У Надзеі ёсць надзея

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Даведаўся і парадаваўся: пасля двухгадовага рамонту 27 верасня адкрыўся Хоцімскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Даўно там не быў. Патэлефанаваў і дазнаўся, што два супрацоўнікі (столькі іх пасля аптымізацыі) заняты з экскурсантамі, а кіраўнік Надзея Барадзіна паехала ў Магілёў па дамову аб камерцыйнай выстаўцы. Музей працуе напоўніцу, у тым ліку — і на перспектыву.

/i/content/pi/cult/503/10819/4-15.JPGТут да месца згадаць Дзяржпраграму “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Гэта дзякуючы ёй за 1 мільярд рублёў у Хоцімску быў адрамантаваны музей, створаны новыя экспазіцыі, на 150 мільёнаў — закуплена 18 карцін сучасных мастакоў Магілёўшчыны… У абноўленых залах з’явілася годнае асвятленне. “Сталі бачныя экспанаты!” — радуецца Надзея Сцяпанаўна. Расіяне зацікавіліся новай жывапіснай калекцыяй Хоцімска — пазначыліся пэўныя сумесныя перспектывы. Словам, мясцовыя музейшчыкі, цудоўна ведаючы, што закладзеныя ў Дзяржпраграму грошы — не банкаўскі рахунак, хуценька іх забралі і эфектыўна асвоілі… Усім бы так!

Але ў выніку размовы з дырэктарам установы высветлілася, што музей ажыў неканчаткова. Адпушчанага дзяржавай мільярда аказалася мала. Як вядома, цягам апошніх гадоў фінансавы складнік згаданай Дзяржпраграмы крыху, мякка кажучы, відазмяніўся. Урэшце, яна — далёка не адбітак няўхільнага фінансавага развіцця, а, хутчэй, доказ таго, што эканоміка нашай нацыянальнай культуры яшчэ толькі фарміруецца. Бессістэмна і непрадказальна. Але не толькі пра гэта гаворка.

Музей у Хоцімску знаходзіцца ў двухпавярховым будынку колішняга знакамітага гарбара Пятра Камнева. На першым паверсе была майстэрня, на другім — жылыя памяшканні. Менавіта ў апошніх і месцяцца экспазіцыі. На канчатковы рамонт першага паверха грошай не хапіла. А тут Надзеі Барадзіной хацелася б стварыць у перспектыве пакой побыту вядомага рамесніка. Жывыя ягоныя нашчадкі, сёе-тое можна прыдбаць у іх, штосьці — у антыквараў. Справа — не танная. Між тым, музей за гісторыю існавання (першая часовая экспазіцыя адкрылася ў 1998 годзе) не атрымаў на набыццё экспанатаў ні рубля. Раённых музейшчыкаў гэтым фактам я, напэўна, таксама не здзівіў. Вялікіх грошай няма і не будзе. Прынамсі, за проста так іх цяпер не здабудзеш.

А дзеля “не проста такога” фінансавага апекавання патрэбна мець праект з дакладным эканамічным абгрунтаваннем і ведаць, каго ўсім тым зацікавіць… Інакш кажучы, штосьці даўно мы пра фандрайзінг не пісалі. А тым часам на развіццё музеяў, бібліятэк ды клубаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама асвоіў каля 400 тысяч еўра “грантавых” грошай, што пайшлі на рэалізацыю ці не паўдзясятка адметных творчых праектаў. Калі хто не ведае, нагадаю, што Рагачоўскі раён не мяжуе з Прыбалтыкай, Польшчай ці Расіяй. Тым не менш, даўно адчуў трансгранічныя сувязі. Так што на курсы перападрыхтоўкі варта ехаць не толькі ў Інстытут культуры Беларусі. Апрача Рагачова можна наведаць Ашмяны ды Смаргонь, дзе таксама навучыліся здабываць грошы… Але, я перакананы, адрасоў неўзабаве паболее.

Вось тут хоцімскім музейшчыкам, як той казаў, і карты ў рукі . Яны і два “рамонтныя” гады выязджалі з выстаўкамі ў школы, сельскія клубы, аграгарадкі... А пачаўшы з чыстага ліста, цягам месяца пасля адкрыцця абноўленай установы прапанавалі суражскім калегам (Браншчына) сумесны праект, звязаны з развіццём сучаснага жывапісу. А побач жа яшчэ і Смаленшчына. І ўвогуле, дырэктар Хоцімскага музея Надзея Барадзіна — аптымістка, бо прафесіянал. Упэўнена, што той, хто дзяржаўныя грошы на рамонце паспяхова асвоіў, мае карт-бланш даверу не толькі ў раённага кіраўніцтва. Так што музей без пакоя Камнева не абыдзецца. А з такой візітоўкай можна і прастору далёкага замежжа асвойваць!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"