Медыум і тры “як”

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Маладая фатаграфія Беларусі: паміж фактам і выдумкай
Адной з вартасцей Месяца фатаграфіі ў Мінску стала магчымасць цеснага знаёмства з маладой беларускай фатаграфіяй. Тры персанальныя выстаўкі — Віктара Гіліцкага, Аляксандра Веледзімовіча, Аляксея Шлыка і Алега Шоблы (аўтараў, чые работы вядомыя не толькі нашай публіцы), — мультымедыйная прэзентацыя праекта “Сонны лес” Міхаіла Лешчанкі і таго ж Шлыка, выстаўка дзіцячай фатаграфіі з Паставаў — падзеі злучыліся ў блок, які дае ўяўленне пра тэндэнцыі ў гэтым сегменце.

/i/content/pi/cult/503/10809/7-1.jpg

Фатаграфія як успамін

З праектам Віктара Гіліцкага “Апошні візіт” я насамрэч упершыню пазнаёмілася ў Кіеве. Летась ён трапіў у шорт-ліст пераможцаў партфоліа-рэвю ўкраінскага Міжнароднага форуму візуальнай культуры “Візіі”. Праект быў заўважаны і адзначаны. У 2013-м ён стаў пераможцам “Прэс-фота Беларусі” ў намінацыі “Паўсядзённае жыццё”, а сёння мы можам бачыць работу на пляцоўцы Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.

Фотасерыя Гіліцкага — фіксацыя будняў ягонага дзядулі, які жыве ў беларускай вёсцы. Неяк летам унук прыехаў пагасцяваць да роднага чалавека, і так атрымалася, што ягоная паездка стала апошнім візітам: праз месяц дзядулі не стала…

На чорна-белых фатаграфіях — справы сталага чалавека: дзядуля — на падворку хаты, у самой хаце, вось ён чытае газеты, глядзіць у акно… Мяркую, многія бачылі падобныя сцэны з жыцця сваякоў, але мяжа смерці заўжды ператварае звычайныя рэчы ў гісторыю... І не толькі асабістую, хоць фатаграфіі кранаюць менавіта адсылкай да ўласных страт, сямейных сувязей.

Мы бачым на кадрах не толькі дзядулю, але і гісторыю асобнай вёскі, нават — эпохі… Калектыўнае спазіраецца праз асабістае. У экспазіцыі прадстаўлены і аўдыязапісы: надзеўшы навушнікі, можна пачуць, як дзед Іван чытае газету “Звязда” ці распавядае пра суседзяў… Надзвычай важным транслятарам светапогляду і атмасферы “мікрасусвету” становіцца радыё, якое размясцілі на другім паверсе музея, — радыёкропка, што, здаецца, будзе вяшчаць заўсёды. Гэты артэфакт — нібы выратавальны круг прысутнасці “Вялікай зямлі”…

Насамрэч, гэтую амаль кінестэтычную самоту, цішыню, супыненне, але не закінутасць, можна было перадаць, і падкараціўшы візуальны шэраг экспазіцыі, вызваліўшы больш прасторы для атачэння работ. Віктару ўдалося стварыць моцныя партрэты ў часе і па-за ім, але ж уключэнне аўдыязапісаў, аб’ектаў у праект патрабуе дакладнага вызначэння іх месца. Мо таму яшчэ адзін артэфакт — сямейны альбом з наўмысна размытай мяжой старых і новых фотаздымкаў — не прагучаў як належыць: наведвальнікі часам не ўспрымалі яго як частку экспазіцыі.

Разнастайнасць медыя падаецца перавагай “Апошняга візіту” і пашырэннем прыватнай гісторыі, з якой “вырастае” гісторыя пакалення. Гэты праект кранае любоўю, але ён здольны распавесці больш пры варыятыўнасці падачы. Нават гаворачы пра сваіх блізкіх, мы прамаўляем больш, чым падаецца.

Фатаграфія як дотык

Выстаўка віцябчаніна Аляксандра Веледзімовіча таксама ў МСВМ мела назву “Кунсткамера”. Нагадаю, што значэнне апошняга слова — “кабінет рарытэтаў” або “калекцыя рэдкасцяў” і “месца іх захавання”, і гэты пільны погляд даследчыка, які вывучае атачэнне, у пэўнай ступені адлюстроўвае пазіцыю аўтара ў дачыненні да фатаграфіі наогул. Аляксандр выкарыстоўвае азначэнне “медыум” (пасрэднік), кажучы пра яе: і сапраўды, яго фота не проста “фіксуе” рэальнасць, а дазваляе прадметам набываць сваю сутнасць ды адчувальнасць. Аўтар змяшчае рэчы, чалавека ва ўмоўную простору (так, гэта можа быць “кабінет” — пакой, а можа — ландшафт), каб паглядзець на тое, як яны выпраменьваюць сваю вітальнасць. Работы Веледзімовіча маюць дзіўную вартасць: яны даюць адчуванне дотыку да аб’екта, што захаваны на фота.

Напрыклад, мы бачым на здымку паверхню драўлянага стала, на якой разліта малако, руку дзяўчыны… — і адбітак, умоўна кажучы, уключае рэцэптары. Складана апісаць: гэты дотык знаходзіцца дзесьці на мяжы ментальнага і фізічнага ўзроўняў. Па сутнасці, “кунсткамера” Веледзімовіча — такі пазачасавы тунэль, дзе рэчы выяўляюць сябе.

