Лялечны онлайн

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

У Сенненскім РДК прайшло III Абласное свята-конкурс аматарскіх лялечных тэатраў “Лялечны свет”, зладжанае галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Абласным метадцэнтрам народнай творчасці, аддзелам ІРКСМ Сенненскага райвыканкама.

Сенненская зямля пабачыла спектаклі 14 аматарскіх лялечных тэатраў вобласці, дэманстраваліся выстаўкі дзіцячых лялек і малюнкаў. Героі спектакляў “Дзюймовачка”, “Ямелева шчасце”, “Лялькі онлайн”, “Церамок на новы лад” ды іншых запрасілі дзяцей і падлеткаў стаць сведкамі казачных дзей. Цікавасць выклікала і батлейка.

Па выніках свята-конкурсу Гран-пры атрымаў народны тэатр лялек “Капялюш” Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры з Наваполацка. У намінацыі “Лялечны спектакль” І месца падзялілі народны лялечны тэатр “Вытворяшки” з Паставаў і ўзорны лялечны калектыў “Дзіковінка” з Глыбокага. У намінацыі “Традыцыйны беларускі тэатр батлейка” І месца заняў тэатр “Батлейка” з Браслава. А вось Прыз глядацкіх сімпатый застаўся ў гаспадароў — народнага лялечнага тэатра кнігі “Пятрушка”.

У рамках свята адбыўся Абласны конкурс гульнёвых праграм для дзяцей “Гульнёвая вясёлка”, у якім за званне лаўрэата спаборнічалі восем калектываў Віцебшчыны. Па выніках конкурсу перамогу падзялілі творчы калектыў працаўнікоў Браслаўскага РДК і народны гурт тэатралізаванай гульні “Залюстэрачча” з Наваполацка.

У рамках свята прайшла дабрачынная акцыя “Лялечны свет” — дзецям”, у якой узялі ўдзел усе творчыя калектывы, што завіталі на Сенненшчыну, пакінуўшы падарункі для дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, дзіцячага дома і Цэнтра карэкцыйнага развіцця.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