Калумбы новага тыпу

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Паспрабуем уявіць, што будзе, калі непрафесійна змяшаць тры-чатыры супрацьлеглыя па гучанні колеры: жоўты, чорны і сіні ці чырвоны, белы і зялёны. Гэтая "палітра" не ўразіць нас хараством адценняў, бо колеры, некалі самастойныя ды прывабныя, згубяць у такім “тандэме” сваю мастацкую моц.

/i/content/pi/cult/504/10842/4-1.jpgПрыкладна цягам месяца мне даводзілася распавядаць чытачам “К” пра мадэрнізаваныя, “міксаваныя” ўстановы (збольшага — культуры), пераўтвораныя з “класічных” галерэй, бібліятэк, канцэртных пляцовак, кафэ для таго, каб зрабіць іх больш папулярнымі і масавымі месцамі. Гэта адбываецца прыблізна па такой формуле: галерэя + бар = новая арт-пляцоўка. Або: кафэ + бібліятэка + клуб = новы творчы аб’ект. Канешне ж, я імкнулася трымацца нейтральнага пункта гледжання, даючы найперш слова тым, хто гэта прыдумаў і рэалізаваў. Дарэчы, мае суразмоўцы падаліся людзьмі зацікаўленымі, шчырымі ды таленавітымі, іхнія канцэпцыі і планы на будучыню, звязаныя з апісанымі праектамі, гучалі вельмі пераканаўча. Але раптам я задумалася і нават спужалася…

Што, калі тэндэнцыя па пераўтварэнні ўстаноў, па змяшэнні жанраў, стыляў і мэт так моцна захопіць менеджараў культуры, што наступнае пакаленне ўжо не зможа пазнаёміцца з кансерватыўнай бібліятэкай ці з класічным музеем (так, тымі самымі, якія цяпер выклікаюць у нас, мякка кажучы, скепсіс)? Што, калі мы, празмерна сказіўшы адпачатковую добрую задуму па прыцягненні аўдыторыі, і насамрэч станем хадзіць у бібліятэку, каб паснедаць, а ў галерэю — каб павесяліцца?..

Канешне, такіх выпадкаў не было. І, вядома ж, я гіпербалізую. Дый ўстаноў падобнага тыпу ў краіне не так шмат. Але іх лік расце. З аднаго боку — як пошук новых форм ды магчымасцей для развіцця талентаў, з іншага — як вымушаны вынік аптымізацыі і мадэрнізацыі арганізацый. Да ўсяго, не сакрэт і ступень захаплення (асабліва — моладдзю) моднымі тэндэнцыямі. Вось мая цётка, выкладчык хіміі ва ўніверсітэце Дармштата, распавядала мне, што нямецкае студэнцтва развучылася нармальна канспектаваць лекцыі: яны робяць гэта толькі праз гаджэты і даўно ўжо забыліся, як у руцэ трымаць аловак. Але, даруйце, я адхіляюся ад тэмы…

Як дакладна заўважыў у сваім нядаўнім каментарыі для “К” дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, бібліятэка існуе яшчэ з дабіблейскіх часоў. А першы “дом муз”, Мусеён, датуецца 290-м годам да н.э. І толькі ў ХХ і ХХІ стагоддзях нашай цудоўнай эры ў гэтых інстытуцыях ды прынцыпах іх работы наведвальнікі і самі супрацоўнікі пачалі сумнявацца. Аргумент у абарону класічных устаноў напрошваецца такі: можа, усё ж галоўная праблема ў дыялогу паміж чалавекам і культурнай інстытуцыяй узнікае з-за антрапагеннага фактара, а не наадварот? Можа, змяняць трэба наша светаўспрыманне і духоўны ўзровень, а не шматпакутную класіку?

Адмаўляць факт, што інтарэс да чытання і культуры ў свеце зараз не на сваім піку, відаць, няма сэнсу. Але, каб гэтую цікавасць прыцягнуць наноў, трэба вынайсці, а можа, проста прыгадаць нейкі прызабыты спосаб, каштоўнейшы за талерку супу ці келіх піва.

Мне зараз вельмі не хацелася б каго-небудзь з тых культурных калумбаў пакрыўдзіць сваімі словамі адносна ўстаноў культуры, як сведчыцца ў афіцыйных паперах, новага тыпу. Урэшце, спадзяюся, чытачы “К” — не ранімыя, а дзейсныя асобы. Увогуле ж, я за тое, каб у чалавека заўсёды быў выбар: куды пайсці, чым скарыстацца, што любіць і што паважаць. Я за тое, каб наша культурная, у шырокім разуменні, прастора налічвала розныя і разнастайныя ўстановы, у тым ліку — альтэрнатыўныя, артхаусныя. Але так хочацца мне, ды, напэўна, не толькі мне, каб мы пакінулі і класічныя ўзоры разумення і ўзаемадзеяння са светам культуры. Далібог, яны нічым не горшыя…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст