Як утрымаць “вежу-ветразь”

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Пра розніцу паміж рэшткамі Навагрудскага замка і Калізеем
Свежыя фота закансерваванай Касцельнай вежы ў Навагрудку выклікалі ў многіх сапраўдную псіхічную траўму. Вобраз рамантычнай руіны з ірванымі абрысамі трывала зафіксаваўся ў, бадай, генетычнай памяці, але за лічаныя месяцы замак набыў іншае аблічча. Цікава, што гэты прэцэдэнт не спарадзіў дыскусій сярод прафесіяналаў: ці не ўсе яны ў адзін голас прамовілі: “Так і трэба!”. А вось паспалітыя інтэрнэт-юзеры практыкаваліся ў красамоўстве, імкнучыся засведчыць: у рэстаўрацыі ў нас разбіраюцца ўсе, апроч рэстаўратараў. Зрэшты, пытанні на гэты конт узніклі не раўнуючы ў кожнага... Мы вырашылі пачуць на іх адказы ад навуковага кіраўніка аб’екта Сяргея ДРУШЧЫЦА, у чыёй кампетэнцыі знаходзіцца прыняцце ўсіх прынцыповых рашэнняў.

/i/content/pi/cult/504/10850/2-5.jpg

Што было раней?

— Да нашага “ўмяшальніцтва” рэшткі Касцельнай вежы ўяўлялі з сябе гэткі “ветразь” пятнаццаціметровай вышыні, падуладны ўсім руйнавальным сілам і, у дадатак, спярэшчаны расколінамі. І ўвогуле немаведама, якім цудам ён яшчэ трымаўся! Камяні сыпаліся літаральна штодня... Калі мы распачыналі работы, стан вежы быў настолькі складаны, што нават будаўнікоў на гэты аб’ект нельга было дапускаць, паводле норм тэхнікі бяспекі…

Таму перад пачаткам аднаўленчых работ мы разам з супрацоўнікамі інстытута “Гроднаграмадзянпраект” распрацавалі часовую металічную канструкцыю па ўтрыманні вежы, зрабілі каля сотні свідравін, якія замацавалі глебу пад падмуркамі, усталявалі адмысловыя насцілы, што абаранялі ад камянёў згары…

А пакінуць “як ёсць”?

— Гэта толькі недасведчаны чалавек можа казаць: вось, маўляў, Калізей стаіць, ніхто яго не чапае, дый і сам ён не асыпаецца... Ведаеце, колькі сродкаў выдаткоўваецца штогод, каб падтрымліваць яго ў належным стане? Куды больш за тыя няпоўныя тры мільярды рублёў, якія на сёння асвоены ў Навагрудку. Гэта па-першае, а па-другое... Клімат у нас усё ж трохі іншы, чым у цёплай Італіі, і ў тутэйшых шыротах пакідаць руіну “як ёсць”, пад адкрытым небам, проста небяспечна для апошняй…

Што зроблена?

— Каб умацаваць руіны вежы, мы былі вымушаны зрабіць супрацьвагі кшталту кантрафорсаў і ўвязаць руіны металічнымі пасамі. Пры гэтым ад пачатку ставілі сабе за мэту захаваць усё, што магчыма. Гэта тычылася не толькі ацалелай аўтэнтычнай кладкі, але і рэштак умацавальных канструкцый 1924 года, бо тая першая кансервацыя — гэта ўжо таксама старонка гісторыі замка. Зробленыя тады сцены з палявых камянёў мы не краналі, толькі выканалі расшыўку, каб тыя валуны не вывальваліся. Адзін кантрафорс поўнасцю захаваны, другі, як выявілася, ужо страціў нясучыя здольнасці, бо ўнутры быў, лічы, парожні... Вонкава мы яго поўнасцю аднавілі, паклалі тыя самыя камяні на іх старыя месцы, але пры гэтым запоўнілі трывалай бетоннай сумессю.

Пасля аднаўлення руіна набыла пэўную геаметрыю. Магчыма, яна выглядае менш рамантычна, але іначай мы не змаглі б выканаць задачу: захаваць руіны для нашчадкаў. Зрэшты, вежа і сёння мае як бы “незавершаны” выгляд, і ў яе кладцы з абодвух бакоў праглядаецца старая муроўка. У вышыню мы не падымаліся, застаўшыся прыблізна на тым самым пятнаццаціметровым узроўні. Паясы знітавалі новую кладку са старой. Будзем спадзявацца, што ўстойліва.

Мы не таніравалі муры, бо, згодна з агульнапрынятай у рэстаўрацыі методыкай, новыя элементы павінны візуальна кантраставаць з аўтэнтычнымі. З часам, безумоўна, кантраст стане не такім кідкім, але ўсё адно застанецца. Таму ўважлівы глядач здолее “расчытаць” у мурах вежы розныя перыяды гісторыі замка: і XVI стагоддзе, і ХХ, і ХХІ.

