На сцэне — сям’я

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Віктар і Алена Скорынавы з гарадскога пасёлка Шуміліна разам ужо больш за дваццаць гадоў. За гэты час паспелі не толькі пабудаваць дом, пасадзіць вішнёвы сад ды нарадзіць траіх дзяцей, але і стварыць сямейны ансамбль. Алена і Віктар — музыканты (ён грае на баяне, яна — на цымбалах) і настаўнікі музыкі ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў. За 23 гады працы ў гэтай установе яны падрыхтавалі не адзін дзясятак выпускнікоў.

/i/content/pi/cult/504/10852/10-5.jpg

Натуральна, што з таленавітых бацькоў прыклад узялі і дзеці. Васямнаццацігадовая Вольга скончыла ДШМ па класе цымбалаў, вучыцца ў Музычным каледжы імя Івана Салярцінскага ў Віцебску (дарэчы, менавіта тут калісьці і пазнаёміліся яе бацькі), чатырнаццацігадовы Васіль грае на бас-баяне, сямігадовая Маша ўжо другі год паспяхова авалодвае фартэпіяна, а ў ансамблі грае на ўдарных. Менавіта ў такім сямейным складзе Скорынавых можна ўбачыць на разнастайных мерапрыемствах.

Скорынавы лічаць, што таленавіты музыкант — гэта, у першую чаргу, вынік напружанай працы, што талент не заўсёды перадаецца ў спадчыну. І прыводзяць у прыклад Нікола Паганіні, якога бацька замыкаў у пакоі і прымушаў граць з раніцы і да позняга вечара. Канешне, Алена і Віктар у сваёй працы такой методыкі не прытрымліваюцца, але ведаюць: для таго, каб выгадаваць музыканта, патрэбна не толькі жаданне настаўніка, але і падтрымка ды кантроль з боку бацькоў.

— Я часта кажу сваім вучням, што яны могуць граць не горш за Паганіні, і нават лепш за яго, калі, канешне іх, будуць працаваць над сабой, — кажа Алена Ігараўна. — Зразумела, для кожнага дзіцяці патрэбен свой падыход, і мы імкнёмся іх знайсці. Кожны з нашых вучняў — як родны. Мы ж разам выступаем на сцэне, удзельнічаем у конкурсах. У Шуміліне нас ведаюць і імкнуцца прывесці сваіх дзяцей на заняткі...

Алена і Віктар знаходзяць час і на канцэрты. Нядаўна пасёлак наведаў міністр культуры краіны Барыс Святлоў. Скорынавых папрасілі выступіць. Усе былі ў захапленні ад майстэрства музыкантаў, а Дзіцячай школе мастацтваў падарылі 
цымбалы…

Алеся ДУБРОЎСКАЯ

Віцебск