Цыркавая стужка Мёбіуса

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

Май ды ягоныя "Ой-ёй-ёй!"
На яго выступленні я вадзіў у цырк старэйшага сына, малодшых дзяцей, цяпер — унукаў. Можна падлічыць, што з першых гастролей клоўна Мая ў Мінску змянілася два пакаленні гледачоў. Ён — на манежы, і ў памяці ўзнікае —

/i/content/pi/cult/504/10841/15-1.jpg

Час, назад!

Летам 1972-га, яшчэ задоўга да прэм’еры вялікай пастаноўкі “Славься, Отечество!”, прысвечанай 50-годдзю стварэння Савецкай дзяржавы, я, тады галоўны рэжысёр Мінскага цырка, сустрэўся ў Маскве з маладым артыстам Яўгенам Майхроўскім — па афішы “Клоўн Май” — і прапанаваў яму пачаць працу над роляй Несцеркі. Справа для цыркача была нязвыклая: па маёй задуме, у прыстасаванай для манежа сцэне “Дыспут” з п’есы Віталя Вольскага “Несцерка” размова будзе весціся на рускай мове, але Несцерка, вядома ж, павінен размаўляць па-беларуску. І вось Яўген — раней ён ніколі не чуў беларускую мову — зацікавіўся задачай ды папрасіў запісаць свае рэплікі на магнітафон па-беларуску. Я нагаварыў — з тым і развіталіся.

Сваіх блізкіх, дазнаўся я потым, артыст літаральна замучыў бясконцым праслухоўваннем фанаграмы і, як кажуць, “дастаў” паўторам рэплік. Уся радзіна хутка ведала беларускі тэкст назубок, а ў Мінск клоўн прыехаў падрыхтаваны.

На пачатку верасня — прэм’ера. У ролі Шкаляра Яўгену выдатна партнераваў вострахарактарны, гратэскавы, акцёр Вілен Розэнэк. Яны разам шукалі “цэнтр Зямлі” пад несціханы рогат залы. Адчувалася, клаўнада, са штодзённымі імправізацыямі, прыносіла радасць і выканаўцам. А на адным з паказаў прысутнічала рэктар Тэатральна-мастацкага інстытута Эльвіра Герасімовіч. Яна заявіла: “Некаторым артыстам нацыянальных тэатраў рэспублікі варта б павучыцца ў Майхроўскага дакладнаму беларускаму вымаўленню!”

Май у сваіх рэпрызах дасціпна спалучаў розныя цыркавыя жанры, здзіўляў дрэсіроўкай гусака, сабачак.

Цырк — справа рызыкоўная. Нездарма ў кожнай праграмцы ёсць дапіска: “Адміністрацыя пакідае за сабой права скасавання ці замены нумароў”. Ледзь пачаліся гастролі, як няўдала “прызямліўся” на батут паветраны гімнаст, “пацягнуў” руку турніст, пайшла ў дэкрэт Ларыса Сунгурава, муж якой, трымаючы яе на плячах, скакаў з бочкі ў бочку, якія месціліся адна вышэй за другую. Праграма без трох буйных нумароў аказалася куртатай.

Ратаваць яе вызваўся клоўн Май. Ён улазіў пад купал, пералятаў з трапецыі ў рамку, дзе яго падхопліваў — рукі ў рукі! — лавітар; нумару турністаў, выконваючы даволі складаныя пералёты з перакладзіны на перакладзіну, ён сваім “Ой-ёй-ёй!” надаваў камізм; на плячах Віктара Сунгурава ён — замест партнёркі — дасягаў самай верхняй бочкі і з тым жа “фірменным” енкам скакаў з чатырохметровай вышыні ў манеж. За ўвядзенне ў нумары ён, канешне ж, атрымліваў невялічкую даплату, але Маем рухала прага дасягнуць усяго, што вылучае творчую асобу. Ды і пастаноўка “Славься, Отечество!”, узяць удзел у якой мы запрасілі артыстаў цыркаў амаль з усіх рэспублік Саюза, і асабіста Майхроўскі ў клаўнадзе “Дыспут”, якая ішла ў фінале, былі ацэнены гледачамі, тэатральнай грамадскасцю і прэсай.

Недзе ў сярэдзіне гастролей Майхроўскі папрасіў творчае кіраўніцтва цырка прагледзець яго новы рэпертуар: ён прапанаваў дзевяць рэпрыз і клаўнад. І вось: змянілася ўся праграма, а Майхроўскі застаўся надалей з новым рэпертуарам. І зноў у глядзельнай зале — смех, радасць, што нёс аўдыторыі артыст…

Больш за тое: набліжаліся канікулы, а наш цырк заўсёды радаваў малых гледачоў спецыяльным разрэкламаваным спектаклем. Персанажы Несцеркі і Шкаляра атрымаліся такімі выразнымі, што я напісаў спецыяльна на гэты дуэт сцэнарый “Несцерка спяшаецца па ёлку”. Забягаючы наперад, скажу: Майхроўскі іграў гэты сцэнарый, ужо пад назвай “Май спяшаецца па ёлку”, у Маскоўскім цырку на праспекце Вярнадскага і яшчэ пару дзесяцігоддзяў “катаў” яго па цырках усяго Савецкага Саюза. Ставіўся гэты сцэнарый яшчэ колькі разоў у Мінску — з іншым складам выканаўцаў.

А тады ў Мінску — ужо на пачатку 1973-га — усё паўтарылася: Майхроўскі прапанаваў новыя рэпрызы. Праграма змянілася — клоўн застаўся. Што характэрна для тагачаснага дальнабачнага дырэктара цырка Міхаіла Марусалава: менавіта на гэтым феномене будавалася рэклама трэцяй праграмы сезона.

І ўжо персанальна на гэтага артыста, на яго першым з’яўленні ў манежы я будаваў парад-пралог. Пад вясёлы марш у выкананні джаз-аркестра Міхаіла Фінберга выходзяць артысты з каляровымі чамаданамі, адкуль “тырчаць” прылады-рэквізіт іх нумароў: жанглёрскія булавы, кола матацыкла, кветкі ілюзіяністаў. Вядучы ўсіх прадстаўляе па прозвішчах. Апошнім урачыста тупае Май са сваім “фірменным” ускрыкам “Ой-ёй-ёй!”. Ён валачэ вялізны куфар, “няўдала” разварочваецца — і тым самым “валіць” строй уніфармістаў. Вядучы загадвае ўсім пакінуць манеж. Сыходзіць і Май з куфрам, але папярэдне дастае з яго маленькі чамаданчык, на які ён быццам бы забыўся. Вядучы патрабуе вызваліць манеж. Май амаль ужо ля заслоны, ізноў “Ой-ёй-ёй!” — чамаданчык… “ускоквае” на чатыры лапкі і бяжыць за клоўнам: у чамаданчык быў “зараджаны” маленькі сабачка.

У грымёрцы Мая я заўважыў рагата-зубатую маску, аўтамат з трыма стваламі, мыліцы. Пытаюся:

— Яўген Бернардавіч (Мы тады былі яшчэ на “вы”. — У.А.), гэта для новай клаўнады, так?

— Задумаў нешта антываеннае, нейкі заклік да спакою на зямлі…

— Да чацвёртай праграмы?

— Хацелася б…

Яшчэ пара новых рэпрыз, набор з лепшых ужо вядомых, адпрацаваных, — і ён застаецца на чацвёртую праграму, ужо да канца вясны, да закрыцця сезона. У гэтай пастаноўцы яму партнеравалі выпускнікі Мінскага цырка — мае выпускнікі — будучыя заслужаныя артысты БССР Фёдар Гулевіч і Аляксандр Варанецкі, якія скаралі публіку жангліраваннем з дапамогай вілак чыгунамі рознай велічыні. Ляск стаяў у манежы, як у калгаснай кузні напярэдадні пасяўной!..

Сакрэт Майхроўскага просты: вялікая працаздольнасць акцёра, тонкая інтуіцыя, прага асвоіць усе цыркавыя жанры, дапамагчы партнёрам па праграме, адмысловае адчуванне аўдыторыі і, канешне ж, пачуццё гумару спрыялі ўнікальнаму поспеху ў гледачоў. Ён днямі не сыходзіў з манежа: рэпеціруюць ці то жанглёры, ці то эквілібрысты, ці то акрабаты, — ён заўсёды знойдзе сабе куточак на круглым манежы.

А яшчэ ён — аматар разумных кніг (возіць непрачытанае ў багажы) — і гэта адбіваецца на ягонай творчасці.

Вось рэпрыза “Лавачка”. Ён выходзіць на манеж павольна, у задуменні, пад пахай — невялікая лавачка. Спыняецца. Вядучы вымушаны дакрануцца да яго, каб артыст пачаў працаваць. Май сядае на лавачку, усё ў задуменні. Вядучы зноў кранае артыста. Той пачынае няспешна, запаволена выконваць на лавачцы акрабатычныя трукі — усё больш складаныя. Але… усё ў тым жа стане несыходзячага задумення. Несціханыя апладысменты залы!..

Май — у стойцы на адной руцэ, замірае ў нязручнай позе… А другая рука? Другой ён пацірае лоб — засяроджаны на чымсьці іншым. Гэтак жа няспешна пакідае манеж — зала, што называецца, “вібрыруе”! Людзі зразумелі: чалавек адмыслова выконвае працу, але яна — не яго справа: думае, марыць ён зусім пра іншае…

Без ведання высокай літаратуры такую філасофскую думку ў цыркавую рэпрызу не ўвасобіць.

Час, наперад!

