Ад "Калядачак" да Поля Марыа

№ 46 (1172) 15.11.2014 - 21.11.2014 г

З 3 па 7 лістапада Ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам Аляксандра Крамко і Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” ўдзельнічалі ў Днях беларускай культуры ў В’етнаме.

/i/content/pi/cult/504/10840/14-2.jpg

 

Беларускія і в'етнамскія артысты з міністрам культуры Беларусі.

Упершыню едучы ў незнаёмую экзатычную краіну, міжволі хвалюешся, як цябе сустрэнуць, якое будзе стаўленне, як успрымуць наша мастацтва… Як толькі мы ступілі на далёкую зямлю, у твар нам дыхнула спякотай і вільготнасцю. Мы адразу апынуліся ў асяроддзі незвычайнага азіяцкага побыту ды ладу жыцця. На вуліцах разам месціліся і рэспектабельныя еўрапейскія магазінчыкі, і крамкі са стракатымі таварамі ды сувенірамі, гатаваліся розныя стравы, і проста тут, на невялічкіх зэдліках, снедалі-абедалі-вячэралі няўрымслівыя в’етнамцы.

На дарогах перамяшаліся пешаходы, аўтобусы, аўтамабілі, рыкшы і сотні-тысячы мапедаў. На іх там ездзяць усе: і старыя, і маладыя, і жанчыны, і мужчыны. На іх нават адпачываюць і спяць, умудраючыся сесці ўсёй сям’ёй з чатырох чалавек ды яшчэ і па мабільніках размаўляць, перавозячы ў той самы час дошкі, рэйкі, скрынкі.

Людзі ж, сустрэтыя намі, — вельмі ветлівыя, адкрытыя душой, а дзяўчынкі — такія прыгожыя і мініяцюрныя, што хацелася ўзяць іх на рукі і, як кажуць, “да сэрца прытуліць”.

Наша дэлегацыя ўдзельнічала ў адкрыцці выстаўкі Рэспублікі Беларусь у цэнтры мастацтва “Хоа Лы” ў Ханоі. Таксама мы пабывалі на прыёме Міністэрства культуры В’етнама, дзе прысутнічалі міністры культуры азіяцкай краіны Хаонг Туанг Анем і Беларусі Барыс Святлоў, паслы нашых краін ды іншыя афіцыйныя асобы. На прыёме граў мясцовы ансамбль народнай музыкі. Пасля заканчэння нашы артысты знаёміліся з тамтэйшымі музычнымі інструментамі: цымбаламі, дан боу, цытрай, народнымі флейтамі, ксілафонамі з бамбука, разнастайнымі ўдарнымі.

Адбыліся два канцэрты ў гарадах Ханой і Хайфон у будынках Вялікіх тэатраў оперы і балета еўрапейскага ўзроўню. В’етнамцы з захапленнем слухалі беларускія мелодыі, гучанне народных інструментаў: дудкі, жалейкі, акарыны, дуды. А як пачалі выконваць на беларускіх цымбалах сусветныя хіты “Bаmboleo”, “Besame mucho”, творы Джорджа Ласта, Поля Марыа, то ўся зала пачала падпяваць і пляскаць у далоні!..

“Песняры” ж выконвалі залатыя хіты: “Белавежская пушча”, “Волагда”, “Касіў Ясь канюшыну…”, “Калядачкі”, “Алеся”. Было такое адчуванне, што в’етнамцы ведаюць гэтыя песні, таму нібыта пасля некалькіх куплетаў спрабавалі падпяваць. А калі “Песняры” выконвалі “Белоруссию”, у трэцім куплеце з імі спяваў наш перакладчык Куан, які ў 1980-х вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Слухачы былі задаволены і апладысментаў не шкадавалі. І нас, і “Песняроў” літаральна завалілі кветкамі ды традыцыйнымі вянкамі. А міністр культуры Хаонг Туанг Анем, як нам потым распавялі, з такім задавальненнем слухаў ды сачыў за выступленнем сваіх землякоў, нібыта ён сам падбіраў рэпертуар і ўдзельнічаў у рэпетыцыях калектываў.

Гаспадары падрыхтавалі для нас вялікую культурную праграму. Мы былі ў Лялечным тэатры на вадзе “Тханг Лонг”, дзе ўбачылі сцэны з сялянскага жыцця і в’етнамскіх міфаў у суправаджэнні аркестра народных інструментаў. Нас вазілі па гістарычных мясцінах, распавядалі пра жыццё, побыт, змаганне з ворагамі. На караблі плавалі па заліве Халонг, сярод маленькіх астравоў, спускаліся ў пячору са сталактытамі…

Частавалі ж нас не толькі еўрапейскай кухняй, але і азіяцкай, рознымі экзатычнымі фруктамі, гароднінай, раслінамі ды шматлікімі прысмакамі.

Але прыйшоў час развітвацца. І хоць там 30 градусаў спякоты, у роднай Беларусі ўсё ж нашмат цяплей!

Аляксандр КРАМКО, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор і саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча, дацэнт