Праз камп’ютэрныя курсы — да музея кнігі

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Наколькі разнастайным можа быць палітра платных паслуг у такой сферы, як бібліятэчная справа? Пра гэта мы размаўляем з дырэктарам Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.Леніна Валянцінай ДУБРОВАЙ і намеснікам дырэктара Юрыем МАКСІМЕНКАМ.

 /i/content/pi/cult/150/1084/Socium1.jpg
Валянціна Дуброва.
— Якія платныя паслугі прадастаўляе сваім наведвальнікам Гомельская абласная бібліятэка?
— Сёння ў нашым прэйскуранце маецца каля трох дзесяткаў відаў платных паслуг. Значная частка з іх — універсальныя і сустракаюцца ў іншых бібліятэках таксама.
— Але ж, як я паспела заўважыць, ёсць і тыя, што ў іншых бібліятэках не надта распаўсюджаны. Да прыкладу, у фае ў вас ёсць кніжны кіёск, дзе можна набыць “старую” літаратуру...

— Так, там мы прадаём кнігі, якія па тых ці іншых прычынах спісваем, да прыкладу, дублетную літаратуру. Але спачатку мы выстаўляем такія кнігі на сайт, і калі ні адна бібліятэка краіны не мае на іх попыту, мы аддаём іх на продаж. Натуральна, не ўсялякую літаратуру прадаём — не выстаўляем, да прыкладу, маральна састарэлую, а вось правераныя часам даведнікі, спецыялізаваныя і вузкагаліновыя выданні, якія сёння нярэдка проста нельга набыць, прапануем. У нашым кіёску прадаецца таксама і новая літаратура, і канцтавары.

Ідэя гэтая, дарэчы, не наша: яе падказаў старшыня абласнога Савета Валерый Сцяпанавіч Сіліцкі. Ён вельмі любіць бібліятэкі і музеі і з’яўляецца “рухавіком” многіх цікавых ідэй. Мы, натуральна, атрымалі ліцэнзію на гандаль, і сёння продаж літаратуры прыносіць пэўныя грошы, якія накіроўваем на ўласнае развіццё, папаўненне фондаў новымі выданнямі.

— Яшчэ адна ваша паслуга — курсы па вывучэнні замежных моў. Як і каму прыйшла гэтая думка? Звычайна такія паслугі аказваюць прыватныя арганізацыі...
— Гэтай ідэі ўжо каля трыццаці гадоў. Узнікла яна, калі яшчэ пытанне пра аказанне насельніцтву платных паслуг не стаяла ўвогуле. А ініцыятарамі былі, відаць, выкладчыкі замежных моў. Прынцып просты: мы заключаем дамовы з лепшымі выкладчыкамі замежных моў гомельскіх універсітэтаў, — такім чынам, на нашых курсах выкладаюць спецыялісты высокага ўзроўню. Сёння ў нас ёсць магчымасць вывучаць пяць моў: англійскую, нямецкую, французскую, італьянскую і польскую. Курсы запатрабаваны: многія з тых, хто калісь прыходзіў да нас, сёння раяць рабіць гэта сваім сябрам, прыводзяць дзяцей.
— Відаць, “спрацоўвае” і тое, што бібліятэка можа забяспечыць належны ўзровень дапаможнага матэрыялу для падобнага навучання?

