Нацыянальны конкурс

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Глыбокі працэс... ці “ўсяго патроху”?
У кожнага конкурсу Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” — свая атмасфера і “начынне”. Напрыклад, “Маладосць на маршы” — энергія эксперыменту і пошукаў, творчае самавыяўленне ды крытыка рэалій. Асноўны конкурс ігравога кіно — тонкае выяўленне заган і змен у грамадстве. Асноўны конкурс дакументальнага кіно — назіранне не толькі за паўсядзённасцю, але і за рухамі чалавечай душы ў гэтай плыні жыцця… Што да Нацыянальнага конкурсу, старт якога адбыўся на сёлетнім форуме, то яго атмасферу і “начынне” вызначыць складана: з аднаго боку, нельга не павіншаваць беларускіх кінематаграфістаў са сваім конкурсам, з іншага ж — палітру форуму можна акрэсліць як “усяго патроху”.

/i/content/pi/cult/504/10856/8-3.jpg

Што маем?

Як адзначала “К”, праграма складалася з трох секцый: ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно. Пляцоўка — сталічны кінатэатр “Перамога” — прапаноўвала пазнаёміцца з “канкурсантамі” ў звычайным фестывальным рэжыме: фільмы прадстаўлялі аўтары, гледачы ж мелі магчымасць задаць ім пытанні, абмеркаваць стужкі. Прычым публіка за адзін конкурсны дзень (усяго іх было чатыры) магла паглядзець усе тры кірункі.

— Што і казаць, — прызналася кінакрытык Ала Бабкова, якая была ў складзе экспертнай камісіі, што выбірала стужкі ў конкурс, — спачатку ў нас былі вельмі высокія крытэрыі адбору. Мы не хацелі рабіць зніжак, але калі прагледзелі пяць ігравых карцін, якія былі зроблены ў незалежным сектары, і праекты, што выйгралі конкурс Міністэрства культуры, то яны падаліся нам слабымі. І мы прапанавалі “Я не вярнуся” Ільмара Раага ў асноўны конкурс, пэўныя стужкі прапусцілі ў нацконкурс, ёсць і тыя работы, якім адмовілі. На жаль, давялося ў нечым знізіць планку ды задаволіцца фокусам: давайце паглядзім, што мы маем…

У выніку конкурс ігравога кіно меў у наяўнасці шэсць стужак, тры з якіх — кароткаметражныя. Дакументальнае кіно выглядала найбольш прадстаўніча: дзесяць карцін. Анімацыя прадстаўлена сямю работамі.

Конкурс выявіў, як мала ў нас робіцца кіно. Больш уважлівае знаёмства ўсё ж парадавала прысутнасцю незалежных кінематаграфістаў, што пачынаюць ствараць заўважны прадукт, якому, прынамсі, уласцівыя не адно фармальныя выбрыкі і “вынаходніцтва веласіпеда”, а свежы подых ды часам незашораны погляд на кіно.

Такое рознае кіно

Стужку Андрэя Кудзіненкі “Hard Reboot” (“Глыбокая перазагрузка”), што была прадстаўлена ў Нацыянальным конкурсе, прызнацца, мне давялося бачыць раней. І да гэтай пары, па шчырасці, яна не забывалася. Як яе ўспрымаць? Што гэта за “фрукт”? Але ж кантэкст “Лістапада” і, у прыватнасці, вышэйназванага конкурсу засведчыў: ставіцца варта цалкам станоўча.

Акрэслены ў некаторых крыніцах як псіхадэлічны трылер, фільм Кудзіненкі — гэта брутальнае “mocumentary”, “псеўдадакументальнае кіно”, якое распавядае пра расійскі гурт “Noize MC” у момант яго творчага крызісу. Музыканты калектыву робяць невялікі перапынак у сваім насычаным гастрольным жыцці, каб адпачыць у лясной глушы і папрацаваць над новым альбомам. Але ў выніку неабавязковае падарожжа абарочваецца “перазагрузкай” з выхадам у іншыя сферы.

Урэшце, што такое тое “mocumentary”? Жанр ігравога кіно, якому, як пазначае тая ж “Вікіпедыя”, уласцівыя імітацыі дакументальнасці, фальсіфікацыі і містыфікацыі. Усе гэтыя элементы прысутнічаюць у “Hard Reboot” — з той толькі розніцай, што, па-першае, дакументальнасць не такая ўжо і сфальсіфікаваная: музыканты ў стужцы іграюць рэальных сябе і распавядаюць пра сапраўды наяўныя праблемы. Па-другое, містыфікацыя і псіхадэлія тут не проста імітуюцца: гэта ў фільме — неабходны далягляд, пры якім увогуле магчымае дзеянне карціны. Словам, нават тая псеўдадакументальнасць у дадзеным выпадку не зусім “псеўда-”, а ў стужцы ўсё знаходзіцца на памежжы жанраў. Ды нават проста “на мяжы”.

Рэжысёр, насамрэч, тут сам адпраўляецца ў гэткае падарожжа, якое немаведама куды прывядзе. Гэтым фільм Андрэя Кудзіненкі і прываблівае: у ім адчуваецца рэжысёрскае натхненне, калі рух у нязведаным кірунку больш істотны за пратаптаныя шляхі. Як патлумачыў сам рэжысёр, для яго на прыкладзе “Hard Reboot” з’яўлялася важным павярнуць кіно “назад у мінулае”, калі прывілеяй кінематографа было — нараджацца з “самой рэальнасці”, спантаннасці, але не прайграваць наноў вядомыя кінастандарты. У гэтым сэнсе стужка выглядае сапраўдным кінарэчывам, якое засвоіць не ўсім пад сілу.

І “антонімам” у дадзеным кантэксце раптам становіцца карціна “Белыя Росы. Вяртанне” — доўгачаканы сіквел вядомага кінахіта Ігара Дабралюбава, у якой, здавалася б, усё “па правілах”, зразумела ды прыгожа. Але, урэшце, нягледзячы на станоўчыя рысы стужкі Аляксандры Бутар, перавагі тут адзначна на баку эксперыментаў Кудзіненкі. Бо на фоне апошніх асабліва заўважна: “…Вяртанне” не тое што не рассякае нязведаныя кінаводы, але нават не выходзіць з “лагуны” маляўнічага серыяла.

Маладосць… у кароткім метры

Вось “кароткі метр” конкурсу пабалаваў новымі імёнамі. Калі больш дакладна — новымі работамі колішніх выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Віктар Красоўскі, які пасля заканчэння гэтай ВНУ шчыльна заняўся драматургіяй, зараз уклаў уласныя грошы ў стварэнне сваёй дэбютнай работы “Вартаўнік”. Нядаўна яна атрымала “Залатую бульбу” на варшаўскім Фестывалі беларускага кіно “Bulbamovie”. Стужка, па сутнасці, пры ўсёй бязлітаснасці да галоўнага персанажа, пакідае дзіўнае ўражанне ўзрушэння. Кіно Віктара цікавае тым, што яно гуляе з успрыняццем гледача, не даючы яму “саслізнуць” у вядомыя сітуатыўныя “пасткі”. Дарэчы, выдатную музыку да стужкі напісаў драматург і музыкант-электроншчык Павел Расолька. Цудоўны фінал з выкарыстаннем архіўных відэа- і фотаматэрыялаў — усё названае выводзіць карціну за рамкі сюжэтна-наратыўнай гісторыі.

Яшчэ адна выпускніца БДАМ — Дар’я Юркевіч таксама ўклала частку сваіх сродкаў у кінанавелу “Баба, Ваня і каза”. У Дар’і за плячыма навучанне ў французскай Міжнароднай школе-студыі “Le Fresnoy”, з дзясятак кінафільмаў (дакументальных і кароткаметражных), а ў прыярытэтах — менавіта беларускі глядач, для якога рэжысёр прагне здымаць. Акурат апошняя яе карціна, якая ў жанравым дачыненні спалучае ігравое і дакументальнае кіно, распавядае пра лёс беларускай вясковай жанчыны, маці, жыццё якой цепліцца вакол сына-п’янчугі. Гледзячы стужку маладога рэжысёра, адразу ўзгадваеш культавы ўжо фільм Галіны Адамовіч “Божа мой”. І сапраўды, Дар’я пацвярджае, што менавіта работы той самай Адамовіч ды Віктара Аслюка паўплывалі на яе светапогляд і прафесійны густ. У выніку, “пошук праўды” маладога кінематаграфіста знайшоў водгук не толькі ў гледача, але і журы: менавіта Юркевіч атрымала адзіны дыплом Нацыянальнага конкурсу ў катэгорыі “Ігравое кіно”.

Кіно з кантынента

Па шчырасці, секцыя ігравых карцін і выявіла праблемныя кропкі нашай кінематаграфіі: малафільм’е і некаторая пакінутасць рэжысёраў. Але цікава, што прысутнічалі ў ёй і работы беларусаў, якія жывуць і працуюць за мяжой. У прыватнасці, гэта кароткаметражка Кацярыны Нова “Абуджэнне” і “поўны метр” колішняга рэжысёра “Беларусьфільма” Яфіма Грыбава (ён з’ехаў на пачатку 1990-х у ЗША) “Смак Амерыкі”.

Што можна сказаць? Добра тое, што нашы суайчыннікі здымаюць. Аднак іхнія работы не прадэманстравалі моцнай рэжысуры, наватарскіх крокаў. Той жа фільм Яфіма Грыбава па матывах апавядання Людмілы Уліцкай “Вясёлае пахаванне” багаты на добрыя акцёрскія работы: галоўнага героя ў ім іграе расійскі акцёр Сямён Стругачоў, задзейнічана ў карціне і Кацярына Голубева (гэта яе апошняя акцёрская работа). Праўда, стужка неверагодна зацягнутая і незбалансаваная. “Тым не менш, — пракаментавала ўдзел “Смаку Амерыкі” ў конкурсе Ала Бабкова, — у карціне бачная рэжысёркая школа. І мы ўключылі яе з той мэтай, каб гледачы маглі даведацца, што робяць нашы кінематаграфісты і за мяжой”.

Было з чаго выбіраць

Нарэшце, секцыі дакументальнага кіно і анімацыі. Ім “пашчасціла”: у гэтых катэгорыях прынялі ўдзел работы ўжо вядомых дакументалістаў Віктара Аслюка, Юрыя Гарулёва, Кацярыны Махавай, Вольгі Дашук, Халімы Хасанавай, аніматараў Ігара Волчака, Ірыны Кадзюковай, Таццяны Кубліцкай, Марыны Карпавай… І, як кажуць, было з чаго выбіраць. Але і тут назіралася тэндэнцыя “ўласных намаганняў” па стварэнні кіно. Напрыклад, фільм рэжысёра Уладзіміра Луцкага “Хронікі Мінскага гета” распачынаўся як ініцыятыва “Майстэрні Уладзіміра Бокуна”, пасля ж стужка знайшла фінансавых партнёраў.

Малады кінематаграфіст Настасся Мірашнічэнка, якая стварыла карціну "Перакрыжаванне" пра ўнікальную асобу — мастака Валерыя Ляшкевіча, — увогуле, здзейсніла сапраўдны Учынак, адкрыўшы свету таленавітага творцу, што вымушаны жыць на вуліцы, і даўшы грамадству магчымасць змяніць лёс неардынарнага чалавека. І ў яе выпадку ўсё пачыналася таксама з уласных высілкаў ды ўкладанняў. Гэтая тэндэнцыя прысутнічае і ў анімацыі, калі маладыя аўтары, якія, здаецца, зарэкамендавалі сябе, робяць фільмы, “збіраючы з міру па нітцы”.

Апошняе наводзіць на розныя думкі. З аднаго боку, тое сведчыць пра некаторую інерцыйнасць або проста адсутнасць выразнай палітыкі падтрымкі ў галіне. З іншага — пра тое, што з’яўляецца ўжо цэлы клас маладых творцаў, здольных рабіць свой кінематограф без дзяржаўнай дапамогі. Унікаючы ў сучасныя ўмовы стварэння кіно, хутка яны будуць здольныя паспрачацца не толькі з айчыннымі калегамі, калі ўжо не робяць гэта цяпер. Магчыма, дадзены працэс і ёсць “глыбокая перазагрузка” беларускага кіно?

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ і кадры з фільмаў, прадастаўленыя фестывалем

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"