Новы закон для новых бібліятэк

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Алесь СУША, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці
9 лістапада бібліятэчнае жыццё краіны трапіла ў поле рэгулявання істотна змененага і дапоўненага Закону Рэспублікі Беларусь “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь”. Адпаведны дакумент быў падпісаны Кіраўніком дзяржавы 1 ліпеня. Што ж новага і важнага нам нясе дадзеная рэдакцыя?

/i/content/pi/cult/504/10848/2-2.jpgЗакон прадугледжвае даволі істотныя змены ў нарматыўна-прававую базу ў галіне бібліятэчнай справы. Прычым гэта датычыцца многіх найбольш істотных яго артыкулаў: ад змяненняў тэрміналогіі да замацавання новых форм і напрамкаў дзейнасці бібліятэк.

Ключавое словазлучэнне

Што і казаць, зменена нават азначэнне асноўнага паняцця Закону — паняцця “бібліятэка”. Па-першае, у ім канкрэтызавана асноўная мэта дзейнасці: “Бібліятэкі <…> ажыццяўляюць збор і забяспечваюць захаванасць дакументаў у мэтах задавальнення інфармацыйных патрэб карыстальнікаў”. Папярэдняе азначэнне ў рэдакцыі ад 10 ліпеня 2012 года прадугледжвала больш шырокае акрэсленне межаў дзейнасці, якое ахоплівала забеспячэнне не толькі інфармацыйных, але і культурных, навуковых ды іншых патрэб карыстальнікаў. Такое азначэнне выглядала занадта шырокім і падыходзіла для розных арганізацый, у тым ліку архіваў, музеяў, сродкаў масавай інфармацыі, навуковых і культурна-забаўляльных арганізацый. Бясспрэчна, што менавіта абслугоўванне інфармрэсурсамі з’яўляецца ключавым і вызначальным у дзейнасці бібліятэк, у той час як задавальненне культурных, навуковых, а асабліва бязмежных “і іншых” патрэб з’яўляецца ў дзейнасці бібліятэк другасным.

Па-другое, у азначэнні паняцця “бібліятэка” было адмыслова падкрэслена, што бібліятэкай мае права лічыцца не толькі асобная ўстанова, але і “падраздзяленне юрыдычнай асобы, у тым ліку адасобленае”. Гэтыя словы з’яўляюцца ключавымі для магчымасці і надалей называць бібліятэкамі шматлікія гарадскія і сельскія філіялы раённых і гарадскіх бібліятэчных сістэм, якія дзейнічаюць у якасці адасобленых філіялаў цэнтральнай бібліятэкі.

Каб не было блытаніны

Больш дакладна Законам вызначаны ўмовы, неабходныя для адкрыцця бібліятэк, у тым ліку наяўнасць дакументаў бібліятэчнага фонду ў колькасці не менш за 2 000 экзэмпляраў і магчымасць заснавальніка бібліятэкі забяспечыць бібліятэку будынкам або ізаляваным памяшканнем, якія адпавядаюць умовам абслугоўвання карыстальнікаў ды захаванасці фондаў, а таксама абсталяваннем, тэхнічнымі, фінансавымі і іншымі сродкамі, неабходнымі для арганізацыі і ажыццяўлення дзейнасці бібліятэкі.

У новай рэдакцыі Закону вызначаны адзіны крытэрый для ключавога падзелу бібліятэк на публічныя і спецыяльныя. У якасці такога крытэрыя цяпер выступае задавальненне ўніверсальных або спецыяльных (звязаных з прафесійнай, адукацыйнай, навуковай або іншай спецыяльнай дзейнасцю) інфармацыйных патрэб карыстальнікаў. Каб не было блытаніны, іншыя крытэрыі пры адпаведным падзеле ў разлік не прымаюцца. Так, наяўнасць абмежаванняў у магчымасці карыстання фондамі бібліятэкі (напрыклад, у бібліятэках турмаў) або арыентацыя на асобныя групы грамадства (напрыклад, бібліятэкі для інвалідаў па зроку) не з’яўляюцца перашкодамі для таго, каб гэтыя бібліятэкі лічыліся публічнымі, — безумоўна, пры ўмове, што іх дзейнасць арыентавана на задавальненне шырокіх (універсальных) інфармацыйных патрэб, у сувязі з чым імі фарміруецца ўніверсальны па характары бібліятэчны фонд.

Метадычнае кіраванне

Адным з дасягненняў Закону з’яўляецца спрашчэнне і ўпарадкаванне сістэмы кіравання бібліятэчнай справай краіны шляхам рэгулявання сукупнай сеткі ўстаноў рэспублікі і больш дакладнага вызначэння каардынацыйных і метадцэнтраў для розных сетак бібліятэк.

Адной з найскладаных праблем кіравання бібліятэчнай справай Беларусі з’яўляецца падзел бібліятэк паміж фактычна ўсімі дзяржаўнымі ведамствамі. Тое ўскладняе метадкіраванне бібліятэчнай дзейнасцю, каардынацыю дзеянняў, статыстычны ўлік, развіццё карпаратыўнага ўзаемадзеяння пры набыцці ды стварэнні інфармацыйных рэсурсаў... Таму важнымі з’яўляюцца змяненні ў Законе, звязаныя са стварэннем ды функцыянаваннем сукупнай сеткі бібліятэк рэспублікі.

У якасці рэспубліканскага каардынацыйнага і метадычнага цэнтра сукупнай сеткі бібліятэк краіны па-ранейшаму фігуруе Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Яна ж захавала статус рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра ў галіне бібліятэчнай справы. На ўзроўні Закону, што стала дасягненнем, былі вызначаны каардынацыйныя і метадычныя цэнтры для кожнай сеткі спецыяльных бібліятэк на рэспубліканскім узроўні: Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь, Фундаментальная бібліятэка БДУ, Навукова-педагагічная бібліятэка Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С.Лупіновіча НАН Беларусі, Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка, Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка. Міністэрства культуры ўпаўнаважана прызначаць каардынацыйныя і метадычныя цэнтры для пэўных відаў спецбібліятэк з вышэйпералічаных. Так з’явіцца магчымасць праводзіць маніторынг і каардынацыю бібліятэк розных сетак, атрымліваць звесткі пра іх стан, паўнацэнна ажыццяўляць кіраванне імі.

Канкрэтызацыя паўнамоцтваў

Яшчэ адно важнае дасягненне Закону — стварэнне пры Міністэрстве культуры на грамадскіх пачатках Рэспубліканскага бібліятэчнага савета, у задачы якога ўваходзіць распрацоўка рэкамендацый па пытаннях у галіне бібліятэчнай справы, удасканаленне дзейнасці і ўзаемадзеяння бібліятэк, а таксама аказанне апошнім метадычнай дапамогі.

У сітуацыі ведамаснай размежаванасці патрэбнай выглядае канкрэтызацыя ў Законе паўнамоцтваў Міністэрства культуры Беларуси, якое ажыццяўляе “агульнае кіраванне бібліятэчнай справай”. Сярод іншага, за Мінкультуры замацаваны паўнамоцтвы па вызначэнні асноўных прынцыпаў уліку і захавання фондаў, ажыццяўлення ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў, арганізацыі і функцыянавання нацыянальнай сістэмы міжбібліятэчнага абанемента, дзейнасці Рэспубліканскага бібліятэчнага савета...

Закон прадугледжвае некаторае пашырэнне сферы дзейнасці і паўнамоцтвы бібліятэк. У прыватнасці, Законам замацоўваецца стварэнне ды функцыянаванне на базе дзяржаўных публічных бібліятэк публічных цэнтраў прававой інфармацыі і забеспячэнне магчымасці доступу да эталоннай прававой інфармацыі. Дзякуючы навацыям у Законе бібліятэкі здолеюць пашырыць сваю міжнародную дзейнасць, у тым ліку ў частцы страхавання каштоўных кніг пры арганізацыі міжнародных выставак.

Віртуальны асяродак

Прынцыповай і важнай навацыяй стала легалізацыя дзейнасці бібліятэк у віртуальным асяроддзі. Так, прадугледжваецца каардынацыя і кааперацыя па набыцці, стварэнні і ўзаемным выкарыстанні электроннымі інфармацыйнымі рэсурсамі, аказанні электронных паслуг. Замацаваныя Законам нормы легалізавалі дзейнасць бібліятэк у кірунку набыцця, стварэння і выкарыстання электронных інфармацыйных рэсурсаў, арганізацыі збору дакументаў у лічбавай форме, стварэння копій дакументаў у "лічбе". Пры гэтым прадугледжана захаванне патрабаванняў заканадаўства аб аўтарскім і сумежным правах.

