50 тамоў Нобелеўскай энцыклапедыі

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

15 лютага Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі атрымала дар — Нобелеўскую энцыклапедыю ў 50-ці тамах.

Гэтае унікальнае выданне — першы рускамоўны поўны збор навуковых і грамадскіх работ лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі ў галінах фізікі, хіміі, медыцыны, літаратуры, умацавання міру і прэміі памяці Альфрэда Нобеля ў галіне эканамічных навук. Дасюль беларускія чытачы маглі знаёміцца з навуковымі эсэ і зваротамі лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі толькі па часопісных публікацыях.

Дырэктару ЦНБ імя Я.Коласа НАНБ Наталлі Бярозкінай урачыста ўручыў Нобелеўскую энцыклапедыю старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Міхаіл Мясніковіч у прысутнасці маладых навукоўцаў. 5 гадоў таму ён выступіў з ініцыятывай выпуску гэтага шматтомніка на рускай мове, што знайшло падтрымку ў Расійскай Федэрацыі. М.Мясніковіч увайшоў у Апякунскі савет праекта разам з кіраўнікамі акадэмій навук СНД.

Цяпер кожны чытач навуковай бібліятэкі зможа атрымаць звесткі пра нобелеўскіх лаўрэатаў. Важна, што ў энцыклапедыі змешчаны не толькі тэксты іх лекцый, але і адлюстраваны найбольш значныя заслугі перад сусветнай супольнасцю. Са словамі ўдзячнасці за гэты дар выступіла старшыня Савета маладых навукоўцаў НАН Беларусі Святлана Пашкевіч.

Н.Бярозкіна падкрэсліла, што ў 50-томніку ёсць і імёны ўраджэнцаў Беларусі. Гэта Якуб Наркевіч-Ёдка, Марцін Пачобут-Адляніцкі і Жарэс Алфёраў. Яна пажадала маладым навукоўцам, каб хтосьці з іх таксама стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі.

Тыднем раней, 7 лютага, Нобелеўскую энцыклапедыю атрымала Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

М.Мясніковіч паведаміў, што ёсць дамова аб выданні дадатковага накладу 50-томніка для буйнейшых бібліятэк нашай краіны.

 Святлана ІШЧАНКА