Ці патрэбен супергерой для нашай сферы?

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Надзея ІЛЬКЕВІЧ, кіраўнік Цэнтра культурнага менеджменту
Ці патрэбны нам супергероі ў культуры? Скажам, у горадзе Мінску? А ў рэспубліцы наогул? Лепш без іх, бо цалкам дастаткова штодзённай дзейнасці, якая таксама прынясе свае вынікі? Проста, вынікі з’явяцца пазней, чым патрэбна, калі вада падточыць-такі камень. У такім выпадку я заўжды непакоюся пра тое, каб згаданае “пазней” не спазнілася настолькі, што і вынікі акажуцца марна страчаным часам.

/i/content/pi/cult/503/10806/5-3.jpgВось з усіх гэтых прычын я і задумалася пра стварэнне “Школы супергерояў”, што да 21 лістапада збірае заяўкі ад патэнцыйных удзельнікаў. Па вялікім рахунку, яе перспектыўная дзейнасць нават і не павінна абавязкова тычыцца менавіта культурнай дзялянкі — хутчэй, сацыякультурнай. Але, будзем шчырымі, тое, што атачае нас штодня ў грамадстве, і з’яўляецца прасторай культуры ў шырокім сэнсе.

Вынікам працы (а ў яе ўваходзіць навучанне на такіх курсах, як, да прыкладу, сацыякультурнае праектаванне, крэатыўныя індустрыі, маркетынг у сферы культуры, івент-менеджмент ды іншыя праекты) з 42 удзельнікамі стануць сем праектаў. Членам каманд давядзецца адпрацаваць іх “ад і да”, у тым ліку праз прыцягненне мясцовай супольнасці — як прыватных асоб, так і ўстаноў — да рэалізацыі задумы, кантакты з уладнымі структурамі канкрэтнай адміністрацыйнай адзінкі сталіцы, задзейнічанне бізнесу. А яшчэ — фандрайзінг, мастацтва прэзентацыі ідэі. Як спецыялісту ў сферы культуры мне дакладна зразумела: такіх ведаў (а не проста бяздумнага карыстання тэрмінамі) сёння бракуе работнікам нашай галіны на розных узроўнях, асабліва тым, на каго ўскладзены менеджарскія задачы.

Так, гаворка ў гэтым, першым па ліку, праекце ідзе выключна пра абшары Мінска. Усё ж такі тут больш адпрацаваны схемы ўзаемадзеяння паміж ініцыятывамі рознага ўзроўню з тымі ж гарадскімі ўладамі (прыгадайце фестывальныя дзеі ў Грушаўцы ці Малінаўцы), большая канцэнтрацыя задум і асоб, экспертаў, што здольныя прыйсці на дапамогу парадамі, сваім досведам. Але праграмай максімум у найбліжэйшай перспектыве мне хацелася б бачыць рэалізацыю сацыякультурных ініцыятыў па-за МКАД.

Яшчэ адна дэталь. Вельмі хацелася б, каб у поле ўвагі супергерояў трапілі і традыцыйныя ўстановы культуры са сваім крэатывам. Найперш тым, які тычыцца гарадской прасторы наогул. Уласна, я не бачу для гэтага ўзаемадзеяння ніякіх перашкод. Чаму б, скажам, бібліятэцы — не галаўной установе ЦБС, а філіялу ў мікрараёне — не выставіць для рэалізацыі ўласны праект? Работнікі кніжніцы атрымаюць, упэўнена, дэфіцытныя веды, а таксама магчымасць засвяціцца, прынамсі, у прасторы сваёй лакацыі. І да іх пойдуць людзі. Для пачатку, каб паглядзець на гэтых крэатыўных бібліятэкараў, а пасля… Дый ці варта казаць, як хутка добрае становіцца завядзёнкай.

Урэшце, нагадаю для тых работнікаў культуры, хто прытрымліваецца кансерватыўнай лініі: тыя ж даволі раскручаныя святы ў мікрараёнах (апроч двух згаданых, вядзецца праца яшчэ над некалькімі імпрэзамі такога кшталту ў іншых кутках сталіцы) зладзілі проста ініцыятыўныя людзі, не атрымліваючы загадаў “зверху”. Але магу зразумець і скепсіс: а ці не стане падобнае праектаванне прычынай нейкага незадавальнення кіраўніцтва (маўляў, “схавацца ў бульбу" ды "залегчы на дно” прасцей)... Ды тут усё ж варта разумець сітуацыю ў культурнай прасторы і ўсведамляць пільную патрэбу апошняй у абнаўленні.

І яшчэ адзін момант. Сярод найважнейшых вынікаў “Школы супергерояў” я бачу менавіта наладжванне кантактаў паміж ахвочымі да крэатыўных задум гараджанамі ды мясцовымі органамі ўлады. Чаму? Бо нярэдка менавіта на гэтым узроўні ланцужок узаемадзеяння дае збой, тут існуюць застаялыя праявы інертнасці да такіх крэатыўных усплёскаў. Спадзяюся, адразу сем праектаў, датычных культурнай ці сацыякультурнай прасторы, паўплываюць на змены ў такім становішчы.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах