Першы блін не камяком...

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Вадзім КАЧАН, фатограф, выкладчык курса фатаграфіі
Людзі з фотаапаратам дзеляцца на дзве групы: прафесіяналы і аматары. Асноўнае адрозненне — у падыходзе. Прафесіянал павінен дасканала валодаць рамяством, ведаць і ўмець выкарыстоўваць законы кампазіцыі, абавязаны выканаць сваю працу. Бо падзея (а гэта можа быць спаборніцтва, вяселле, сустрэча…) ніколі не паўторыцца. Фатограф мусіць усё прадугледзець. У тым ліку і тое, што любая, нават самая дарагая, камера можа зламацца ў любую хвіліну.

/i/content/pi/cult/504/10843/3-7.jpgА наступную гісторыю распавядаю вучням на першым занятку курса “Практычная лічбавая фатаграфія”. “Першы блін камяком”, “Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло” — прыходзяць на розум гэтыя прымаўкі, калі згадваю сваю першую здымку для газеты. Было гэта ў 1980-х. Захварэў фотакарэспандэнт газеты “Фізкультурнік Беларусі”, і рэдакцыя звярнулася ў фотаклуб “Вячэрні Мінск” пры аднайменнай газеце, членам якога я тады быў, з прапановай: можа, хтосьці зможа замяніць яго і паздымаць для газеты цягам двух-трох тыдняў, пакуль фотакар не паправіцца. Я пагадзіўся. І на ўсё жыццё запомніў гэтую здымку. А трэба было зафіксаваць старт спартсменаў-бегуноў у Баравой пад Мінскам. Планавалася размясціць на трэцяй старонцы некалькі здымкаў і тэкст. А мая задача — тры фота на старце, а раніцай — прынесці адбіткі ў рэдакцыю.

Задача нескладаная, але ўсё роўна падрыхтаваўся: пачысціў фотаапараты і аб’ектывы, заправіў плёнкай касеты (тады мы, члены клуба, бралі вялікія бабіны па дзвесце метраў на кінастудыі “Беларусьфільм” і самі запраўлялі ў касеты — так выходзіла танней, асабліва калі здымаеш шмат, а на плёнцы атрымлівалася не 36, а 40-45 кадраў, што было зручна). Раніцай а 10-й па мяне прыбыла рэдакцыйная машына, і мы з карэспандэнтам паехалі ў Баравую.

Быў сонечны дзень, да старту ставала часу, і я паздымаў падрыхтоўку, партрэты спартсменаў. Хваляванне, якое адчувалася спачатку, сцішылася. Пакуль жа выбраў кропку, прыкінуў, што акрамя агульнага плана здыму сярэдні і некалькі буйных. Здымаць вырашыў “Зенітам”, хоць у кайстры ляжала і запасная камера “ФЭД”. А на дне сумкі, нягледзячы на сонца, прыхаваў складны парасон (у тыя часы — рэдкасць і дэфіцыт): на выпадак, калі з надвор’ем штосьці здарыцца…

Зазначу, што досвед заказнога фатаграфавання ў мяне меўся. Паколькі фотатворчасць — справа нятанная, каб кампенсаваць выдаткі, я часам здымаў у садку. З групы атрымліваўся прыбытак у 25 рублёў (на асноўнай працы заробак быў 130). Прычым рабіў не толькі партрэты, але і рэпартажы, жанравыя здымкі. Бацькам падабаўся нестандартны падыход. Плацілі ахвотна, бо кадры атрымліваліся “жывыя”.

У клубе “Вячоркі” існавала, пэўна, адзіная ў Беларусі грамадская фотагалерэя. У калідорах мы раз на месяц ладзілі выстаўкі. Лепшыя здымкі друкаваліся ў газеце, дзе была рубрыка “Фотаклуб “ВМ” прадстаўляе”. Затым аднымі з першых у рэспубліцы зрабілі фотавыстаўку ў кінатэатры. На тэлебачанні паказалі перадачу пра нас. Гэта значыць, з фатаграфіяй я ўжо цесна сябраваў і меў дастатковы багаж ведаў.

…У той дзень усё адбылося, як і планаваў. Пасля старту я адзняў тое, што хацеў, нават з запасам. Дома ж найперш пайшоў у ванную: праяўляць плёнку ў маёй фоталабараторыі. І вось тут, пад час праяўкі, і здарылася няшчасце. Падвяла наша родная, савецкая сантэхніка: замест халаднаватай вады пад час прамывання з-пад крана пацякла цёплая, нават гарачая. У выніку, плёнка счарнела, як смоль. Уявіце, як я знерваваўся! Але паступова ўзяў сябе ў рукі. Вырашыў хімікатамі адбяліць кадры. У павелічальнік паставіў магутныя лямпы. Ратаваў сітуацыю як мог.У выніку, усё ж такі надрукаваў некалькі здымкаў. І толькі агульны план забегу атрымаўся не такім, як насамрэч. На адбітку здавалася, што спартсмены выбягаюць нібы з туману: цені “прапрацаваліся”, а святло знікла. Графічны здымак выйшаў. “Няхай будзе, што будзе, — вырашыў я. — Атрымаю, затое стараннасць ацэняць”.

Раніцай, пацеючы ад хвалявання, дрыготкімі рукамі, не гледзячы ні на каго, перадаю сваю “ганебную” работу карэспандэнту, каб той аднёс фота кіраўніцтву. Ён вяртаецца з рэдактарам. Апошні чамусьці ўсміхаецца. “Ну, усё, — думаю. — Пяць хвілін ганьбы…” А рэдактар, замест таго, каб лаяць, ляпае па плячы і кажа, звяртаючыся да ўсіх у пакоі:

— Вось малайчына! Глядзіце, што значыць творчы падыход!

Я не веру сваім вушам. А ён паказвае тую самую “бракаваную” фатаграфію супрацоўнікам і кажа, што размесцяць яе на першай паласе, толькі абрэжуць зверху ды знізу, каб як панарама глядзелася. Так што, і смех і грэх, але супрацоўніцтва з газетай адбылося. Так, ведаючы, якая ў нас сантэхніка, мне трэба было не запраўляць касету ўсёй плёнкай, а падзяліць яе і здымаць дзвюма камерамі. Але ўсё не прадугледзіш, а з любой сітуацыі мусіць існаваць годнае выйсце. Трэба яго толькі знайсці.

Фатаграфію можна, я так лічу, умоўна падзяліць на дзве вялікія групы: “спажывецкую” і “арт”, або — “творчую”. Першая мае прыкладное значэнне, з ёй мы сутыкаемся штодня. Гэта і рэклама, і, у большасці, — рэпартажы, здымкі на памяць... — фатаграфія для вачэй. А з другой групай кадраў мы знаёмімся на выстаўках — гэта фота для душы і сэрца. І першая, і другая — важныя. Межы паміж імі — размытыя, і часта са спажывецкай катэгорыі здымак пераходзіць у іншы статус.

У мяне быў выпадак, калі я здымаў вяселле ў Гомелі. Гэта было ў 1987-м. Пры друку на адным здымку адбілася частка суседняга кадра. Адбылося візуальнае ўзаемадзеянне, супастаўленне двух светаў. З’явілася новая рэальнасць, тое, чаго не было ў жыцці. З’явілася новае гучанне. Так нарадзілася серыя “Вясельныя імгненні”. Гэта я да таго, што нават здымаючы вяселлі можна атрымаць творчую фатаграфію…