. Не паўсюль, не заўжды рэгулярна, але практыка існуе. Бываюць і выхады раённых ды гарадскіх кніжніц на вуліцы, правядзенне акцый па прыцягненні (і, несумненна, вывучэнні) свайго чытача. Ну, і, бадай, адзінай сацыяльнай сеткай для пакінутых у выніку аптымізацыі без устаноў культуры вёсак застаецца сетка абслугоўвання бібліобуса.

А што да такіх даследаванняў у дамах рамёстваў? Усё ж, пры ўсёй павазе да працы майстроў, маецца па кожным кірунку рамесніцтва нейкая адчувальная плынь работ (відавочна: не наша тэндэнцыя) з розных матэрыялаў, што балансуе па вонкавых прыкметах на мяжы нейкага “кічу”. Карыстаецца попытам у расійскіх турыстаў, скажаце ў якасці аргумента? Ну дык давайце хаця б нейкі парытэт утрымліваць на карысць якаснага прадукту. Урэшце, вы ж ім ганарыцеся самі, ці не так?

Іншая праява — шэрагі сувеніраў, што, на маю думку, не цікавыя патэнцыйнаму пакупніку (скажам, турысту), але штампуюцца з надзвычайным імпэтам, бо — танна і хутка. Я да сёння прыгадваю, як адзін з вясковых музейчыкаў тамтэйшы РДР забяспечыў для наступнай рэалізацыі ладным пакункам пано дыяметрам сантыметраў пятнаццаць з ільняной ніткі, сціплым плеценым абадком і — увага! — неахайна прымацаванай клеем выявай мясцовага, каларытнай архітэктуры, храма, надрукаванай на каляровым прынтары ў ЦБС… Вынікі гэтай капрадукцыі не прымусілі сябе чакаць: рэдкія турысты за месяц не набылі ніводнага такога “вырабу”, а на сувенірнай палічцы з’явіліся банальныя магніцікі…

У гэтым выпадку зваротная сувязь спрацавала запозна. А па сутнасці, пагадзіцеся, з яе пачынаецца маркетынг, паспяховыя продажы, пашырэнне кола навучэнцаў ці гасцей ва ўстановах культуры. Але жывём мы ў час, калі і на зваротную сувязь “кліента” трэба раскатурхаць. Вось задумаў адзін з аблвыканкамаў у сакавіку мінулага года (на ўзроўні тагачаснага ўпраўлення культуры) правесці абмеркаванне працы дамоў культуры, цэнтраў культуры і вольнага часу, дамоў рамёстваў і народных промыслаў, бібліятэк, музеяў і тэатральна-відовішчных устаноў. Папрасіў праз сайт аблвыканкама — праз галоўную старонку ў адным з самых заўважных блокаў — выказацца карыстальнікаў Сеціва аб узроўні правядзення масавых культурных мерапрыемстваў, святаў беларускага календара, канцэртаў, дыскатэк, гурткоў, бібліятэк і публічных цэнтраў прававой інфармацыі, назваць пажаданыя дадатковыя паслугі ва ўстановах сферы, абмеркаваць навацыі ў працы. Напрыканцы абяцалася усе заўвагі ды прапановы ўлічыць, павысіць якасць паслуг і мерапрыемстваў. Усё цудоўна, але прайшло паўтара года, а на галоўнай старонцы сайта аблвыканкама вісіць лічба “0” як пазнака колькасці агучаных меркаванняў…

Такая актыўнасць карыстальнікаў на сайце выканкама зразумелая: не для таго рэсурс прызначаны, каб рабіць з яго форум. Але не настолькі ж. Давайце ўявім сабе такую прапанову на адным з цэнтральных парталаў краіны ці хаця б той самай вобласці. Адкаменцілі б ды ўзялі на народны “кантроль” так, што паспрабуй не ўлічы канструктыўныя прапановы! Пакуль жа абмеркаванне муляе вока сваім “нулікам” і нагадвае пра “птушачкі”, дзеля якіх шмат чаго ў нас робіцца. У тым ліку, відаць, і наладжваецца зваротная сувязь…

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах