Колькі слоў пра бібліятэкараў

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Ніна ТУРОЎСКАЯ, былы бібліятэкар:
— Прыемна чытаць на старонках “К” артыкулы аб дзейнасці бібліятэк! Таксама хочацца падзякаваць праз газету начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцію Адамовічу, які прыязна ставіцца да гэтых устаноў. Мы з ім згодныя ў меркаванні, што трэба разумна падыходзіць да рэарганізацыі клубаў і бібліятэк. Сапраўды, скасаваць лягчэй, чым наладзіць працу па-новаму...

Вельмі хочацца, каб пры ўсіх аптымізацыйных працэсах улічвалася праца кожнага бібліятэкара індывідуальна. Зразумела, сучасным патрабаванням адпавядае не любы, але ж за зарплату, што маем у дадзенай сферы, дзе знойдзеш лепшыя кадры?

Я 40 гадоў працавала ў бібліятэках, і выдатна разумею, што працаваць за такія грошы, маючы добрую прафесійную падрыхтоўку, — крыўдна. А матэрыяльна-тэхнічная база некаторых бібліятэк не заўсёды адпавядае нават санітарна-гігіенічным патрабаванням. Але спецыялісты, прынамсі, большая іх частка, не лічацца з рэжымам сваёй працы і прыходзяць па першым званку раённага кіраўніцтва ў сваю ўстанову.

Сельскі бібліятэкар павінен не толькі быць добрым прафесіяналам сваёй справы. За апошні час кола яго абавязкаў значна пашырылася. Калі бібліятэкар умее добра напісаць ці распавесці пра сваю працу, спявае, танчыць, чытае вершы, можа стварыць сцэнарый, добра валодае камп’ютарнымі тэхналогіямі, здольны рэжысіраваць мерапрыемствы і супрацоўнічаць з разнастайнымі ўстановамі, тады яго лічаць прафесіяналам. А тое, што бібліятэкар добра валодае інфармацыяй па розных пытаннях, — не заўсёды ацэньваецца.

На мой погляд, патрэба ў сапраўдных прафесіяналах ставіць перад навучальнымі ўстановамі, якія рыхтуюць бібліятэчныя кадры, новыя задачы: трэба змяняць падыходы да падрыхтоўкі… Зрабіць сапраўдных прафесіяналаў, што адпавядаюць сучасным патрабаванням, не так і лёгка, але калі іхняя праца будзе ацэньвацца, у тым ліку і ў годным фінансавым вымярэнні, знойдуцца і кадры. Хочацца, каб звярнулі ўвагу і на матэрыяльна-тэхнічны стан сельскіх бібліятэк.

А наогул, шчыра жадаю ўсім культработнікам моцнага здароўя, плённай працы, творчага 
натхнення!