Цэгла, якая выкарыстоўвалася, была зроблена ў Гарыні спецыяльна для аб’екта. Што да даху... Шчыра кажучы, я не меў намеру яго рабіць. У першапачатковым праекце мур быў накрыты цэглай, але ж для гэтага патрэбны клінкер — цэгла высокай трываласці. На жаль, на Беларусі тое, што нам было трэба, ніхто не вырабляе, а на пакупку за мяжой мы не атрымалі дазволу…

Ці мелі работы навуковую аснову?

— Пачатку рэстаўрацыйных работ папярэднічалі грунтоўныя даследаванні, дзякуючы якім мы цяпер ведаем гісторыю гэтага помніка ажно з XIII стагоддзя. У прыватнасці, быў выяўлены першапачатковы вал тады яшчэ драўлянага замка. Гэтымі днямі закладаюцца новыя шурфы. Мы капаем ужо на глыбіні звыш трох метраў, але да мацерыка так і не дайшлі. Там культурны пласт папраўдзе каласальны!

Пад час работ па кансервацыі Касцельнай вежы аднавілі аконныя праёмы. Гэта было магчыма праз тое, што захаваліся аўтэнтычныя маякі — пара-тройка “родных” цаглін, дзякуючы якім спецыялісты могуць вызначыць арыгінальны памер акна і перамычкі. Да таго ж, побач — Шчытоўка, дзе аконныя проймы захаваліся.

Ці зрабілі “як трэба”?

— Пытанне, якое не мае адназначнага адказу. Што значыць: “як трэба”? Калі аўтарам праекта з’яўляецеся вы, дык зробіце яго так, як вы лічыце патрэбным, калі я, дык — па-свойму. Гэта, вядома ж, зусім не азначае, што хтосьці з нас абавязкова памыляецца. Прынамсі, я ў сваім праекце ўпэўнены, дый спецыялісты, якія ўваходзяць у Навукова-метадычную раду, таксама яго падтрымалі.

Беларускіх рэстаўратараў часта папракаюць у неадпаведнасці міжнародным стандартам. Я досыць добра валодаю станам рэчаў галіны ў Польшчы, рэгулярна атрымліваю актуальную інфармацыю пра тыя рэстаўрацыйныя праекты, што робяцца ў свеце, і таму з усёй адказнасцю магу заявіць: мы рухаемся ў рэчышчы агульнапрынятых тэндэнцый. Балазе наша заканадаўства ў сферы аховы спадчыны адпавядае еўрапейскаму.

Перш чым прыступіць да працы мы вывучылі шматлікія замежныя аналагі: і ў Польшчы, і ў Германіі, і ў Прыбалтыцы... Гэта нас яшчэ больш запэўніла, што за мяжой падыход да кансервацыі аналагічных аб’ектаў — прыблізна такі ж. Для захавання рэштак абарончых збудаванняў у цэнтры Варшавы альбо руін замка ў Чэрску выкарыстаны падобныя метады, што і ў Навагрудку.

Што будзе далей?

Вядома, пра завяршэнне работ казаць пакуль і блізка не выпадае. Налета мы плануем раскрыць праслы муроў, якія прымыкаюць да вежаў і сёння засыпаны зямлёй (давядзецца іх трошкі “ўзняць” — прынамсі, для таго, каб дзятва не лазіла, бо гэта ж небяспечна). А далей маем прыступацца да Шчытоўкі...

Спадзяюся на тое, што фінансаванне аб’екта прадоўжыцца і налета — прынамсі, Гродзенскі аблвыканкам настроены на гэты конт рашуча. Да ўсяго, нам удалося “выхаваць” спецыялізаваную каманду будаўнікоў, якая прайшла школу Нясвіжа, а цяпер і Навагрудка. І калі ў іх узнікне прастой, брыгада разваліцца.

А яшчэ ў маіх планах — правядзенне “круглага стала” на тэму аднаўлення Навагрудскага замка, каб тыя, каму гэта цікава, маглі атрымаць вычарпальныя адказы на свае пытанні. А на розную ананімную крытыку я не звяртаю ўвагі, бо як начытаешся рознага глупства, дык сам сабе пачынаеш здавацца дурнем. Лепш не зласловіць, не крытыканстваваць, а ўзяць ды самому нешта зрабіць. Вось гэтымі днямі мы працягваем маштабныя раскопкі, каб падрыхтаваць праектную дакументацыю на наступны год. І я вымушаны адрываць ад працы высокакваліфікаваных рабочых, каб яны закладалі шурфы. Гэтая справа падуладная любым валанцёрам, але... усе яны, відаць, сядзяць у Інтэрнэце.