Падарыць мінулае

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Сярод навуковай, культурна-асветніцкай, патрыятычнай дзейнасці Бабруйскага краязнаўчага музея асаблівая ўвага надаецца далучэнню дзяцей і моладзі да багатай спадчыны роднага краю. Цяперашняе пакаленне ўжо не ведае не толькі, як пралі ды ткалі нашы прапрабабулі, але і якімі чарнільнымі ручкамі ды чарнільніцамі карысталіся іх бабулі і дзядулі, мамы і таты. Таму супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага скрупулёзна збіраюць матэрыяльныя сведчанні мінулага.

Сярод рэчаў, якія карыстаюцца асаблівай любоўю і павагай, — прадметы этнаграфіі: прылады працы, адзенне, мэбля, посуд і кухоннае начынне, абрусы, посцілкі, ручнікі… Для папаўнення фондаў супрацоўнікі музея шмат гадоў ладзяць экспедыцыі па вёсках раёна: распрацавана праграма “Мінулае — лепшы падарунак сучаснаму”.

З кожным годам усё больш складана адшукаць тое, што яшчэ збераглося. А калі ўсё ж такі здараецца нешта набыць для музея, гэта заўсёды вялікая радасць. Прадметы можна цяпер убачыць у экспазіцыі або на выстаўках Бабруйскага краязнаўчага музея. Але па-за ўвагай наведвальнікаў і чытачоў газет застаюцца нематэрыяльныя набыткі такіх творчых экспедыцый. Гэта і мясцовыя асаблівасці вырабу розных гаспадарчых рэчаў, тканіны, ежы, і сямейныя ды каляндарныя абрады, нарэшце, гэта і самі людзі — светлыя і добрыя, шчодрыя і таленавітыя. Немагчыма расказаць пра ўсё ў газеце, але вось самыя яркія сведчанні кемлівасці, гумару, густу нашага народу.

Прыпеўкі ад Настассі Гайшун (вёска Пятровічы):

Спіце вы, дзеткі,

Пара вам спаць,

А мне пара ісці

Кросны ткаць

І вам халшчовыя

Кашулькі ўшываць.

Насіце вы, дзеткі,

Гэтыя кашулькі,

Каб не балелі

Ні спінка, ні грудкі.

Рэцэпт бульбяшнікаў з крапачом ад Алімпіяды Савельеўны (вёска Станы):

“Спачатку трэба адварыць бульбу ў мундзірах. З яшчэ цёплай зняць лупіну і пратаўчы ў вялікай драўлянай ступе хвілін сорак, а то і гадзіну. Потым масу раскочвалі і наразалі кружочкамі, наверх клалі крапач (начынне з варанага проса, капусты, тварагу). Вымяталі хваёвымі галінкамі печ. Бульбяшнікі клалі прама на чысты под печы. Яны румяніліся з двух бакоў. Потым смажылі сала, і, падаючы на стол бульбяшнікі, палівалі іх тлушчам з салам".

Вясельная быль ад Акіліны Рыбаковай і Зіновіі Калеснікавай (вёска Багушоўка):

“А было гэта яшчэ да вайны, у вёсцы Багушоўцы. Жылі там добры і заможны юнак Ігнат ды прыгожая працавітая дзяўчына Таццянка. Вельмі кахалі яны адно аднаго. Але Таццяна была сіратой. Бацькі Ігната прыгледзелі для яго іншую нявесту, таксама багатую, якую і вырашылі яму пасватаць. Ну вось што б вы зрабілі ў такім выпадку, каб і свайго дамагчыся, і бацькам не пярэчыць? Ігнат сказаў сваёй любай Таццянцы, каб яна не сумавала і не звяртала ўвагі на гэтае сватанне, бо ён усё роўна будзе толькі з ёю.

У прызначаны час дзядзька Ігната, які выступаў у якасці свата, і сам Ігнат прыйшлі, як належыць, да багатай нявесты ў сваты. Зразумела, тут жа і пачастунак на стол паставілі. Чыніцца бяседа, а Ігнат тым часам бярэ блінок, робіць у ім дзірачкі для вачэй і для рота, дый кладзе гэтую “маску” сабе на твар, а потым, гледзячы на дзяўчыну, кажа: “Ку-ку…”. Зразумела, што такога дурнога жаніха ніхто не захацеў, і паехалі Ігнат з дзядзькам дамоў ні з чым. Але бацькі хлопца не супакоіліся ды вырашылі сватаць нявесту ў іншай вёсцы, дзе пра дурную выхадку сына ніхто не ведае. Дзядзька ўсяляк навучае Ігната: “Ты ж толькі глядзі, не кажы дурніц, а скажы што небудзь прыгожае, круглае, як абруч”. Добра, ізноў сядзяць за сталом бацькі дзяўчыны, дзядзька, размаўляюць, а Ігнат раптам як ускрыкне: “Дзядзька, а памятаеш, як мы сена касілі на паплавах? Якую мы там бачылі велізарную карову! А якія ў яе вялікія цыцкі, ну нібы збаны!” Пасля таго пайшла па вёсках пра Ігната гаворка, што ён зусім дурны, і ўжо ніхто не хацеў за яго аддаваць сваіх дачок. Тады бацькам Ігната нічога не заставалася, як згадзіцца на шлюб сына з сіратой Таццянай, якая працавала настаўніцай. Дагэтуль жыхары вёсак Багушоўка і Барсукі памятаюць пра гэтую цудоўную пару, пра іх вялікае каханне, ад якога і іншым людзям рабілася святлей…”

Хочацца праз газету звярнуцца да чытачоў з прапановай зрабіць падарунак музею, які ёсць у іх мясцовасці. Напэўна, шмат у якіх хатах яшчэ ёсць старыя ручнікі, посцілкі, андаркі, якімі зараз ужо ніхто не карыстаецца. Для краязнаўчага музея ўсё гэта ўяўляе несумненную цікавасць. Нельга дазволіць бясследна знікнуць сведчанням мінулага. Для будучых пакаленняў неабходна захаваць нашу культурную спадчыну, у якой жыве душа народа.

Ларыса ЦІМАШЭНКА, навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея