Аўдыя & Відэа-8

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Кастрычніцкія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць спявак Зміцер Вайцюшкевіч (A.) і спецыяльны карэспандэнт “К” Алег Клімаў (B.).

/i/content/pi/cult/504/10857/8-5.jpg

Аўдыя

Гурт “Сярэбранае вяселле”, максі-сінгл "Ag”

А.: Калі гурт ці чалавек табе падабаюцца, то і рэцэнзія будзе лагоднейшай. Адзіны гурт на беларускай сцэне, які мяне некалі “расплюшчыў”, здівіў, узрушыў, — менавіта “Сярэбранае вяселле”. Мне заўсёды было важна і цікава, які густ мае чалавек, што стаіць на сцэне, якія ідэі агучвае, што, урэшце, хоча сказаць, над чым пасмяяцца ды паплакаць адначасова. І смех, і слёзы ліюцца ў новым сінгле “СВ” — толькі больш дарослыя, стрыманыя (альбо нястрыманыя) у сваёй дарослай філасофіі.

Кожны артыст імкнецца да змен, і гэты натуральны працэс не абмінуў Беньку з кампаніяй. Палітры заўсёды будзе не хапаць, інакш сумневы згрызуць. Важна смела ісці ў выяўленні сваіх памкненняў. Бенька — тэатрал, не стаіць на месцы, таму я і кажу, што ў матэрыяле бачу і смех, і слёзы. Хаця, як мне падалося, што слёз усё ж такі больш, і няхай — жорсткіх ды драйвовых. Час пакажа, наколькі ўдалым быў выбар такога гучання. Для мяне як для крытыка мала тыдня, каб нешта глабальна ўбачыць, тым больш, што гэта толькі першыя тры “зонгі” — разведка боем.

Па аранжыроўках — смачна, густоўна. Па тэкстах — “…В лужах кипит карбид” — зачапіла. Мне асабіста больш падабаецца “Ag” — фірменнае гучанне “СВ”, сфарміраванае гадамі. Апошняе, самае складанае і самае цікавае, — жывая версія гэтай, спадзяюся, бліскучай праграмы.

В.: Цягне, вядома, працытаваць Аляксандра Вярцінскага: “Я не ведаю, навошта і каму гэта патрэбна”, — але заканчваецца першы трэк — увесь у мінімалізме і прымітыўных гуках сінтэзатара, і каманду нясе ўжо ў іншую плоскасць — ледзь не ў гатычны грузны саўнд, таямнічы ды змрочны. На трэцяй рэчы слухача чакаюць ска-элементы і балканскі ўплыў. Значыць, усё так і трэба — натуральна, у першую чаргу, для саміх удзельнікаў гурта. Значыць, на гэтым этапе сваёй творчасці яны так інструментальна мысляць — палярна, разнастайна. Але ці здолеюць сабраць цэлы альбом з кідання з адной крайнасці ў іншую і ці ёсць такое ў планах наогул (мо аснову будучай пласцінкі складуць аранжыровачна блізкія творы?) — пабачым. Ды і як слухачы паставяцца да гэтага нечаканага кульбіту? А можна ж яшчэ не выключаць варыянт, што сінгл з’яўляецца эксперыментальным — у тым сэнсе, што калектыў такім чынам хоча вывучыць грамадскую думку аб сваім далейшым руху...

Гурт “The Toobes”, альбом “Road to the Big Time”

A.: Сам сябе лічыў і лічу дагэтуль маладым выканаўцам. Нядаўна адна прыхільніца з Гродна назвала мяне дзядзечкам, а я ж яе хацеў проста абняць і пацалаваць. Ну, дзядзечка дык дзядзечка. “The Toobes” па ўзросце для мяне асабіста былі яшчэ больш маладымі, такімі маднявымі, актуальнымі, з добрай англійскай мовай, смаркачамі. Аказваецца, ужо не смаркачы. Яны насамрэч сталыя, сфарміраваныя, рознабаковыя музыканты. Я вельмі хачу, каб “The Toobes” проста пашанцавала знайсці такога прадзюсара ці ўзняцца на такую прыступку ў кар’еры, пасля чаго іх прызнаюць і будуць імі ганарыцца ў Беларусі. Не ведаю толькі, ці патрэбна тое ім самім… Ну а пакуль тут — нефармат, ці чужыя (лаўрэаты, бла-бла-бла). А там — ну, класныя, ну, актуальныя, але ж сваіх актуальных-модных — тысячы. І як нарвацца на прадзюсара-шведа, як сказаць новае слова — вось у чым пытанне. Гэта не толькі “The Toobes” датычыцца, а і ўсіх, хто мае пазабеларускія амбіцыі. Нават у Маскве наш тавар не патрэбен… У абарону ж гурта скажу, што роўных ім тут нямашака і не прадбачыцца. І ўсё ж сённяшні стан беларускай музыкі — не самы горшы.

