Прыгоды фондаў завяршаюцца?

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі / Партрэт германавіцкай культуры ў вясковым інтэр’еры
Сёння — пра Германавічы. Дакладней — пра ўстановы культуры гэтай выбітнай вёскі. А адметная яна не толькі велічным касцёлам Перамянення Пана, узведзеным напрыканцы XVIII стагоддзя. На сёння ў палацы Шырыных, колішніх уладальнікаў паселішча, месціцца Германавіцкі музей культуры і побыту з унікальнай калекцыяй работ Язэпа Драздовіча — адзін з асноўных аб’ектаў нашай увагі пад час гэтага аўтапрабегу. Апроч усяго, жывуць і працуюць тут вельмі адметныя людзі-творцы, сустрэча ды размова з якімі для журналістаў — як шчаслівая знаходка. Ніяк не маглі адмовіць сабе ў гэтым задавальненні.

/i/content/pi/cult/503/10816/1-2.jpg

/i/content/pi/cult/503/10816/1-3.jpg

/i/content/pi/cult/503/10816/1-4.jpg

Новае памяшканне — музею ратаванне

Спачатку наведалі Германавіцкі музей культуры і побыту. Прычына такога выбару зразумелая: “К” двойчы пісала пра тое, што ўстанове неадкладна патрэбны дадатковыя памяшканні для захавання фондаў. У адваротным выпадку, сапсуюцца-знікнуць маляванкі і карціны Драздовіча —усе работы знакамітага вандроўніка ў музейнай экспазіцыі проста не ўмяшчаюцца… А акрамя твораў Язэпа Драздовіча ў фондах маюцца і работы Пётры Сергіевіча, Віталя Цвіркі… Шэраг твораў, як мы паведамлялі ў мінулым матэрыяле аўтатура, прывезлі ў Германавічы з Лужкоў, з, так бы мовіць, “аптымізаванага” музея.

Сустрэла нас дырэктар установы Людміла Навіцкая, якая пачала размову з добрых навін: не так даўно адбылося частковае пашырэнне музея — пад фонды аддалі памяшканні дзіцячага садка. Зараз жа перад раённымі ўладамі стаіць пытанне, каб увесь будынак колішняй сядзібы аддаць пад музей, які пакуль дзеліць дах разам з агульнаадукацыйнай школай.

Чакаюць свайго часу і музейныя скляпенні, пра якія калісьці таксама пісала “К”. Па словах Людмілы Навіцкай, вада цяпер там хоць і не “стаіць”, але, каб зрабіць памяшканні прыдатнымі для экспазіцыі ці фондаў, патрэбна ўцяпленне і якасная гідраізаляцыя, што дапаможа перамагчы вільгаць. Вядома, на гэта патрэбны грошы, і немалыя. Спадзяюцца ў музеі на дапамогу як з боку дзяржавы, так і прыватных мецэнатаў, у тым ліку замежных. Так, у рамках беларуска-польскага супрацоўніцтва па стварэнні турыстычных маршрутаў польскі бок зацікаўлены ў супольнай працы з установамі культуры Германавічаў. Мясцовыя музейшчыкі ўжо прынялі ўдзел у семінары па стварэнні сайта, якога ўстанове па-ранейшаму не стае.

Часам даводзіцца назіраць, як беларускія гарады змагаюцца за таго або іншага славутага дзеяча. Логіка тут простая: імя чалавека ўзроўню таго ж Драздовіча — гэта выдатны брэнд. У справе папулярызацыі творчасці Язэпа Драздовіча германавіцкі музей актыўна супрацоўнічае з калегамі з Глыбокага, для якіх мастак даўно стаў сапраўдным брэндам па прыцягненні турыстаў. У гэтай справе, думаецца, важна не перацягванне коўдры, а падтрымка і дапамога адно аднаму.

Пакуль жа германавіцкія музейшчыкі толькі на пачатку шляху таго самага брэндзіравання — ужо колькі гадоў вырашаецца пытанне аб наданні музею імені славутага мастака. У перспектыве, па словах Людмілы Навіцкай, чакаецца стварэнне віртуальнай экскурсіі ў Інтэрнэце па ўсіх вядомых творах Драздовіча, а магчыма — і ўстаноўка ў музеі інфакіёска. Ёсць задумкі і як зарабляць: выпускаць тыя ж паштоўкі, магніты з выявамі карцін і дываноў мастака. Тым больш, цяпер музей мае статус юрыдычнай асобы. Іншая справа, што пакуль на гэтую справу не знайшоўся камерцыйны партнёр. У выніку музей сваімі сіламі выдае маляўнічыя буклеты, прысвечаныя Германавічам і Лужкам, што, безумоўна, добра, але — недастаткова для шматлікіх аматараў творчасці Язэпа Драздовіча, якія завітваюць на яго малую радзіму...