Новыя нормы Закону ствараюць базу для больш эфектыўнага фарміравання электронных інфармацыйных рэсурсаў (у тым ліку вельмі чаканай і патрэбнай Нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі) ды ажыццяўлення так званых віртуальных паслуг. Сярод іншага, Закон легалізаваў электронную дастаўку дакументаў і нацыянальную сістэму міжбібліятэчнага абанемента.

Хопіць скардзіцца!

Новымі для айчыннага заканадаўства з’яўляюцца артыкулы Закону, якія рэгулююць пытанні захавання і выкарыстання кніжных помнікаў. Справа ў тым, што ўжо амаль агульнапрынятым стала распавядаць пра колішнія кніжныя багацці беларускай зямлі і адначасова скардзіцца на бязлітасныя гістарычныя абставіны, якія прывялі да знішчэння ці вывазу пераважнай большасці айчынных кніжных помнікаў. Часам здараюцца сітуацыі, калі даследчыкі выпраўляюцца ў замежныя паездкі, каб пабачыць той або іншы кніжны помнік, які, па іх перакананні, не мог захавацца ў Беларусі, і толькі пасля яны дазнаюцца, што памыляліся. Такая сітуацыя вынікае не толькі з-за недасведчанасці спецыялістаў, але таксама і з-за адсутнасці дастатковай інфармацыі пра тыя кніжныя багацці, якія ўсё ж такі захаваліся ў нашай краіне. Трэба прызнаць, што многія бібліятэкі да нядаўняга часу недастаткова займаліся пытаннямі захавання і папулярызацыі кніжнай спадчыны, якая захоўваецца ў іх зборах.

Тут важна прыгадаць, што яшчэ ў 2003 годзе Рэспубліка Беларусь разам з іншымі краінамі СНД прыняла Міждзяржаўны стандарт ГОСТ 7.87—2003 “Кніжныя помнікі”, які даволі дакладна вызначаў гэтае паняцце, прадугледжваў класіфікацыю і тыпалагізацыю кніжных помнікаў, акрэсліваў парадак іх апісання, уліку, захоўвання і выкарыстання. Аднак у нашай краіне гэты дакумент да нядаўняга часу фактычна не дзейнічаў, паколькі не было дастатковым нарматыўнае прававое забеспячэнне гэтага пытання. На вырашэнне дадзенай праблемы ў пэўнай меры і скіраваны новыя палажэнні Закону.

Па-першае, упершыню ў айчынным заканадаўстве было замацавана само паняцце “кніжныя помнікі”, пад якімі маюцца на ўвазе рукапісныя кнігі і выданні, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, або тыя, што з’яўляюцца рэдкімі ці каштоўнымі дакументамі ды маюць адметныя гістарычныя, навуковыя, мастацкія або іншыя вартасці.

Па-другое, Законам прадугледжваецца стварэнне Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, які ствараецца з мэтай сабраць звесткі пра кніжныя помнікі краіны. Што важна, у яго будуць уключацца кніжныя помнікі, якія належаць не толькі юрыдычным, але і фізічным асобам. Законам вызначаюцца таксама некаторыя абавязкі ўладальнікаў кніжных помнікаў. Для рэгулявання пытанняў вядзення Дзяржаўнага рэестра кніжных помнікаў у бліжэйшым часе павінна з’явіцца адпаведная Інструкцыя, зацверджаная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. У выніку мы маем спадзяванне ў бліжэйшыя гады атрымаць даволі поўныя звесткі пра зборы кніжных помнікаў у нашай краіне. Гэта будзе вельмі важным дасягненнем напярэдадні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў 2017-м.

На вялікі жаль, Закон зафіксаваў і некаторыя адмоўныя тэндэнцыі ў бібліятэчнай практыцы. Так, на падставе адсутнасці ў апошняй рэдакцыі Закону Рэспублікі Беларусь “Аб паштовай сувязі” пазіцыі аб праве бібліятэк на льготныя тарыфы на перасылку дакументаў для камплектавання бібліятэчных фондаў, гэтая норма была выключана і з Закону “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь”.

У цэлым жа можна ўпэўнена казаць, што абноўлены Закон утрымлівае прынцыповыя змяненні і дапаўненні, якія, бясспрэчна, будуць спрыяць павышэнню якасці бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання, арганізацыі карпаратыўнага фарміравання інфармацыйных рэсурсаў, захаванню і папулярызацыі нацыянальнай кніжнай спадчыны, а таксама стварэнню эфектыўнай сістэмы бібліятэк нашай краіны.

Фота Юрыя ІВАНОВА