Цікава, што, пры ўсёй удумлівасці падыходу, ягоная фатаграфія не пазбаўлена іроніі, самаіроніі. На прыкладзе дадзенай экспазіцыі Аляксандр дазваляе сабе пагуляць з напаўненнем “кунсткамеры”. Ён нават змяшчае ў гэты “кабінет” самога сябе, свае фантазмы, каб у выніку “знішчыць” звыклыя выявы свету (тут у анатацыі з’яўляецца слова “іконы”). Падаецца, фатаграфіяй можа быць усё, што заўгодна, кажа аўтар. Галоўнае — дазволіць ёй напаўняцца святлом і сэнсам.

Фатаграфія як пісьмо

Не менш цікавы падыход да фатаграфіі дэманструе і выстаўка Аляксея Шлыка і Алега Шоблы “Рэканструкцыя № 1”, якая суседнічала з экспазіцыяй Аляксандра Веледзімовіча. Тут аўтары таксама працуюць з прынцыпамі “іканаграфічнай выявы”, але ў іх варыяцыі гэта прамое выкарыстанне пісьма на цвёрдай паверхні — дубовых і кедравых дошках, з той толькі розніцай, што замест фарбаў Аляксей і Алег задзейнічаюць святлапіс — фатаграфію. Іх работы — срэбра-жэлацінавыя адбіткі на дрэве, якія адсылаюць да біблейскіх міфаў і сюжэтаў.

“Рэканструкцыя № 1” узнаўляе два архетыпічныя макракосмы —мужчынскі і жаночы, якія сёння праблематызуюцца шматпалярнасцю сучаснай культуры”, — пазначаецца ў анатацыі, але ў дадатак хочацца сказаць, што тыя “два макракосмы” падаюцца праз паняцце цялеснасці. Ці змянілася гэтае вымярэнне сёння? Што значыць “мужчынскае” ці “жаночае” зараз? Аўтары, разважаючы на гэты конт, спрабуюць парушыць межы ўспрымання мужчынскага і жаночага "прызначэнняў". Актуалізуючы біблейскія міфы, фатографы праводзяць і іх “рэвізію” — “рэканструкцыю № 1”. І фатаграфія ў дадзеным выпадку таксама становіцца сродкам, які праходзіць этап своеасаблівай “рэканструкцыі” — аднаўляючы сваю вартасць сакральнага “святлапісу”.

Насамрэч, гэтымі выстаўкамі маладое фота сябе на Месяцы фатаграфіі не абмежавала.

Праект Аляксея Шлыка і Міхаіла Лешчанкі “Сонны лес” прысвечаны Белавежскай пушчы. Ён выконваецца з задзейнічаннем тэхнікі мокрага калодыя ў стварэнні выявы лесу. Словам, медыяльнасць фатаграфіі, выкарыстанне яе магчымасцей у залежнасці ад патрэбнага “месэджу”, паслання — той трэнд, які прадэманстравалі маладыя фатографы на фестывалі. І асабліва парадавала тое, што фота ў гэтай спробе спасціжэння свету аказалася канкурэнтаздольным з іншымі сучаснымі медыя. Хачу дадаць, што ў рамках падзеі адбылася прэзентацыя інтэрнэт-часопіса “Imbalance” (“Дысбаланс”). Мэта яго — “пошук і падтрымка маладых беларускіх аўтараў, наданне бачнасці іх праектам”. Гэта ўжо трэці выпуск выдання (яно звычайна ўтрымлівае серыі пяці аўтараў — гэта каля ста старонак), рэдактарам якога з’яўляецца таксама прадстаўнік маладога пакалення фатографаў — Аляксандра Салдатава.

— Сёння маладыя фотамайстры сутыкаюцца з тым, што часам ім няма дзе знайсці падтрымку, паказаць сябе. Тым больш, калі асноўныя пазіцыі ў беларускай фатаграфіі займае клубная, — патлумачыла матывацыю стварэння падобнага рэсурсу Аляксандра. — Але апошняе — усяго толькі адзін з яе кірункаў… Мне цікавая тая фатаграфія, якая гаворыць пра сучаснасць”, — адзначае свае перавагі рэдактар, што працуе з работамі як куратар.

Канчатковым жа перакананнем, што ў існаванні маладой беларускай фатаграфіі не варта сумнявацца, стаў для мяне дакументальны фільм Максіма Багдановіча “BY NEW”, які прадставіў маладых аўтараў нашумелай кнігі “BY NOW”, што распавядае пра сучасную Беларусь. Прэм’ера стужкі таксама адбылася ў рамках фотафоруму. Магчыма, аўтары, чые работы ўвайшлі ў выданне, ініцыяванае Андрэем Лянкевічам і падтрыманае нямецкімі куратарамі, і не могуць казаць за ўсё пакаленне. Ды ўсё ж тое, што яны кажуць за сябе, — зусім не падаецца эпігонствам.

Гаворку пра найбольш адметныя падзеі Месяца фатаграфіі ў Мінску мы распачалі ў "К" № 43. 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"