З чым “ядуць” беларускі медыеваль?

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Зміцер САСНОЎСКІ, лідар гурта “Стары Ольса”
Як мне падаецца, чалавек пачынае граць тую музыку, якой яму ў жыцці не хапае. Патрэба ствараць музычны твор нараджаецца тады, калі сярод існай навакольнай музычнай культуры адсутнічае тое, што хацелася б слухаць. Калі б у 1997 — 1998 гадах узнік гурт, падобны да “Старога Ольсы”, я стаў бы ягоным фанам, ездзіў бы на яго канцэрты, працягваў надалей калекцыянаваць старыя інструменты, і нават не задумваўся б пра ўласную канцэртную практыку…

/i/content/pi/cult/503/10805/5-2.jpgУ пачатку 1990-х на Беларусі сярэднявечнай музыкі многім не хапала. Гуртоў стылю медыеваль (Сярэднявечча) проста не існавала. Рыцарскія клубы, турніры, першыя тэатральныя пастаноўкі на такія тэмы, фестывалі фальклорнай музыкі — да сярэднявечнай музыкі моцна цягнула, але яна не была даступнай. Часткова ратавалі замежныя выканаўцы (немцы, французы, шведы, чэхі), але яны неслі ў сваёй музыцы крыху іншыя, і таму чужыя эмоцыі. А вельмі хацелася, не выключаючы агульнаеўрапейскае, атрымаць нешта пачуццёва сваё — у манеры ігры, аранжыроўках, інструментах, рэпертуары, у мове, нарэшце!

А яшчэ моцна абурала жорсткае абмежаванне жанраў. І тое, што далятала з Еўропы, і тыя першыя крокі, якія рабілі айчынныя музыканты, — усё выразна падзялялася па паходжанні: камерна-палацавая музыка, гарадскі танцавальны пласт, духоўная музыка, рыцарскі эпас, старадаўні фальклор і, нарэшце, незабыўнае фэнтазі на тэму Сярэднявечча. “Кантабіле” выконвалi барока — “Полацкі сшытак”, гурт “Камелот” сачыняў стылізаваныя песні на сярэднявечныя тэмы, “Ліцвіны” знаёмілі з архаічным фальклорам. І ўсё. У тыя гады не знаходзілася ні ў нас, ні ў Еўропе гурта, які пачаў бы смела складаць у адну канцэртную праграму спадчыну розных пластоў грамадства: магнатаў, рыцараў, духавенства, гараджан і сялян. А іхнія культуры актыўна варыліся ў адзіным рознасацыяльным і рознаэтнічным катле, які з сябе ўяўляў сярэднявечны горад.

Але пакрысе пачалі працаваць майстры па вырабе ліраў, дудаў, лютняў. Пазней з'явіліся майстры, што стваралі гуслі. Я асабіста перакананы, што беларускі медыеваль пачынаў сваё жыццё ад захаплення старадаўнімі інструментамі. На іх гралі, іх гукамі захапляліся, рабілі першыя кволыя спробы спалучаць інструменты між сабой. І толькі потым пакрысе ўзнікла патрэба пошуку рэпертуару. Недасведчанасць ва ўласнай музычнай гісторыі вылівалася ў шматлікія стылізацыі. Пасля пачалося засваенне агульнаеўрапейскага рэпертуару — папулярных у краінах Еўропы старадаўніх танцаў. Потым — пошукі свайго старадаўняга фальклору. І ў апошнюю чаргу пачалі звяртацца да ўласных рэнесансавых кампазітараў, “Віленскага сшытка”, “Полацкага сшытка”, лютневай спадчыны... Гэта быў стыхійны і непадкантрольны працэс. Нейкая наканаванасць, што была непадуладная нам, але адпавядала нашым памкненням.

Беларускі медыеваль прайшоў некалькі этапаў стылістычнага сталення: інструментальныя доследы, стылізацыя-фэнтазі, агульнаеўрапейская спадчына, фальклорная архаіка, уласная спадчына. Зараз гэта — аўтарытэтны і шматлюдны рух, пра які ведаюць у многіх краінах, а тыя, хто не ведае, вельмі здзіўляюцца пры першым знаёмстве. І мы заслужылі гэтае стаўленне. У Беларусі шмат таленавітых людзей доўгі час рабілі нямала намаганняў па вяртанні ды засваенні сярэднявечнай музыкі. Мы аднавілі шмат забытых інструментаў, вярнулі да жыцця многія страчаныя і замоўклыя творы. Вельмі радуе супрацоўніцтва паміж музыкамі і гуртамі. Радуе ўвага да рэнесансавай ды барочнай спадчыны акадэмічных музыкантаў і даследчыкаў.

Але, вядома, ёсць і праблемы. Адсутнічае супрацоўніцтва паміж музыкантамі, з аднаго боку, і танцорамі — з іншага. Утварыўся вялізны дысбаланс паміж харэаграфічнай спадчынай, якую аднавілі танцавальныя тэатры, і рэстаўраваным музычным рэпертуарам. Музыканты часта граюць тое, што танцоры не адрэстаўравалі, а танцоры здолелі зрабіць рэканструкцыю танцаў, якіх музыканты яшчэ не развучылі.

Другая праблема — у частковым супадзенні рэпертуару. Часам адну і тую ж кампазіцыю на адным канцэрце выконвае два ці тры гурты. Варта ўвесці прынцып, па якім засвоены рэпертуар не павінен супадаць у гуртоў. Гэта падштурхнула б да новых пошукаў. Дарэчы, у асабістых размовах многія музыканты пагаджаюцца з такім прынцыпам. І тут варта адзначыць добрую і кампанейскую прыязнасць між намі.

Маем выдатныя магчымасці, багацце талентаў, цікавасць удзячнай публікі (унутры краіны і за мяжой) і — самае галоўнае — велізарную музычную спадчыну, якая дазволіць яшчэ многім пакаленням праяўляць павагу да сваіх музычна адораных продкаў!..