— Сапраўды, сёння вучэбная літаратура каштуе немалыя грошы. А мы стараемся камплектаваць фонды так, каб чытачы маглі знайсці для сябе ўсё патрэбнае. У сувязі з гэтым хачу сказаць, што пры бібліятэцы існуе некалькі інфармацыйных цэнтраў: Амерыканскі і Французскі куткі, нямецкі Цэнтр вучэбных сродкаў. Гэта — жывыя інвестыцыі ў выглядзе літаратуры на замежных мовах. Раней мы набывалі кнігі на замежных мовах, якія выдаваліся ў Расіі ці Беларусі, а гэта зазвычай — вучэбная літаратура. Цяпер жа маем магчымасць забяспечыць нашым чытачам доступ да арыгінальных англамоўных кніг, а гэта ўжо іншы ўзровень знаёмства з мовай. Прыкладам, у 2005 годзе мы падалі ў Інстытут Гётэ заяўку на ўдзел у конкурсе і сталі ўдзельнікамі праекта “Людзі і кнігі” германскай ініцыятывы па падтрымцы бібліятэк краін Еўропы. З 22-х краін свету было выбрана 30 бібліятэк, і наша — адзіная з Беларусі — трапіла ў гэтую праграму. Дзякуючы праекту мы атрымалі калекцыю нямецкай літаратуры на 15 тысяч еўра — кнігі ўсіх найбуйнейшых выдавецтваў Германіі. Прычым не толькі кнігі, а і электронныя падручнікі.

Гэта таксама сур’ёзныя інвестыцыі, няхай яны і не выяўляюцца ў грашовым эквіваленце. Але сведчаць пра тое, што нашы партнёры нам давяраюць, бачаць бібліятэку сучаснай, годнай такога супрацоўніцтва. Мы ж, у сваю чаргу, робім стаўку на тое, каб нашы наведвальнікі займелі новыя магчымасці для задавальнення сваіх інфармацыйных патрэб.

— Дарэчы, папулярызацыі бібліятэкі спрыяе і “Бібліяпанарама”, якая выходзіць на абласным радыё. Раскажыце пра яе больш падрабязна.

— У свой час гэта была мая ідэя,— уключыўся ў размову Юрый Максіменка. — Я звярнуўся да тагачаснага галоўнага рэдактара радыё, і нас падтрымалі.

“Бібліяпанарама” паспяхова выходзіла ў 2002 — 2003 гадах, потым прыпыніла сваё існаванне, а летась аднавілася. Гэта радыёчасопіс, рубрыкі якога раскрываюць шматгранны бібліятэчны свет: распавядаюць пра гісторыю бібліятэк, знакамітых бібліятэкараў, навінкі і кнігі, якія незаслужана забытыя, пра мясцовых пісьменнікаў, юбілеі... Выходзіць “Бібліяпанарама” раз на тыдзень цягам дваццаці хвілін. Да нас часта тэлефануюць слухачы,у тым ліку і з раёнаў, дзякуюць за карысную інфармацыю. З гэтага года з’явіцца і яшчэ адна праграма, прысвечаная бібліятэкам, — у FM-дыяпазоне.

— Які сёння асноўны кантынгент чытачоў бібліятэкі?
 /i/content/pi/cult/150/1084/Socium2.jpg

— Пераважна моладзь. Калі нядаўна сярод чытачоў значную колькасць складалі спецыялісты ўсіх галін прамысловасці — працэнтаў 45 — 50, дык сёння пераважаюць студэнты і школьнікі: яны складаюць 60 працэнтаў ад агульнай колькасці наведвальнікаў. Мы ўлічваем гэтую акалічнасць, але ж не “дубліруем” школьныя і універсітэцкія бібліятэкі: робім стаўку не на падручнікі, а на дадатковую, даведачную літаратуру. Лічым неабходным траціць дзяржаўныя сродкі мэтанакіравана, не падмяняючы функцыі іншых бібліятэк.

А наведвальнікам “вучэбнага” ўзросту мы прапануем паслугі іншага кшталту. Да прыкладу, у нас ёсць свая пераплётная майстэрня, дзе працуюць два чалавекі. Мы атрымліваем замовы ад дзяржаўных і прыватных арганізацый на пераплёт іх бібліятэчак, дакументаў. А вясною нашымі кліентамі стануць студэнты, якія панясуць пераплятаць свае дыпломныя работы. Побач з намі месціцца Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарту, дзе, дарэчы, ёсць і свая друкарня, але ж яго студэнты ідуць да нас, бо ў бібліятэцы цэны больш прымальныя, а якасць пераплёту — не горшая.
— Сёння тэхнічныя паслугі карыстаюцца попытам...

— Так, і мы актыўна прадастаўляем самыя розныя, скажам, камп’ютэрны набор тэкстаў, пошук інфармацыі па тых ці іншых тэмах, у тым ліку і ў Інтэрнеце. Сёлета яшчэ больш актыўна падключаем да платных паслуг нашы электронныя рэсурсы.

Матэрыяльная база дазволіць нам, да прыкладу, ажыццяўляць электронную дастаўку дакументаў. Асобна збіраемся арганізаваць платнае кансультаванне па авалодванні камп’ютэрнай граматай. Цяпер мы бясплатна праводзім у нашым цэнтры групавыя заняткі: часам гэта індывідуальныя замоўцы, а часам — прадпрыемствы горада, якія жадаюць падвучыць сваіх супрацоўнікаў. Але ж вельмі часта да нас звяртаюцца людзі сталага веку, якія падтрымліваюць са сваімі дзецьмі кантакт праз Інтэрнет: яны не заўсёды могуць і жадаюць вучыцца ў групах, таму гатовы плаціць грошы, каб з імі займаліся індывідуальна.

А яшчэ ў якасці платных паслуг мы выдаём напракат фільмы, раней — на відэа, цяпер — на DVD. Некалі для гэтага была неабходная ліцэнзія, і бібліятэка яе набыла, але сёння падобную дзейнасць можна і не ліцэнзаваць. Мы, адпаведна, набываем фільмы, рэгіструем іх у Дэпартаменце па кінематаграфіі, дзе атрымліваем катэгарыйнасць на кожны з іх і доступ да яго карыстальнікаў, і даём у пракат.

— 22 лютага, акурат калі гэты нумар газеты будзе знаходзіцца ў друку — у бібліятэцы адкрыецца Музей рэдкай кнігі. Распавядзіце пра гэты праект больш падрабязна.
— У нашай бібліятэцы захоўваецца унікальная калекцыя кніг Паскевічаў, якая знаходзілася ў палацы, а ў 1934 годзе была перададзена нам і стала ядром для фарміравання фонду абласной бібліятэкі. Усяго яна складае каля 7 тысяч экзэмпляраў. Натуральна, што кнігі гэтыя надзвычай рэдкія і будуць цікавымі для наведвальнікаў. Таму і адкрываем музей кнігі, каб людзі маглі пазнаёміцца з такім скарбам.

Для таго, каб унікальная кніжная скарбніца Паскевічаў не стала музейным экспанатам, а несла інфармацыю, веды і сучасным людзям, бібліятэка падрыхтавала дакументы на грант: мы хочам набыць спецыяльны сканер, каб перавесці ўсю калекцыю ў лічбавы фармат і зрабіць яе даступнай для шырокага кола нашых наведвальнікаў. Самі ж арыгіналы зоймуць сваё пачэснае месца ў музеі.

— Прапанову спараджае попыт. А якія пажаданні наведвальнікаў бібліятэка пакуль што не можа задаволіць? Магчыма, не хапае літаратуры якога-небудзь пэўнага накірунку, што склала б асобны пункт у платных паслугах?

— Не хапае айчыннай літаратуры па сельскай гаспадарцы: усё, што маем на сённяшні дзень, альбо выдадзена ў савецкі час, альбо — набыта ў Расіі. А ў сувязі з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі такой літаратуры маглі б выдаваць і паболей. Да нас часта звяртаюцца з Гомельскай абласной асацыяцыі вытворцаў садавіны і гародніны: яны пастаянна ўвасабляюць інавацыйныя ідэі і шукаюць інфармацыйнай падтрымкі. Аднаго разу яны вырашылі аптымізаваць тэхналогію вырошчвання цыбулі, і бібліятэка сабрала грунтоўную падборку інфармацыі па гэтай тэме — у выніку Гомельская вобласць у тым годзе вырасціла буйны ўраджай цыбулі. А потым на базе гэтай інфармацыі выйшла цудоўная кніга.

