Дыханнем шкла…

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Тарас Паражняк: мастацтва жыць і ствараць
Тарас Мікалаевіч Паражняк нядаўна адзначыў сваё 90-годдзе. Сталічны ж Палац мастацтва да 23 лістапада стаў пляцоўкай для выстаўкі заслужанага дзеяча мастацтваў краіны. Мы, яго вучні і паслядоўнікі, шчаслівыя сваімі работамі таксама прымаць удзел у гэтай экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/504/10855/8-1.jpg

Наш маленькі курс — дэкаратыўнае мастацтва па кераміцы ды шкле — складаўся з пяці чалавек: Тамара Сакалова, Наташа Рачкоўская, Валодзя Паражняк, Саша Сурмач ды я, Таццяна Малышава. Гэта быў трэці набор шкляроў. Мы пасябравалі. А паколькі з намі вучыўся і старэйшы сын Тараса Мікалаевіча, ён часта запрашаў нас да сябе ў госці. Дом настаўніка быў вельмі ўтульны, са своеасаблівым украінскім інтэр’ерам, з сувенірнымі вазамі знакамітых народных майстроў па кераміцы ды шкле, кожная з якіх уяўляла музейную вартасць. Тарас Паражняк падрабязна распавядаў гісторыю кожнага такога твора і біяграфію яго аўтара. Душой жа сямейнага агменю была Тамара Ціханаўна — жонка і памочніца мастака. У гэтай сям’і нас заўсёды радасна сустракалі ды частавалі чым-небудзь смачным. Валодзя з маленства дапамагаў бацьку выконваць праекты ў шкле, пабываў на ўсіх заводах, пазнаёміўся ды павучыўся ў знакамітых майстроў і мастакоў. Яму ў такім асяродку быў прывіты так званы абсалютны слых на шкло: ён бліскуча здаў уступныя іспыты, лёгка навучаўся.

…На практыку другога курса ўся наша група разам з кіраўніком, Тарасам Мікалаевічам, і яго малодшым сынам Юрам паехала на шклозавод “Нёман”. Я і сёння ўспамінаю той месяц, нашы першыя ўрокі шкларобства. Ад хараства шкла, ад карціны дзіўнай зладжанасці рухаў майстроў-шкловыдзімальшчыкаў, якія нагадвалі адзіны працоўны арганізм, калі з рук у рукі перадавалі спачатку маленькі зіхоткі шарык, а потым — паступова аброслы масай шкла вялікі шар, адухоўлены ўздыхамі людзей, ад першых увасабленняў у матэрыяле творчых вопытаў мы былі шчаслівыя! І палюбілі прафесію, ганарыліся, што нас вучаць такому цудоўнаму рамяству. А яшчэ — прыгажосць лясоў, азёраў, прытокаў і затокаў Нёмана дапаўняла нашы ўражанні ад Бярозаўкі: ля ракі Тарас Мікалаевіч з сынамі лавіў рыбу, разводзіў вогнішча, Валодзя граў на гітары і спяваў модныя шлягеры з рэпертуару “Чырвоных гітар” і “Скальдаў”… Увесь час думалі і гаварылі мы пра шкло. З таго часу я марыла працаваць на заводзе “Нёман”.

Мая дыпломная работа — вітраж “Музыка” з адліванага шкла. Валодзя Паражняк узяў для дыплома складаную тэму — “Падарункавыя кубікі” — і выдатна абараніўся. Тарас Мікалаевіч аднолькава ўважліва ставіўся і да Валодзевага дыплома, і да майго. Спакойны і мудры кіраўнік, ён давяраў і паважаў у нас будучых мастакоў, не “глушыў” сваім аўтарытэтам творчых пошукаў ды тактоўна падводзіў да завяршэння тэмы. На ўсё жыццё захаваўшы ўдзячнасць Тарасу Мікалаевічу, я старалася ў далейшым гэтак жа дэмакратычна ставіцца да сваіх студэнтаў і дыпломнікаў, якія штовесну прыязджалі на шклозавод. (Пасля абароны мяне першую з мінскіх выпускнікоў запрасілі працаваць у эксперыментальна-мастацкі аддзел, і для мяне гэта быў вялікі гонар. У наступныя ж гады на завод прыйшлі выпускніцы БДТМІ Вольга Сазыкіна і Галіна Сідарэвіч, кожная з якіх прыўнесла сваё мастацкае бачанне свету, канцэпцыю творчасці.)

У далейшым бачылася з Тарасам Мікалаевічам, у асноўным, на мастацкіх саветах і рэспубліканскіх выстаўках у Мінску. Як звычайна, ён быў вельмі добразычлівы, аб’ектыўны і падтрымліваў перспектыўныя распрацоўкі ў шкле маладых мастакоў…

…У 2010 годзе на шклозаводзе “Нёман” праходзіў І Міжнародны сімпозіум гутнага шкла. У ім бралі ўдзел 23 мастакі з Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Венгрыі і Расіі. Удзельнікі сімпозіума — і маладыя, і сталыя мастакі, — як заўжды, былі зачараваны прыгажосцю ды магіяй шкла, што пры дапамозе майстроў ператвараюцца з творчай ідэі ў рэальнае матэрыяльнае мастацтва. Тарас Мікалаевіч выконваў свае праекты лёгка і таленавіта, на адным уздыху: гэта былі творы маладога мастака. Даводзіцца толькі захапляцца яго рознабаковымі інтарэсамі, кантактамі, чулым рэагаваннем на зменлівыя прыярытэты ў жыцці грамадства, актыўным удзелам у культурных праектах. Такога Настаўніка заўсёды ўзгадваеш з цёплым пачуццём і жадаеш яму творчых поспехаў і доўгіх гадоў жыцця! Усе нашы дасягненні, перамогі на выстаўках ды конкурсах, дыпломы, узнагароды і званні — ва ўсім прысутнічае сувязь з Педагогам, з ягонай жыццёвай энергіяй, з яго духоўным настаўніцтвам…

Таццяна МАЛЫШАВА, член Беларускага саюза мастакоў