Чалавечае аблічча музыкі

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Сафія ГУБАЙДУЛІНА, кампазітар: Расія — Германія
— Мастацтва — гэта такая таямніца, якую нельга выказаць словамі. Тэхналогіі, выкарыстанне электронікі, разнастайнай “разумнай машынерыі” будзе, безумоўна, удасканальвацца і прывядзе да неверагодных вынікаў. Але мяне больш за ўсё хвалюе не тое, ці заменіць машына чалавека, а — сам чалавек. Ці не будзе ён, калі пойдзе па машынізаваным шляху, пакутаваць? Ці не акажацца прыгнечаны стан ягонай душы?..

/i/content/pi/cult/503/10808/6-2.jpgБо татальнае выкарыстанне камп’ютарнай тэхнікі ў кампазіцыі можа прывесці да таго, што вынік будзе стратай, а не набыццём. Прывяду такі прыклад. Адзін з маладых і вельмі паспяховых амерыканскіх кампазітараў неяк даваў радыёінтэрв’ю і на пытанне, ці зможа ён напісаць нейкі твор без камп’ютара, адказаў: “Вядома, не! Бо як я праслухаю тое, што атрымалася?” Гэта значыць, што ягоны ўнутраны слых ужо не дзейнічае, бо ім доўгі час не карысталіся. Але галоўнае для кампазітара — уменне чуць музыку ўнутры сябе. І раптам аказваецца, што гэта стала непатрэбным, таму і не развіваецца. Калі ж няма той унутранай музыкі, а ёсць толькі “знешняя”, заснаваная адно на прафесійных навыках, творчасць ператвараецца ў вытворчасць — і не больш за тое.

З чалавекам непасрэдна звязана і паняцце чалавечнасці. А разам з ім — супрацьстаўленне: кроўная помста ці хрысціянская дактрына аб дараванні. Здавалася б, абсурд: падставіць другую шчаку. Але па-за тым стаіць ісціна: толькі дараванне выратуе чалавецтва ад пагібелі. Бо кроўная помста — бясконцая, яна скончыцца толькі тады, калі загіне апошні. Вось і атрымліваецца, што чысты ідэалізм не такі ўжо смешны ды бездапаможны: толькі ён, а зусім не прагматызм, можа прадоўжыць жыццё ўсёй планеты. Калі мы назапасілі столькі сродкаў масавага знішчэння, чалавецтва захавае сабе жыццё толькі тады, калі навучыцца дараваць…

Чалавек — гэта яшчэ і стасункі. Мне пашчасціла, што мае творы апынуліся ў руках геніяльных выканаўцаў. Калі я толькі пачынала сваю кампазітарскую дзейнасць, было адчуванне нейкай безнадзейнасці. Я марыла, каб мае творы былі выкананы хаця б для трох чалавек у зале. Сёння гэта ўжо не тры чалавекі, а куды больш. Але як утрымліваць такую ўвагу і надалей?..

Вельмі важная ініцыятыва музыкантаў-выканаўцаў, я вельмі цаню іхнія водгукі, іх крэатыўнасць. Падабаецца, калі яны самі штосьці прыдумляюць, дабаўляюць. Так, пасля сустрэчы з Фрыдрыхам Ліпсам на творчым гарызонце ўзнік баян. Я бачу ў гэтым інструменце нейкую істоту, якая зараз сцвярджае сябе. Ён быў пераважна акампаніятарам прыпевак, а цяпер гучна заяўляе пра сябе, выходзіць з сялянскай завалінкі ды гарадскога саду на філарманічную сцэну. Некаторыя лічаць яго “сыходзячым” інструментам, я ж, наадварот, — узыходзячым. Ён яшчэ ў стадыі развіцця. І мае такія якасці ды гучанне, якімі ніякі іншы інструмент не валодае.

Увогуле, у кожнага музычнага інструмента — сваё аблічча. Я да іх неабыякавая, у мяне шмат “улюбёнцаў”. Віяланчэль, скрыпка, альт — што можа быць больш чароўным? Гэта нешта неверагоднае! Але толькі ў кантрабаса, які кампазітары часта абдзяляюць увагай, могуць атрымацца такія сумныя, кранальныя флажалеты — з адчуваннем глыбокага, але прыхаванага трагізму.

Музыка — не прымітыўнае мастацтва. Яе нельга зразумець — можна толькі адчуць. А самае глыбокае ўспрыняцце — гэта калі чалавек не ідзе непасрэдна за музычным тэкстам, а ўзнімаецца вышэй за яго…

Фота Яўгена КОЛЧАВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"