Ратавальнікі ці дэзерціры?

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Скажы, што думаеш пра кансервацыю, і я скажу, хто ты…
Міжнародны навукова-практычны семінар “Інтэграцыйны падыход у кіраванні аб’ектамі сусветнай спадчыны” вонкава нагадваў чарговую “V.I.P.-тусоўку” для вузкага кола прафесіяналаў. Прынамсі, такую атмасферу стваралі шыкоўныя неакласіцыстычныя інтэр’еры Штаб-кватэры СНД, дзе праходзіла першае з пасяджэнняў. На наступны дзень шаноўныя госці з Арменіі, Азербайджана, Літвы, Расіі, Украіны перамясціліся ў Нясвіж, дзе ў значнай меры ўжо адноўлена радзівілаўская раскоша... Тым не менш, семінар не стаў “пратакольным” мерапрыемствам, якое ставіць за мэту засведчыць, што і ў нас ёсць чым ганарыцца. Многія з узнятых на яго пасяджэннях праблем маюць самае непасрэднае дачыненне да нашай не надта шыкоўнай пакуль паўсядзённасці.

Прыкладам, ці не ўпершыню ў айчынны ўжытак былі ўведзены новыя паняцці — уласна, “інтэграцыйны падыход у кіраванні аб’ектамі спадчыны” і “ўстойлівы турызм”. Апошні тэрмін азначае пэўны парытэт паміж камерцыяй ды задавальненнямі патрэб карыстальніка і захаваннем самога аб’екта, раскрыццём ягонага патэнцыялу. Тэрмін зазвычай прымяняецца ў экалагічным аспекце, хаця ён цалкам дарэчы і ў дачыненні да культурнай спадчыны. Праўда, у нас пакуль цяжка знайсці прыклады “знясільвання” хаця б якога з іх навязлівымі турыстамі. Інтэграцыйны ж падыход прадугледжвае стаўленне да гісторыка-культурных каштоўнасцей не як да “рэчаў у сабе”, але ў кантэксце тых размаітых з’яў, якія іх атачаюць.

— Да сённяшняга часу само паняцце спадчыны зведала пэўныя змены, — патлумачыла загадчык аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны адпаведнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір. — Калі раней у фокусе ўвагі спецыялістаў былі асобныя аб’екты, дык цяпер мы звяртаем увагу і на іх атачэнне. Цэласны культурны ландшафт можа ўключаць гарады або нават рэгіёны. І гэты комплексны падыход мае зусім іншую філасофію...

Таму тэма будаўніцтва шматпавярховага гатэля ў гістарычнай частцы Нясвіжа актыўна абмяркоўвалася ў кулуарах. Зрэшты, да праблем знакамітага Кернакскага храма ў Егіпце, усутыч з якім ужо вырас элітны жылы масіў, нам яшчэ, на шчасце, далёка...

Ахвотных знесці тыя высоткі, што з’явіліся на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Мінска (які, на жаль, выпадае лічыць страчаным помнікам горадабудаўніцтва), можна фарміраваць у цэлыя інтэрнэт-батальёны. І амаль кожны з гэтых пасіянарыяў рэгулярна бывае ў Вільнюсе, дзе гістарычны цэнтр напоўніцу захаваўся і, да таго ж, унесены ў Спіс UNESCO. Але ж праблем там таксама не бракуе.

І справа не ў тых новых прыступках, што вядуць да слыннай Маці Божай Вострабрамскай, якія ўжо сталі нагодай для цэлага скандалу. І нават не ў тым, што пасля доўгага сузірання абраза “вочы ў вочы” ты рызыкуеш убачыць сцяну з сілікатнай цэглы: нехта з гаспадароў суседніх будынкаў употайкі сябе “падрамонціў”, не чакаючы муніцыпалітэта. Справа ў тым, што літаральна адтуль, з Вострабрамскай, адкрываецца відавая перспектыва на іншы Вільнюс — высотныя вежы “Сіці”.

— На жаль, у цяперашні час рэй вядуць не тыя людзі, якія шануюць культуру ды гісторыю, але прыхільнікі іншых каштоўнасцей, — адзначыў літоўскі архітэктар Аўгіс Гучас.

Здавалася б, праблему прадугледжаных рэкамендацыямі UNESCO буферных зон у дадзеным выпадку вырашыла сама гісторыя. Стары цэнтр Вільнюса атачаюць сфарміраваныя стагоддзі таму прадмесці: Зарэчча, Звярынец, Шніпішкі... У апошнім з іх высотнае будаўніцтва распачалося яшчэ за савецкім часам, але знакамітыя “еўропы” з’явіліся ўжо менавіта ў пару незалежнасці... Адпаведна, пошукі пэўнага ўрбаністычнага кампрамісу паміж захаваннем спадчыны ды сучасным развіццём буйных гарадоў актуальныя не толькі ў нас. І відавочна, што прадуктыўным вынікам можа быць менавіта кампраміс, а не перацягванне коўдры ў той або іншы бок.

Згаданы інтэграцыйны падыход прадугледжвае сацыяльны фактар. UNESCO, якая ўжо не першы год вызначае ідэйныя трэнды ў справе аховы спадчыны, у дадзеным выпадку безапеляцыйна сцвярджае: помнік нельга разглядаць як нейкую “рэч у сабе”. Па вялікім рахунку, ён павінен стаць нагодай для нейкіх грунтоўных сацыяльных камунікацый. У нас пакуль што ў гэтай справе — “твая мая не панымаць”. Адрэстаўравала дзяржава Мірскі замак, а “грамадскасць” сказала: не тое, не так, дый увогуле, лепш бы не чапалі…

Пра апошні варыянт яшчэ ў 1949 годзе вельмі добра выказаўся легендарны савецкі рэстаўратар Павел Бараноўскі: “Прадаставіць руіны архітэктурных помнікаў самім сабе азначае для іх абсалютную гібель”. А вось характар умяшальніцтва акурат і выклікае палымяныя дыскусіі. Пагатоў, не так даўно ў айчынным ужытку з’явілася малазнаёмае пакуль слова “кансервацыя”. Яго вельмі любяць спецыялісты ў справе аховы спадчыны з усяго свету — прыкладам, у лексіконе польскай мовы наогул няма паняцця “рэстаўрацыя”, чаго, аднак, не скажаш пра рэчаіснасць.

У гэтым кантэксце даклад Дзмітрыя Бубноўскага стаў сапраўднай інтэлектуальнай правакацыяй. Галоўны архітэктар і навуковы кіраўнік рэстаўрацыі таго самага Мірскага замка, у якога свой вербальны дроцік не кінуў хіба толькі лянівы, нарэшце падаў голас (зрэшты, раней ніхто з крытыкаў і не пытаўся, што ён там думае). Даклад выглядаў пераканаўча: з цытатамі Гётэ, развагамі пра марнасць быцця і эпітэтамі кшталту “дэзерцір-некрафіл”.

Асноўны пастулат заключаецца ў тым, што кансервацыя ў кожным разе не дасягае пастаўленай мэты — поўнага спынення руйнавальных для помніка хімічных і біялагічных працэсаў, — а пры памылковым выкананні работ нават прыводзіць да згубных вынікаў. Прышчэпленыя да вапнавай кладкі бетонныя каронкі могуць адрывацца разам з аўтэнтычным матэрыялам. Часовыя дахавыя пакрыцці маюць схільнасць гніць, спараджаючы біялагічныя забруджванні, бо застой паветра вельмі любяць разнастайныя мікраарганізмы...

— У Мірскім замку мы з гэтым сутыкнуліся, і спатрэбілася шмат часу, сіл і сродкаў для таго, каб ліквідаваць наступствы, якія ўзніклі ад выкарыстання такой методыкі, — патлумачыў Дзмітрый Бубноўскі.

Праўда, ён не ўдакладніў, колькі ж часу праіснавалі тыя “часовыя” канструкцыі перад тым, як яны струхлелі. Бо, як падказвае тутэйшая практыка, мяжа паміж часовым і вечным можа быць даволі ўмоўнай, а розныя мікраарганізмы нярэдка апярэджваюць людзей.

У якасці альтэрнатывы рэстаўрацыі дакладчык прапанаваў пакрыць Мірскі замак бетонным саркафагам альбо шкляным конусам. Варыянты былі абраны заведама пройгрышныя параўнальна з выкананымі ў рэчаіснасці работамі.

— Магчыма, вы маглі палічыць мяне праціўнікам кансервацыі. Ды ні ў якім выпадку! Лічу кансервацыю адным з краевугольных камянёў нашай рэстаўрацыйнай практыкі і аховы спадчыны. Я параўнаў бы яе значэнне са значэннем нуля ў арабскай сістэме лічэння: сама па сабе гэтая лічба азначае пустэчу, але калі дапасаваць да яе нейкую іншую... Тое ж самае датычыцца і кансервацыі: толькі гэтымі тэхнічнымі сродкамі праблему не вырашыць, але ў комплексе з іншымі вынік можа быць цалкам пераканаўчым…

Слухаючы гэты даклад, я думаў нават не пра тыя “трывалыя руіны”, у якія ператварылася большасць “безнадзейных” у плане рэстаўрацыі ды прыстасавання помнікаў суседняй Польшчы, не пра спрэчныя вынікі кансервацыі Навагрудскага замка, і нават не пра тое, што ідэальных спосабаў захавання спадчыны, пэўна, не існуе, і таму варта аддаваць перавагу рэальным. Падумалася мне пра тое, што няма ў нас пляцоўкі, дзе зацікаўленыя людзі маглі б абмеркаваць злабадзённыя праблемы галіны, выслухаць думку апанента, удосталь надыскутавацца. На жаль, семінары для спецыялістаў запаўняюць лакуну часткова.