Погляд на трывогі сучаснасці

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Наталля ШАРАНГОВІЧ, кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў, камісар Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на 56-м Венецыянскім біенале:
— Пасля невялічкага перапынку наша краіна вяртаецца на Венецыянскі біенале. Налета найбуйнейшая ў свеце выстаўка сучаснага мастацтва займее Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь. А першым крокам да яго стварэння стаў конкурс куратарскіх канцэпцый, аб’яўлены 5 лістапада.

/i/content/pi/cult/503/10833/6-2.jpgМеханіз адбору мае быць максімальна дэмакратычным. У склад журы, якое ўзначаліла першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, увайшлі досыць разнапланавыя і аўтарытэтныя асобы: вядомыя куратары і мастацтвазнаўцы, кіраўнікі музейных устаноў і творчых саюзаў.

Чаго мы чакаем ад удзельнікаў конкурсу, дык гэта нейкай смелай крэатыўнай ідэі. Уласна, Венецыянскі біенале і з’яўляецца спаборніцтвам такіх ідэй, ва ўвасабленні якіх задзейнічаны найсучасныя тэхналогіі. Спадзяюся, беларускі праект таксама атрымаецца сучасным паводле сваёй канцэпцыі ды выяўленчых сродкаў. Балазе прапанаваная тэма дае вялікую прастору для творчага пераасэнсавання.

Дэвіз наступнага, 56-га Біенале даслоўна перакладаецца як “Усе лёсы свету”. Яго куратар нігерыец Акуі Энвайзор засяродзіў увагу на няпэўнасці будучыні і, адпаведна, на невычэрпным патэнцыяле цяпершчыны, ды таму задаецца пытаннем: “Як правільна вытлумачыць трывогу, уласцівую нашаму часу, як яе зразумець, даследаваць ды артыкуляваць?”.

Ужо вядома, што Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь адкрыецца ў прамежку з 6 па 8 мая. А вось яго адрас на карце Венецыі пакуль не вызначаны. І таму ад удзельнікаў куратарскага конкурсу патрабуецца не толькі пералік мастакоў, але і тэхнічныя параметры ды прыблізны каштарыс рэалізацыі задумы.

Прыём заявак адбываецца да 24 лістапада, а вынікі конкурсу маюць быць абвешчаны напрыканцы месяца. Між іншым, пераможцаў чакаюць немалыя прэміі, хаця не апошняя з іх — гэта, вядома, магчымасць рэалізаваць уласную задуму ў рамках галоўнай мастацкай падзеі свету.

Фота Юрыя ІВАНОВА