Музей пад прыватную калекцыю: чаму б і не?

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Падзялюся “нататкамі на палях” семінара “Прыватнае калекцыянаванне і сучасны музей”. Агучанае на сустрэчы можа быць цікавым як у кантэксце стварэння музеяў ды галерэй у нашай краіне, так і адносна прынцыпаў фарміравання калекцый.

Семінар — частка праграмы Інстытута Гётэ, па якой у Беларусь запрашаюцца нямецкія прыватныя калекцыянеры. Так, прыватны збор Ленц Шэнберг прадставілі жонка ўладальніка калекцыі і яго правая рука Анна Ленц (яна прэзентавала збор у Мінску, а яе ўнёсак у існаванне калекцыі — адбор экспанатаў для выставак, іх прасоўванне, апісанні, фота- і відэаархіў сустрэч з мастакамі, а таксама — кніга ды стужкі пра лёсы жонак і сябровак творцаў), мастацтвазнаўца і куратар Ульрыке Шміт, якая цягам васьмі гадоў працуе над апісаннем ды каталагізацыяй калекцыі, а таксама фатограф Расвіта Прос, што не першы год алічбоўвае творы для каталогаў.

Сам 86-гадовы сенатар Герхард Ленц не змог прыехаць у Беларусь, аднак яго жонка падзялілася фактамі ягонай біяграфіі. Так, увесь збор прысвечаны адной плыні ў мастацтве: кірунку “ZERO”, заснаванаму ў Дзюсельдорфе. Сярод яго ўдзельнікаў — мастак-наватар Іу Кляйн, адна са значных фігур пасляваеннага еўрапейскага мастацтва. Сама ж група была заснавана 24 красавіка 1958-га Хайнцам Макам і Ота Піне; у 1961-м да іх далучыўся Гюнтэр Укер.

Члены суполкі лічылі пасляваеннае мастацтва нагружаным баластам мінулага, а таму шукалі новую кропку адліку, каб супрацьпаставіць драме Другой сусветнай вайны больш чысты і здаровы свет, напоўнены надзеямі ды ідэалістычнымі поглядамі. Назва ж пазначала фазу маўчання і цішыні, памежны стан, калі старое пераходзіць у новае. Прадстаўнікі плыні пашыралі мастацкія вопыты са святлокінетычнымі аб’ектамі, ствараючы новую пурыстычную эстэтыку ў прамежку паміж карцінай і скульптурай.

Увагу на гэтую плынь нямецкі калекцыянер звярнуў выпадкова, прыйшоўшы ў салон па акварэлі (у 1960-я ў Еўропе яшчэ можна было набыць па “ніштаватых” коштах жывапіс Маціса і Пікаса). Але кірунак “ZERO” цалкам заняў Ленца. Так, цягам пятнаццаці гадоў ён, не кантактуючы з мастацтвазнаўцамі і не знаёмячыся з творцамі, фанатычна скупляў работы сяброў суполкі (у практыцы калекцыянавання ў Беларусі — абыходзіцца без пасярэдніцтва галерэй ды набыць работу ў майстэрні).

Праз тыя паўтара дзясятка гадоў адзін з мастакоў прыехаў пазнаёміцца з “таемным прыхільнікам”. З таго часу сям’я калекцыянераў займела зносіны з усімі прадстаўнікамі руху “ZERO”. (Цяпер апошнія паступова сыходзяць, і разам з імі заканчваюцца творы кірунку.) А дзеці Ленцаў раслі ў асяроддзі твораў мастацтва і прынялі ўдзел у сямейным захапленні. Калекцыя часта дэманстравалася ў краінах Еўропы, у ЗША і ў Маскве. Пакаваннем, пагрузкай, развескай экспанатаў займаліся члены радзіны, паколькі выстаўкі часцяком мелі невялікую спонсарскую падтрымку. Дарэчы, у 2015 годзе калекцыю пакажа Музей Саламона Гугенхайма ў Нью-Ёрку. Праўда, Ленцы мяркуюць, што архітэктура ды інтэр’еры знакамітай пляцоўкі не цалкам адпавядаюць духу калекцыі, і спатрэбяцца дадатковыя плошчы, каб прадэманстраваць збор у найлепшым ракурсе.

Але найбольшы клопат сям’і калекцыянераў палягае ў тым, што Германія не займаецца дзяржаўным фінансаваннем прыватных калекцый, а іншай магчымасці стварыць музей на радзіме ў Ленцаў няма. Быў складзены каштарыс, прыдуманы праект. Але нават калі сям’я ўклала б усе ўласныя сродкі ў стварэнне музея, то іх хапіла б толькі на ўзвядзенне будынка і яго аздабленне, — утрымліваць жа памяшканне ды штат работнікаў не было б за што.

Ленцы прадэманстравалі б сваю калекцыю і ў Беларусі, але, на жаль, прафінансаваць падобны праект пакуль няма каму, дый не так шмат музеяў, здольных прадаставіць тэхнічна абсталяваныя плошчы запатрабаванага ўзроўню.

А пад час наведання сталіцы гасцям спадабаліся інтэр’еры гатэля “Еўропа”, дзе і ладзіўся семінар. Яны, нагадаю, аздоблены манументальнымі работамі Валерыя Даўгалы. А пасля афіцыйнай часткі немцы пабывалі ў майстэрнях Руслана Вашкевіча і Уладзіміра Цэслера.

Таццяна МАРКІНА, калекцыянер