Мы пасябравалі і ўсе далейшыя гады падтрымлівалі стасункі: я яму пісаў, тэлефанавалі адно аднаму, перасякаліся. Заўважыўшы мяне ў дырэктарскай ложы Ленінградскага цырка (я лятаў туды для агляду-адбору нумароў новай праграмы), Май пасярод клаўнады падаў у манежы на калені, цягнуў рукі да ложы і выкрыкваў “Ой-ёй-ёй!”. Усёй маёй радзінай ездзілі мы ў Вільнюс, дзе Май з праграмай гастраляваў у Палацы спорту. Ён быў на паказе нашага з Барысам Луцэнкам спектакля “Выпадковы вальс” у Маскве, у Тэатры імя Гогаля…

І вось праз 41 год — ён ізноў у Мінску, ды не адзін! На манежы — сам Май з жонкай Наталляй, унучкай з мужам, унукам з жонкай. Усе заняты не ў адным нумары: гімнасты, жанглёры, дрэсіроўшчыкі марскіх львоў і маржоў, коней, малпачак… Словам, свая трупа, амаль цалкам сфарміраваная праграма.

Сам Май ужо не ўваходзіць у складаныя “сілавыя” нумары: не лётае пад купалам, не робіць стойкі на лавачцы… Але клоўнскі пасыл у залу — усё той жа: “Ой-ёй-ёй!”; усё тая ж здольнасць “узяць” увагу залы, рассмяшыць гледачоў…

Раней у цырк заманьвалі публіку прозвішчамі: дадуць рэкламу “Кіа”, “Карандаш”, “Нікулін — Шуйдзін”, “Алег Папоў”, “Джыгіты Алі-бек” ці нехта з Дуравых — і ўжо аншлаг. Зніклі вялікія імёны, здрабнелі нумары, амаль няма атракцыёнаў, не ставяцца тэматычныя спектаклі, а так, набор нумароў…

Але некаторыя імёны ззяюць: тыя ж Запашныя, якія будуць працаваць у Мінску, але на іншай пляцоўцы, той жа Май. На адным ім — на гастролях праз чатыры дзесяцігоддзі, — на яго “сямейнай” праграме можна было пабудаваць рэкламу! Я маю права так выказвацца, бо працаваў пры ўсіх дырэктарах, што кіравалі Мінскім цыркам — і вельмі паспяхова, і… па-рознаму — ад яго адкрыцця да амаль апошняга часу.

Але сёння на цырку, — ні ззяючага падсветкай пано на фасадзе, як некалі было, ні “сетак” на даху з прозвішчам зоркі, ні асаблівых афіш па горадзе, ні аўтобусаў ад праспекта да Першамайскай з гледачамі ўсёй рэспублікі, ні шырокага размаху ролікаў па тэлебачанні, якія дарэчы, больш актыўна круцяць пра Гомельскі цырк, што, зразумела, выдатна. Аднак круцяць і пра іншыя, нават не цыркавыя, пляцоўкі з цыркавымі праграмамі… Вобмаль рэкламы. Уражанне: а ці працуе цырк? Замест дзевяці прадстаўленняў на тыдзень — усяго шэсць. Чатыры вечары на тыдзень цырк не працуе. Май жартуе сумна: мы, маўляў, быццам прыехалі ў Мінск на адпачынак…

На пытанне “Чаму цырк не дае прадстаўленняў увечары ў нядзелю?”, атрымаў адказ: людзям, маўляў, заўтра з раніцы на працу. Гэта што, з 1959-га і да нядаўніх часоў мінчане па панядзелках не працавалі?.. Людзі ідуць туды, куды іх запрашаюць, заклікаюць. У цырках-шапіто на раусе (балконе над уваходам) клоўны, скамарохі гарлалі, запрашаючы на прадстаўленне. У сакратаркі дырэктара Марусалава быў пайменны спіс усіх старшынь райвыканкамаў і загадчыкаў аддзелаў культуры ўсіх раёнаў Беларусі — і ўжо з ліпеня рассылаліся прапановы замаўляць білеты для культпаходаў на новую праграму ў верасні. Вось тады і не было дзе паркавацца раённым аўтобусам у наваколлі цырка. Ладзіліся нейкія разавыя акцыі, якія “падагравалі” цікавасць да цырка: то мільённы, то двухмільённы глядач атрымліваў білеты на наступную праграму, то нейкая цыркавая віктарына, — ды шмат чаго! За гледача трэба змагацца, заманьваць, пераманьваць.

Супрацоўнікі апраўдваюцца: не ідзе глядач, спасылаюцца на нейкае “сарафаннае радыё”... Страчана тое, што было напрацавана. Патаемная стужка Мёбіуса, дзе перасоўваюцца прычыны і следства.

Але! Сёння ў Мінску — праграма з удзелам народнага артыста Расіі, зоркі сусветнага цырка Яўгена Майхроўскага — па манежы “Клоўна Мая”, якая вартая таго, каб яе паглядзець ды параіць наведанне цырка іншым. Ці ж дачакаемся яго наступных гастролей у Мінску?..

Пасля “Ой-ёй-ёй!” сутыкняцеся з сапраўдным Цыркам. Спяшайцеся: Жэня тут да пачатку снежня…

Я — заклікаю!

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр