Месца “...Сустрэч” — нязменнае

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Ірына ПЫРКОВА, дырэктар Гомельскага абласнога драматычнага тэатра
28 лістапада ў нашым тэатры ўрачыста адкрыецца ХІІ Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Гэты форум праводзіцца раз на тры гады і мае доўгую гісторыю, стартаваўшы ў 1989-м. Але сёлета ён — асаблівы, ужо хаця б таму, што, па-першае, праводзіцца ў Год гасціннасці. Па-другое, прыпадае на 75-годдзе нашага тэатра. Нарэшце, быццам працягвае эстафету вельмі важнай тэатральнай падзеі рэспубліканскага маштабу — ІІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі, вынікі якой падводзяцца 30 лістапада.

/i/content/pi/cult/504/10845/5-1.jpgУсё гэта паўплывала і на сёлетні фармат фестывалю. Вянчаць форум, зразумела, будзе вечарына з нагоды юбілейных святкаванняў нашага тэатра (дадам, што мы праводзілі конкурс на лепшы сцэнарый гэтай урачыстасці, і выйграў яго Дзмітрый Марыніч). Упершыню ў “Славянскіх тэатральных сустрэчах” возьмуць удзел тэатры з Казахстана і Калінінграда. Першы прывязе монаспектакль, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння Міхаіла Лермантава, які прызначаны, найперш, для школьнікаў. Што да Калінінграда, дык мы гастралявалі там улетку. Цяперашнія ж гастролі тамтэйшага абласнога драматычнага тэатра будуць не толькі “ў адказ”, але і непасрэдна пяройдуць у фестываль: апошні іх спектакль — адначасова і першы фестывальны.

Але галоўная адметнасць сёлетніх “...Сустрэч” — адсутнасць уласна конкурсу паміж калектывамі ды іх пастаноўкамі. Кожны спектакль стане, такім чынам, своеасаблівым падарункам гасцей да юбілею. Але, хаця і не будзе афіцыйнага журы, паказаныя пастаноўкі атрымаюць прафесійную ацэнку крытыкаў з розных краін, якіх мы дзеля гэтага і паклікалі на фестываль. Гэта Андрэй Масквін з Польшчы, Ніна Мазур з Германіі і Анжаліна Ражкоу з Малдовы.

Такая змена фармату фестывалю не будзе апошняй — наадварот, яна шмат у чым вызначыць яго далейшае развіццё. Не буду раскрываць усіх сакрэтаў, але ўжо наступны форум, трынаццаты па ліку, будзе іншым. Жыццё не стаіць на месцы, і тэатр гэта адлюстроўвае: нельга заставацца ўбаку ад таго, што робіцца ў свеце, трэба пераймаць ды прыстасоўваць да сваіх умоў і нацыянальных традыцый усё лепшае, назапашанае сусветным досведам.

Звярну ўвагу на адну толькі дэталь — новыя тэхналогіі. Справа не толькі ў тым, што гэта значна паўплывала на тэатральныя магчымасці і, асабліва, сцэнаграфію многіх сучасных пастановак. Справа яшчэ і ў тым, наколькі гэта дапамагае ў той жа фестывальнай практыцы, гастрольнай дзейнасці. Вельмі многія пытанні цяпер можна вырашаць не проста па тэлефоне, а праз Інтэрнэт. Па тым жа скайпе будучыя госці могуць, што называецца, на свае вочы пазнаёміцца з асаблівасцямі сцэны, на якой давядзецца выступаць. Гаспадары таксама могуць ацаніць сцэнаграфію, рэквізіт тых спектакляў, якія будуць прывезены. І не толькі дзеля рэкламы! Некаторыя дэталі сцэнаграфіі можна замяніць тым, што ёсць у нас, і без усялякай страты для пастаноўкі. Сапраўды, навошта дарма цягнуць тое, што можна знайсці і ў нас? У выніку здараецца нават так, што гасцям даводзіцца везці толькі сцэнічныя строі, бо ўсё астатняе ім забяспечваем мы, са свайго арсеналу. Ці ж гэта не зручна? І, да ўсяго, вельмі скарачае грашовыя расходы…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"