Пра альбом: харошы, спелы, але — не актуальны. Не здзіўляе, не “калбасіць”. Але не слухайце дзядзечку — рабіце сваю справу, і ўсё будзе добра! I спадзяюся на сюрпрыз — песню па-беларуску…

B.: Лідары айчыннага англамоўнага рэтра-харда, падобна, крыху змянілі курс і пачалі дрэйф у бок сучаснага “цяжаляка”, чые вытокі — на стыку 60 — 70-х мінулага стагоддзя, але — акультуранага цяперашнім саўндам, калі безумоўна акцэнтаваны рок-гурт гучыць крыху папсовенька. Амаль знікла знарочыстая нядбайнасць, якой “тубсы” адкрыта фарсілі, увесь гэты бруднаваты “гараж”; вуглы калі не згладжаны, то і не так каб зусім вострыя (трэк “Dancing Boogie”); юнацкі максімалізм, калі здавалася, што па заканчэнні песні інструменты абавязкова павінны быць разбіты “ў хлам”, зараз пад кантролем. І ўсё ж новую работу каманды я назваў бы не прагінам пад зменлівы свет (“Angel” і “Say Hello to My Baby” — як прывітанне з “лэдзэпелiнскага” мінулага), а — спробай пашырыць аўдыторыю. У тым ліку за кошт большага меладызму ды больш дасканалага вакальнага майстэрства Стаса Ламакіна. Вельмі добры альбом!..

Гурт “Раса летуценнікаў”, альбом “Прыгоды ў лялечным домiку”

A.: Хацелася б, каб менавіта Гродна спаборнічала з Мінскам за права звацца Культурнай сталіцай — не паводле нейкіх рашэнняў, а па-сапраўднаму. Ну, як Кракаў і Варшава, Санкт-Пецярбург і Масква, як Львоў і Кіеў... Трэба толькі паверыць у сваю важкасць, знайсці лідараў, не перашкаджаць іныцыятывам. Чым больш яны будуць смелымі і непрадказальнымі, тым лепш…

Інструментальны альбом — ужо рэдкасць для Беларусі, а тут — музыка з Гродна: меладычная, драматургічная, часам нават смелая, але — трошкі няўпэўненая. Сталічныя жыхары больш нахабныя за несталічных. Кажуць, што памяркоўнасць — гэта наша нацыянальная рыса, але толькі не для мастацтва. Акрамя працавітасці, таленту, патрэбен яшчэ і характар. Тым не менш, упэўнены, што ў Гродне знойдуцца слухачы для такой музыкі. Не варта слухаць заўсёды толькі актуальную музыку. А добрая вас знойдзе сама. Мяркую, гэтая работа — прэтэндэнт на лепшы інструментальны альбом года.

B.: Гродзенскi гурт выдаў альбом, які не з’яўляецца ў чыстым выглядзе як бы саўндтрэкам да фільма “Лялька” Эрнста Любіча 1919 (!) года, а нота за нотай ілюструе сюжэтныя лініі стужкі. Прычым запісана работа ў імправізацыйным ключы, і ні дарожка ў цэлым, ні асобныя кавалкі пазней не рэдагаваліся. Самі ж артысты вызначылі стылістыку дадзенага рэліза як “іранічны джаз”, што адпавядае і жанру карціны — камедыя. Ні вы, ні я, зразумелая справа, кіно гэтае не бачылі, а таму — толькі музыка, і нічога, акрамя яе. Сапраўды, ёсць ва ўсім гэтым сюжэтнасць, тое, што развіваецца за кампазіцыямі (або наперадзе іх), фонам гэта сапраўды не назавеш. Сыграна і пададзена ўсё прыгожа, эстэтычна, прадумана (памятаем жа, што лепшая імправізацыя — тая, якая добра падрыхтавана). Я б яшчэ раз гэтую работу паслухаў…

Відэа

Гурт “The UNB”, кліп на песню “Крот-фронт”

А.: Калі рок-н-рол памёр, дык панк жывы і жыць будзе. Не ведаю, ці мае дачыненне такое вызначэнне да гурта “The UNB”, але мне так падалося. Спачатку была песня “Крот-фронт”, крот і крот, прывык, здаўся, даслухаў да канца — нармальная песня. Не страляйце ў піяніста. Калі нехта ў нас зрабіў відэа, скажыце яму дзякуй. А відэа ў гурта атрымалася добрае: усё на месцы, як цэгла і цэмент. Усё ясна, ніякіх патаемных, прыхаваных сэнсаў. Лупі наўпрост і цябе зразумеюць!..

В.: Даўно вядомы ў вузкіх колах гурт выпусціў першы кліп... Цяжка апісаць тое, чаго не разумееш. Калі зыходзіць з тэксту песні, то тут гаворка ідзе аб шматвяковай вайне паміж кратамі і чалавецтвам, у якой, як ні круці, перамогу атрымліваюць першыя. З “малюначкам” усё значна складаней. Адзін з яго аўтараў Макс Сіры — вядомы і выдатны кліпмейкер. Ён насыціў відэашэраг такой незлічонай колькасцю персанажаў, такім бесперапынным рухам, сюжэтамі пабочнымі, эпізодамі паралельнымі, што ахапіць разам усю гэтую дзею проста немагчыма. Калі ў вас дастаткова цярпення і не шкада вольнага часу, паспрабуйце “разгадаць” ролік па-фрагментна. А так, спецыялісты і людзі ўражлівыя сцвярджаюць, што гэта адзін з лепшых беларускіх кліпаў за ўсю іх гісторыю.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"