Экскурсія ў фармаце он-лайн

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

“Віртуальны” і рэальны тур па музейных запасніках
Паведамленні пра музейныя праекты, зробленыя сумеснымі намаганнямі спецыялістаў з розных краін на гранты Еўрапейскага саюза або Праграмы развіцця ААН, ужо сталіся ў нашай газеце звыклымі. Згадаю хоць бы адзін такі прыклад, пра які “К” пісала не так даўно: Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей, што ў Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці, атрымаў пад свой праект каля 200 тысяч еўра і цяпер можа пахваліцца новай экспазіцыяй ды сучасным тэхнічным абсталяваннем у музейных залах… Так, Гродзеншчына ў гэтым плане — рэгіён унікальны: міждзяржаўныя сувязі тут — сталыя ды моцныя, а праекты ладзяцца літаральна ў кожным раёне і ў розных сферах — пачынаючы ад сяброўства на ўзроўні народных калектываў ды заканчваючы міжнароднымі фестывалямі і сумеснымі праектамі. Але ж і ў самім Гродне не спяць у шапку. Напрыклад, у літаратурным аддзеле Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея (так цяпер называецца былы Музей імя Максіма Багдановіча пасля рэарганізацыі ўстановы) сёння завяршаецца праект па адной з праграм трансгранічнага супрацоўніцтва. Натуральна, прайсці міма падобнага досведу нельга…

/i/content/pi/cult/503/10822/13-1.jpg

 

 

Наведвальнікі музея спрабуюць павандраваць па віртуальных залах.

/i/content/pi/cult/503/10822/13-2.jpg

Шкатулка, якую падарыў сваёй жонцы бацька Максіма Багдановіча.

Збегчы ад статус-кво

Расповед пра наведанне ўстановы пачну са знаёмства з галоўным каардынатарам праекта трансгранічнага супрацоўніцтва Святланай Рапецкай. Цяпер яна займае пасаду навуковага супрацоўніка, а раней была дырэктарам Музея імя Максіма Багдановіча.

— На жаль, сёння многія сучасныя музеі ўспрымаюцца як нейкія статычныя ўстановы, куды ходзяць толькі школьнікі ды пенсіянеры, — распачала нашу гутарку Святлана Рапецкая. — Мяне заўсёды хвалявала гэтае пытанне, таму захацелася нейкім чынам змяніць гэты прыкры статус-кво, даць музею новае жыццё, прыцягнуць увагу сваімі ноу-хау не толькі наведвальнікаў малодшага школьнага ўзросту...

Са сваёй ідэяй стварэння віртуальнага Музея Максіма Багдановіча Святлана Рапецкая выступіла на форуме, які ладзіўся ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва ”Латвія — Літва — Беларусь” у Вільнюсе. Там яна і пазнаёмілася з будучымі партнёрамі па праекце — супрацоўнікамі Латгальскага культурна-гістарычнага музея з горада Рэзэкнэ (Латвія) і Кедайняйскага краязнаўчага музея (Літва).

— Гэта першая спроба ў нашай краіне такім чынам прадстаўляць музей і музейныя фонды, — распавядае далей Святлана Рапецкая. — Бо, як вядома, часцей за ўсё працуе пастаянная экспазіцыя, часовыя выстаўкі, але ёсць і шмат вельмі цікавых прадметаў, што папросту ляжаць у фондах, і іх, на жаль, ніхто не бачыць. А ў нас зараз — пасля рэалізацыі праекта — ёсць магчымасць віртуальна ўбачыць усе багацці, якія мае наша ўстанова…

А паказаць у Музеі Багдановіча сапраўды ёсць што. Сярод самых каштоўных экспанатаў — два арыгінальныя асобнікі зборніка вершаў “Вянок”, метрыкі брата Максіма Багдановіча Льва і яго сястры Ніны, шкатулка, якую падарыў бацька паэта сваёй жонцы, сямейныя фатаграфіі і лісты... Цяпер усё гэта можа пабачыць кожны чалавек нават не выходзячы з дому. Прычым тое могуць зрабіць не толькі жыхары Беларусі, але і любыя наведвальнікі з іншых краін свету праз сайт.

Ад задуманага да рэальнага

Але гэта было пазней. А тады, вярнуўшыся з форуму і папрацаваўшы над усімі неабходнымі паперамі ды пераклаўшы свае матэрыялы на англійскую мову, Святлана Рапецкая накіравала іх на конкурс, абвешчаны грантадаўцамі. І станоўчы адказ не прымусіў сябе чакаць. Вось так, пачынаючы з 2012 года Музей імя Максіма Багдановіча ў Гродне стаў адным з партнёраў міжнароднага праекта “Віртуальнае мінулае — залог поспеху будучыні музеяў”, які ладзіўся ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — 
Беларусь”.

Што даў удзел у гэтым праекце гродзенскай установе культуры? Натуральна, новыя магчымасці па прыцягненні наведвальнікаў. Напрыклад, на ўваходзе ў музей сёння кожны госць адразу бачыць інфакіёск з сэнсарным LED-экранам. З яго дапамогай можна павандраваць па ўсіх трох музеях — беларускім, латышскім і літоўскім, — а таксама пагуляць у спецыяльна распрацаваныя для школьнікаў камп’ютарныя гульні.

— Справа ў тым, што ў рамках праекта мы задумалі гульню пад назвай “Дом з таямніцамі”. У яе можна гуляць он-лайн або спампаваць на планшэт ці мабільны тэлефон, — патлумачыла Святлана Рапецкая. — Гуляючы, школьнікі, студэнты, наведвальнікі могуць азнаёміцца з дзяцінствам і гродзенскім перыядам жыцця паэта, гарадскім асяроддзем таго часу. У аснове гульні — матэрыялы гродзенскага музея, біяграфічныя звесткі пра Максіма Багдановіча, ягоную творчасць… Пагадзіцеся, гэта больш цікава, чым проста аглядаць пакоі мемарыяльнага дома ды слухаць расповеды экскурсавода…

Дарэчы, пагуляў у гэтую гульню і я. Падарожнічаючы па віртуальных музейных залах, разгадаў нямала загадак, звязаных з біяграфіяй Максіма Багдановіча, а на апошнім, самым “складаным”, узроўні змог пазнаёміцца “ўжывую” з усёй сям’ёй класіка беларускай літаратуры. Так што магу з упэўненасцю сказаць, што дадзеная гульня разлічана не толькі на школьнікаў…

Да слова, гэта не адзіная забаўка, якую прапануюць наведвальнікам у музеі. Справа ў тым, што кожны ўдзельнік праекта з Беларусі, Латвіі і Літвы распрацаваў сваю ўнікальную гульню. І ў іх сёння таксама можна пагуляць кожнаму пры дапамозе таго ж сэнсаранага экрана. Напрыклад, музей з Латгаліі прываблівае “Глінянымі пераўтварэннямі”, а музей Кедайняя прапануе наведвальнікам “узнавіць дом Арнетаў”… Падрабязней пра гэтыя гульні распавядаць не буду — адсылаю кожнага ахвотнага на сайт праекта…

Змены — навідавоку

Але ж, вядома, сэнсарным экранам ды стварэннем сайта змены не абмежаваліся. Дзякуючы сродкам, атрыманым паводле гранта, у будынку на вуліцы 1 Мая была таксама ўсталявана акустычная сістэма і цалкам абноўлена экспазіцыя “Гродзеншчына літаратурная”.

Цяпер наведвальнікі ўстановы культуры могуць пад час экскурсіі паслухаць у запісе вытрымкі з перапіскі Максіма Багдановіча з ягонай маці ды бацькам, а ў дзіцячым пакоі для іх прагучыць не толькі расповед экскурсавода, але і знакамітая казка “Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык”. Кіруе аўдыясістэмай экскурсавод, які ўключае яе ў патрэбны час… Што да абноўленай экспазіцыі ”Гродзеншчына літаратурная”, дык яна на сёння сабрала рукапісы, фатаграфіі, кнігі, асабістыя рэчы Васіля Быкава, Ларысы Геніюш, Міхася Васілька і Дануты Бічэль…

Наастачу варта сказаць, што амаль уся сума на рэалізацыю праекта была атрымана гродзенскім музеем з Фонду Еўрасаюза. А гэта ні многа, ні мала — каля 90 тысяч еўра. Да таго ж, амаль 9 тысяч еўра, згодна з умовамі гранта, былі таксама выдаткаваны з абласнога бюджэту. Чым не станоўчы прыклад для пераймання і дзеяння для ўсіх іншых музеяў у розных рэгіёнах краіны? А па парады раю звяртацца да Святланы Рапецкай: чаго-чаго, а крэатыўнага досведу ёй не займаць…

 

Кажа эксперт

Людміла ЛЕБЕДЗЬ, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

— Музеі Гродзеншчыны паспяхова супрацоўнічаюць з міжнароднымі арганізацыямі. Можна згадаць тыя ж Гудзевічы, а таксама Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей. Апошні ўжо доўгі час удзельнічае ў трансгранічным праекце “Маршруты па штэтлах. Аб’екты яўрэйскай культурнай спадчыны ў трансгранічным турызме”, які фінансуецца Еўрасаюзам у рамках Праграмы “Польшча — Беларусь — Украіна”. На маю думку, сёння трапіць у падобныя праекты не так ужо і цяжка — варта толькі прапанаваць замежным партнёрам сапраўдны годны ды цікавы праект. А з перакладам на англійскую мову ўсіх патрэбных дакументаў і матэрыялаў могуць дапамагчы як арганізатары, так і партнёры па праекце. Як, дарэчы, і з планам напісання заяўкі. Да таго ж, звычайна пэўныя схемы напісання праекта прапануюцца самімі грантадаўцамі. Акрамя таго, не варта забываць і пра тое, што партнёры зазвычай сустракаюцца паміж сабой, абменьваюцца ідэямі, дапамагаюць адно аднаму...

 

Хэдлайн рэгіёна

Што паўстане на грант?

Гаворка — пра музей, які будзе знаходзіцца на тэрыторыі раённага Музейнага комплексу Напалеона Орды ў вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Як пісала раней “К”, музей ствараецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Трансгранічныя цэнтры дыялога культур у Лосіце і Варацэвічах”, які, у сваю чаргу, з’яўляецца часткай Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча — Беларусь — Украіна”. Установа культуры стане першым паўнавартасным музеем вядомага мастака і музыканта на тэрыторыі Беларусі.

Станоўчыя прыклады трансгранічнага супрацоўніцтва беларускіх музеяў можна доўжыць. І ўсе яны яшчэ і яшчэ будуць казаць аб тым, што грашовая дапамога з боку замежных партнёраў на адбудову ці абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы музейных устаноў паступова робіцца ў нас завядзёнкай.

І гэта цалкам заканамерна, бо, як вядома, бюджэтнае фінансаванне не заўсёды здольнае забяспечыць усе пажаданні музейных супрацоўнікаў у рэгіёнах краіны. У сувязі з чым трансгранічнае супрацоўніцтва ў музейнай — ды, мабыць, не толькі ў музейнай — сферы, пра якое раней ведалі ў раёнах вельмі мала, цяпер выходзіць на першы план.

Так, для таго, каб атрымаць грант, трэба парупіцца: прыдумаць і напісаць заяўку, прычым на англійскай мове, наладзіць сувязь з грантадаўцамі, папаездзіць “па Еўропах”… Але высілкі таго вартыя. Бо ў выніку музейная ўстанова можа займець найноўшае тэхнічнае абсталяванне, уключыцца ў міжнародны турыстычны праект, стаць больш вядомай не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах, што, натуральна, непасрэдна паўплывае на наведвальнасць ды запатрабаванасць таго або іншага музея…

У Польшчы, Літве, Латвіі ды іншых краінах Еўрасаюза падобная трансгранічная практыка — даўняя. Беларусы цяпер фактычна ідуць следам за сваімі калегамі, прычым даволі паспяхова… Цікава, пра які чарговы праект раённага музея “К” напіша наступным разам? Можа, менавіта пра ваш?

Фота прадастаўлена музеем

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"