Адпаведную падборку інфармацыі мы рабілі і тады, калі ў нас распачыналася вытворчасць салодкай кукурузы. А цяпер патрэбна інфармацыя пра плямістую растаропшу, а па гэтай тэме ў нас сёння нічога няма!

Чаго яшчэ не хапае? Як заўсёды,— дзіцячай літаратуры, хаця сёння, асабліва ў межах дзяржзаказу, яе выдаецца значна больш.

А яшчэ мы пакуль што не маем магчымасці камплектаваць фонды спецыялізаванай айчыннай літаратурай для людзей з фізіялагічнымі асаблівасцямі. Так, у нас у горадзе ёсць адна бібліятэка для сляпых, але ж праграма жыццезабеспячэння такіх людзей даведзена і да нас, абласных бібліятэк. Тое, што выдаецца сёння ў рэспубліцы, мае наклад, здольны забяспечыць толькі спецыялізаваныя бібліятэкі. Але і мы гатовы стварыць такі аддзел, паставіць апаратуру, дзе можна будзе слухаць “размоўныя кнігі” ці чытаць кнігі, напісаныя шрыфтам Брайля. На жаль, пакуль што гэта для нас немагчыма. Бібліятэка магла б рабіць для іх і дастаўку кніг дадому. Тым больш, што ў нас ёсць такая паслуга — скажам, для ветэранаў.

— Такім чынам, платныя паслугі Гомельскай бібліятэкі ўвесь час знаходзяцца, так бы мовіць, “у руху”?

— Усе нашы паслугі мы фарміруем, зыходзячы з інтарэсаў карыстальнікаў. Спачатку — попыт, а потым мы імкнёмся адгукацца на яго сваімі прапановамі. Само сабою, гэта досыць складаны штодзённы працэс.

Так, напачатку шмат было нараканняў, існаваў нават псіхалагічны бар’ер у саміх бібліятэкараў: маўляў, як я буду гэта рабіць? Але сёння мы заахвочваем нашых лепшых работнікаў, за выкананне плана знаходзім магчымасць прэміяльнай падтрымкі. І само пытанне неабходнасці аказання платных паслуг ужо не падлягае сумненням: гэты сацыяльна-эканамічны паказчык — адзін з немалаважных аспектаў дзяржаўнай палітыкі. І чытачы нашы разумеюць, што існуе мінімум, які яны могуць атрымаць бясплатна, а калі ім хочацца аблегчыць пошук літаратуры па тэме ці атрымаць доступ да электронных тэхналогій, трэба заплаціць грошы і карыстацца.

Ды і самі бібліятэкі, паспрабаваўшы такую форму работы, адчулі “смак”. Магу сказаць, што мы летась на платных паслугах зарабілі 83 мільёны рублёў — гэта даволі ўнушальная лічба. А сёлета мусім зарабіць 99 мільёнаў! Натуральна, што падобны рост патрабуе мэтанакіраваных і скаардынаваных высілкаў.

Пытанні аказання платных паслуг насельніцтву знаходзяцца на пастаянным кантролі з боку адміністрацыі. Літаральна кожную дэкаду бухгалтар прадстаўляе вынікі: што мы маем, на якім узроўні знаходзімся па выкананні плана. Кантралюе выкананне планавых заданняў па платных паслугах кожны загадчык аддзела. І, зразумела, даводзіцца пастаянна працаваць над новымі прапановамі па платных паслугах. Са свайго боку, хацелася б, каб наша дзейнасць была больш распрацаванай заканадаўча, каб мы не шукалі навобмацак, а мелі прапісаныя механізмы працы.

На пачатку ўвядзення платных паслуг многія свае дзеянні мы рабілі, больш зыходзячы са свайго ўласнага досведу і ведаў, у выніку чаго, мажліва, сёе-тое недаацанілі і не ўлічылі. Маючы пад нашай дзейнасцю трывалы нарматыўна-заканадаўчы падмурак, было б лягчэй працаваць і рухацца далей.

Гутарыла Таццяна КОМАНАВА