Глінамес і ткачыха

Скіроўваемся да чарговай установы культуры колішняга мястэчка — Дома ганчара. Праўда, ужо не першы год тут праводзяцца заняткі не толькі па ганчарстве і па вырабе глінянай цацкі, але і па ткацтве ды вязанні. Прычына такога суседства невыпадковая. Двое майстроў — Сяргей і Ганна Рымдзёнкі — сям’я. Адпаведна, кожны кірунак вядзе свой майстар. Усяго сям’я Рымдзёнкаў сёлета мае пяць вучняў, якія ўсур’ёз жадаюць авалодаць народным рамяством, а, магчыма, у будучым прысвяціць гэтаму сваю прафесійную кар’еру.

Сам жа Сяргей глінай пачаў займацца толькі пасля службы ў арміі. І не проста капіраваць чужую тэхніку ды, як кажуць, “гнаць штампоўку”, але і ствараць адметныя работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія маюць таксама практычны характар. І калі ў Радашковічах на згаданым у адным з мінулых нумароў прадпрыемстве толькі збіраюцца запускаць у вытворчасць керамічныя жырандолі, Сяргей Рымдзёнак іх ужо актыўна прадае. Што ні кажы, а на крэатыўныя вырабы заўсёды маецца попыт, таксама як і на тэматычныя керамічныя сувеніры з надпісамі “Светлы Спас”, “Шаркаўшчына” ды іншымі.

Сведчаннем жа няўрымслівага характару глінамеса і яго здольнасці вучыцца стаў уласна ганчарны круг, які майстар стварыў самастойна, выкарыстоўваючы дэталі ад матацыкла, пральнай машыны… А падгледзеў падобны апарат, як па сакрэце сказаў нам Сяргей, у метадычным цэнтры.

Ужо ад’язджаючы, мы задалі самі сабе пытанне: чым для таго ж Сяргея Рымдзёнка з’яўляецца ганчарства? Прыбытковай прафесіяй — дык заробак у тры мільёны не назавеш надзвычай вялікім. Ганчарства — гэта, хутчэй, стыль жыцця, а мо і само жыццё...

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Шэсць гадоў таму я сустракаўся ў Германавічах з Рымдзёнкамі: ганчаром Сяргеем і ткачыхай Ганнай. Не пастарэлі яны! Усё такія ж: вясёлыя, упэўненыя, закаханыя. А побач — бясстрашна накручвае віражы на ровары сын, першакласнік Дзімка. Выпадкова разбіў фару на бацькавым легкавіку. Бацька не пакрыўдзіўся. А Дзімка ўжо становіцца майстрам: лепіць з пластыліну рознакаляровых і вясёлых звяроў… Не прагнуць Рымдзёнкі ні вялікіх грошай, ні гарадскога жыцця. Ім хапае ціхага вясковага шчасця. Дзеляцца ім з любым ахвотным. Нам з Кастусём, да прыкладу, падарылі па глінянай падкоўцы. Я, калі вярнуўся з камандзіроўкі, адразу прымацаваў сваю на кухоннай паліцы, дзе сабрана гліна ці не з усёй роднай Беларусі...

Кава з Адай Райчонак

Пад засенню касцёла, ля дарогі (не абмінеш!) месціцца Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча з унікальнай прыватнай калекцыяй жывапісу. Гаспадыня і першага, і другога — Ада Райчонак, колішняя настаўніца рускай мовы і літаратуры, аўтар-стваральнік пяці музеяў. Дарэчы, менавіта яна ў свой час паспрыяла таму, што Сяргей Рымдзёнак, колішні вучань, стаў ганчаром — нават разам ездзілі дваццаць гадоў таму на матацыкле на курсы па народных рамёствах. А пра тое, што сённяшні начальнік аддзела Людміла Стома — колішняя вучаніца нястомнай Ады Райчонак, вы ўжо ведаеце.

Пераступаючы ганак звонку звычайнага дома, немагчыма ўстрымацца ад захаплення: жывапісныя палотны, скульптуры, кнігі нібыта абступаюць цябе з усіх бакоў. Такой багатай калекцыяй, да слова, зможа пахваліцца далёка не кожны раённы краязнаўчы музей!

Прыватная галерэя была заснавана ў 2004 годзе. І прысвечана яна памяці сына Ады Эльеўны — пісьменніка, краязнаўцы, першага старшыні асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча, выкладчыка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які трагічна загінуў у 1999-м. Невыпадкова неафіцыйная назва галерэі — “Прыватны літаратурна-мастацкі музей імя Міхася Райчонка”. Калекцыя складаецца з больш чым двух соцень палотнаў беларускіх мастакоў, сярод якіх можна сустрэць імёны Сяргея Цімохава, Віктара Маркаўца, Алеся Мары, Ілоны Барадулінай, Уладзіміра Сулкоўскага. Творы прысвечаны пераважна славутым асобам і мясцінам беларускай зямлі. Так, у 2010 годзе Цэнтр імя Драздовіча прысвяціў памяці Эміліі Плятар мастацкі пленэр. Усяго ж у Германавічах было праведзена два дзясяткі пленэраў, шэраг конкурсаў дзіцячых малюнкаў, лепшыя ўзоры якіх сёння можна ўбачыць у галерэі. Варта адзначыць выдатны густ і талент Ады Райчонак у стварэнні музейных экспазіцый. Асабліва ўражвае партрэт Уладзіміра Караткевіча ў поўны рост, які нібыта сустракае гасцей у адной з залаў музея.

Немалаважнай бачыцца і грамадзянская пазіцыя Ады Эльеўны, якая сваім жыццём, справамі дэманструе нашаму спажыўнаму грамадству любоў да роднай зямлі, нашай багатай культуры, беларускай мовы. Як жа можна было адмовіцца ад кубачка кавы з гэтай цудоўнай жанчынай? Бо, паўторымся, менавіта сустрэчы з такімі людзьмі, як Ада Райчонак, і ёсць сапраўднае задавальненне для журналіста…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Беларускія Мальдывы, край астравоў — як толькі ні называюць Браслаўскі раён, славуты на ўвесь свет сваімі сінявокімі азёрамі! Улетку дзясяткі тысяч турыстаў намагаюцца трапіць сюды. Пры гэтым шлях да “раю” для тых жа мінчан ляжыць праз Шаркаўшчыну. Чым не магчымасць добра зарабіць мясцовым культработнікам на шматлікіх транзітных турыстах? Тым больш, аб’екты, вартыя ўвагі, — у тых жа Алашках, Германавічах — маюцца. Чаго не хапае? Вядома ж, рэкламы! Чаму б не змясціць бігборды ў самой Шаркаўшчыне — якраз на павароце да Браславаў? Ці, скажам, раскласці інфармацыйныя буклеты на мясцовых аўтазапраўках? Пытанні — рытарычныя? Ці не?..

Семінар ля Шалёнага каменя

У папярэднім артыкуле мы казалі, што нам цягам гэтай камандзіроўкі шанцавала ледзь не штодня. Да прыкладу, нечакана для сябе трапілі ў Лужкі на адкрыццё турысцка-інфармацыйнай дошкі ў гонар Бен Іегуды — вынік рэалізацыі міжнароднага праекта, ініцыяванага аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама. І вось чарговая ўдача: у раёне распачаўся выязны раённы семінар работнікаў культуры. Ягоная тэма — надзвычай цікавая: “Што такое нематэрыяльная спадчына? Аб’екты сакральнай тапаграфіі як элементы НКС”. Як было не паўдзельнічаць у практычнай частцы семінара — наведанні ўнікальных не толькі для раёна, але і для краіны святыняў? Разам з Людмілай Стома далучаемся да шматлікай дэлегацыі ў Лужках ды скіроўваемся ў вёску Клінавое, дзе на старых могілках знаходзіцца праваслаўная каплічка. Яе асаблівае шанаванне звязана з нерукачыннай іконай святога Міколы Цудатворцы. Паводле аповедаў мясцовых жыхароў, абраз з яскрава адлюстраванай выявай святога з’явіўся на камлі дрэва, пасля чаго пачалося яго ўшанаванне, а з цягам часу была зроблена і каплічка, якая засёды адкрыта для вернікаў.

Акрамя гэтай святыні ў Шаркаўшчынскім раёне можа прывабліваць турыстаў (ужо нават самой назвай) так званы “Шалёны камень Грыдзюшчынскі”, “Святая ліпка” ў вёсцы Дворнава ці той жа “Вялікі камень Дубакоўскі” ў Дубоўцы. Іншая справа, што, у адрозненне ад самадастатковых палацаў ды храмаў, аб’екты нематэрыяльнай спадчыны патрабуюць добрага транслятара — чалавека, які мог бы грунтоўна патлумачыць гасцям раёна гісторыю і традыцыі ўшанавання таго або іншага элемента НКС. Але на сённяшні дзень ці не галоўная задача культработнікаў раёна — надаць выяўленым элементам спадчыны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Спачатку — вобласці, а пасля — краіны, ды, магчыма, нават UNESCO. І, вядома ж, важна спрыяць захаванню і папулярызацыі знойдзеных скарбаў нашай духоўнай культуры. Думаецца, гэта і без нашых падказак ведаюць у Шаркаўшчынскім раёне…

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Шкада, але пра Шаркаўшчыну — усё. Праведалі старых сяброў, займелі новых. Наеліся да адвалу яблыкаў неверагоднага смаку і яшчэ раз пераканаліся: калі стаялі б грошы ў нашай справе на першым месцы, не было б і справы. А робяць яе людзі, жыццёвы прынцып якіх даволі просты: “Калі не я, дык хто?”. На такіх і свет трымаецца…

Фота аўтараў

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"