Хто сярод сельскіх лепшы?

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

На Касцюковіччыне прайшоў VIII Раённы фестываль народнай творчасці “Крыніца душы”.

/i/content/pi/cult/503/10817/1-6.jpg

Прынялі ў ім удзел 18 сельскіх устаноў культуры. Спачатку гасцей і ўдзельнікаў прымалі ў Сялецкаўскім сельскім доме культуры, дзе ў першы дзень на сцэну па чарзе падняліся ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Сялецкаўскага, Крапівенскага, Баронькаўскага, Бялынкавіцкага, Беладубраўскага СДК, Каніцкага сельскага клуба-музея, Машаўскога і Смолькаўскага сельскіх клубаў-бібліятэк, Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу. Добры тэмп святу творчасці задалі гаспадары сцэны. Гучалі песні ў выкананні ансамбля “Сяброўкі”, якому сёлета прысвоена званне “народны”.

Вельмі прыемна было чуць са сцэны вершаваныя радкі мясцовых паэтаў. Дакладна заўважылі ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці Баронькаўскага СДК: “Кажуць людзі: якія песні?! Жыццё і так нялёгкае… Але чалавек з душой артыста спяваць будзе да апошняга!” У пацвярджэнне гэтай ісціны праспявалі аўтэнтычныя і беларускія народныя песні салісткі самага ўзроставага калектыву мастацкай самадзейнасці з Журбіна.

Прыйшлося даспадобы і выступленне ансамбля мастацкай самадзейнасці Бялынкавіцкага СДК. Відовішчным атрымаўся нумар Новасаматэвіцкага клуба вольнага часу. Беладубраўскі сельскі дом культуры прэзентаваў народны ансамбль “Белая Дуброва”.

Другі святочны дзень праходзіў на ўтульнай сцэне Шарэйкаўскага СДК. Яго артысты здзівілі прафесійна адпрацаванай праграмай, вакальнымі здольнасцямі ўдзельнікаў усіх узростаў. Наступнымі на сцэну выйшлі артысты Пралетарскага СКБ. Вядучыя — Бабкі-весялухі — увесь час падтрымлівалі добры настрой у зале вясёлымі жартамі. Артысты ж Мурынборскага СДК прадэманстравалі сваё майстэрства ў выкананні эстрадных, беларускіх і рускіх народных песень. У рэпертуары фальклорнага народнага ансамбля “Чабатуха” Прусінскага клуба-бібліятэкі — толькі беларускія народныя песні.

Парадавалі яркай творчасцю ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Дзямідавіцкага СДК. Артысткі Валаськаўнянскага СДК прадэманстравалі майстэрства ў выкананні беларускіх традыцыйных песень. А колькі талентаў паказалі артысты з вёсак Забычанне, Муравілле, з Тупічанскага СДК!..

Наталля ДРОБЫШАВА, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна

Фота Людмілы СМАЛЯКОВАЙ