Перазагрузка — “на свет цэлы”

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Сяргей БУДКІН, галоўны рэдактар партала “Tuzin.fm”
Калі мы распачыналі праект “Перазагрузка”, то не ўяўлялі, як далёка ўсё зойдзе.

/i/content/pi/cult/504/10846/5-2.jpgУ першай частцы (2009 год) была простая ідэя: надаць беларускі кантэкст творчасці арыгінальных каманд з Беларусі, якія не карыстаюцца роднай мовай. Дыскусія наконт таго, ці лічыць беларускім творцам паэта ці музыканта, які піша/спявае не на тытульнай мове нацыі, можа быць бясконцай. Таму наш адказ (партала "Tuzin.fm" і грамадскай кампаніі "Будзьма беларусамі!") у адносінах да музычнай сферы — можа, калі сам сябе пазіцыянуе як беларуса і мае прыклады ва ўласным рэпертуары. Гэта можа быць нават адна-адзіная песня.

Таму мы прапанавалі шэрагу нашых выканаўцаў (гуртам “Atlantica”, “Naka”, “Сярэбранае вяселле”, “The Stokes”, Сяргею Пуксту ды іншым) запісаць свае хіты па-беларуску. Каб не было цяжкасцей перакладу, паклікалі ў праект сапраўдных знаўцаў гэтай справы: Глеба Лабадзенку, Андрэя Хадановіча, Сяргея Балахонава, Уладзя Лянкевіча, Віталя Воранава, Алеся Камоцкага. І вынік пераўзышоў чаканні. Па-першае, шмат хто з удзельнікаў праекта адкрыў для сябе магчымасці роднай мовы. Некаторыя нават казалі: о, гэта гучыць нават больш крута, чым у арыгінале! І праўда: некаторыя песні з “Перазагрузкі-1” зажылі сваім жыццём. Яскравы прыклад: грае “Naka” на сваім канцэрце песню “Беги”, а публіка падхоплівае на прыпеве словы з “Бяжы”. Англамоўны гурт “Hair Peace Salon” потым запіша па-за праектам свой адзіны беларускамоўны твор, а яго лідар Алег Вяль праз час заснуе беларускамоўны праект “Bristeil”. “Tanin Jazz” вырашыць запісаць нават беларускамоўную праграму “Адліга”, дый у “Naka” пасля з’явіцца яшчэ не адна песня на роднай мове. Праўда, цудоўны “Новы мост” так і не прыжыўся ў рэпертуары “Сярэбранага вяселля”: гурт так і не наважыўся яе выканаць ужывую. Камічны выпадак выйшаў з песняй удзельніка дзіцячага “Еўрабачання” Юры Дземідовіча. Ён для праекта пераспяваў сваю песню, дзе замест “кролика”, што “рисует мелом нолик” намаганнямі Сяргея Балахонава паўстаў “трусік”, што "плюсік”. Але Юра не пераадолеў бар’ер: яго сябрукам падалося смешным слова “трусік”, таму ў выніку застаўся “кролік з нолікам”.

У другой частцы “Перазагрузкі” была яшчэ больш складаная задача. Мы звярнуліся да артыстаў з іншых краін, якіх нешта лучыць з нашай (нават проста сяброўскія пачуцці), з той жа самай прапановай: абраць адну са сваіх песень, аддаць прафесійнаму перакладчыку і потым пераспяваць яе на беларускі лад. На такі творчы эксперымент пагадзіўся Ілья Лагуценка з гурта “Мумий тролль”, дзед якога — з Магілёва, народжаныя ў Беларусі Аляксандр Рыбак з Нарвегіі і Алег “Джагер” Мінакоў з Бельгіі, вядомы нямецкі джазавы піяніст Ляон Гурвіч, Макс Лоранс, Алёна Свірыдава, якая пачынала тут кар’еру, гурты “Zdob si Zdub” з Малдовы, “Смысловые галлюцинации” з Расіі, “Воплі Відоплясова” з Украіны ды іншыя.

Ізноў нашы чаканні пераўзыдзены. Удзельнікі паставіліся вельмі адказна да гэтай прапановы. “Смысловые галлюцинации” нават некалькі разоў перараблялі песню. Екацярынбуржцы думалі спачатку, што будзе проста, бо ім здавалася, нібыта нашы мовы вельмі блізкія. Аднак давялося істотна працаваць над вымаўленнем. Вось Ілья Лагуценка так і не адужаў гэтую задачу: беларуская мова далася яму цяжка, што добра чуваць у версіі “Кантрабанд”. Затое песні ад Рыбака, Свірыдавай, Скрыпкі ды большасці іншых заззялі новымі фарбамі. Лідар “Воплей…” наогул пад час працы над “Краінай мрой” адкрыў, што ён на чвэрць беларус па паходжанні.

Зазначу, што беларускія версіі ўжо вядомых песень замежных артыстаў зажылі сваім жыццём. Рыбак часта аддае перавагу на выступленнях у Беларусі менавіта “Небасхілу Еўропы”, а не “Europe Skies”. Песня Алёны Свірыдавай “Пакуль” стала выконвацца іншымі артыстамі на конкурсах ды фестывалях: яе цудоўна праспявала, у прыватнасці, Сабрына Бабшукова, удзельніца тэлешоу “Я пяю”.

Задума ж трэцяй “Перазагрузкі” (пад назвай “Global Reload”) — яшчэ больш амбітная і цяжкая ў рэалізацыі, таму будзе расцягнута ў часе. Раз на некалькі месяцаў мы будзем прадстаўляць трэк замежнага артыста, зусім не звязанага з нашай краінай. Замежнікі будуць спяваць па-свойму — па-англійску, па-французску, па-ўкраінску, па-італьянску, па-шведску, па-нямецку… Але спяваць стануць на вершы беларускіх паэтаў у перакладзе на іх мовы. Так мы хочам увесці нашу паэзію ў іншы кантэкст. Першая прэм’ера ўжо адбылася: вакаліст славутай каманды “De Phazz”, амерыканец Карл Фрыерсан цудоўным чынам выканаў песню “I Will Go to Where I Came”, у арыгінале — “Пайду туды, адкуль прыйшоў” аўтарства Анатоля Сыса. На чарзе — французы.

Шчыра кажучы, не ведаю, што атрымаецца ў выніку, але распаўсюджваць беларускае слова “на свет цэлы” — вельмі займальны занятак. Ёсць спадзеў, што гэта ўзбагаціць нашу культуру і паспрыяе фарміраванню станоўчага іміджа нашай краіны. У тым ліку для саміх беларусаў, якія пакуль нярэдка саромеюцца свайго.