Сацыяльныя сеткі і культура без скепсісу

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Валерый ДАЙНЭКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст ансамбля “Беларускія песняры”
Скажыце шчыра, ці змяняецца ваша стаўленне з нейтральнага на скептычнае, калі вы чуеце ў адной звязцы словы “сацыяльныя сеткі” і “культура”? Для мяне нейкай мяжы непрыняцця ў гэтым плане няма: я не пагаджуся, што масавасць альбо даступнасць такіх медыя зробяць культурнай прасторы “мядзведжую паслугу”, пазбавіўшы яе налёту элітарнасці.

/i/content/pi/cult/503/10804/5-11.jpgЗ аднаго боку, сапраўды мусіць неяк напружваць пры праглядзе сваёй стужкі навін суседства галерэі рэпрадукцый работ Рэмбранта ці Маціса, выстаўленых у адной групе з нагоды ўгодкаў майстра пэндзля, і котак-папугаяў ды падобных мімімішных звяркоў з іншай суполкі. Але, нават прымаючы пад увагу большую запатрабаванасць шырокай аўдыторыяй апошняй з названых групы спасылак ды кантэнту, культурная інфармацыя не пралятае міма, а застаецца ў падкорцы і, пры патрэбе, ва ўсечанай форме, можа аднавіцца. Пры сваёй павярхоўнасці, кліпавасці, і такое знаёмства з культурай не акажацца лішнім. Так што фармальна няхай перад намі і сапраўды масавая (маскультурная) з’ява, але ад гэтага яна не перастае заставацца культурай.

Урэшце, масавасць сацыяльных сетак дазваляе мне быць заўжды ў курсе культурных падзей, планаваць свой графік, выбіраць з мноства імпрэз тыя, што мяне зацікавяць, часам — крыху пазайздросціць сябрам, якія змаглі выбрацца на падзею, што аказалася для мяне недаступнай (да прыкладу, мінскі канцэрт амерыканскага гітарнага віртуоза Лары Корыэла у Белдзяржфілармоніі супаў з канцэртамі “Беларускіх песняроў” у іншай краіне). А вось што раздражняе, дык гэта навязлівасць рэкламы, якая прэсінгуе цябе на кожным кроку. І ніякія настройкі прыватнасці акаунта тут, бадай, не ўратуюць на ўсе сто.

Сацыяльныя сеткі сталі цяпер шкалой вымярэння яшчэ адной культуры — культуры паводзін. Асабліва вострая рэакцыя сёння, вядома ж, на падзеі, звязаныя са становішчам на Украіне. Я не хачу аказацца ўцягнутым у нейкія палітычныя гульні праз заангажаванасць некаторых маіх фрэндаў па Сеціве ці рэальных знаёмцаў у падтрымку таго або іншага боку канфлікту. Даводзіцца нават наўпрост звяртацца да асабліва актыўных з настойлівай просьбай не ператвараць каментарыі да маіх спасылак (як правіла, нават і блізка не датычных да тэмы супрацьстаяння) у пляцоўку па распальванні нейкай варажнечы. Апошнім прыкладам стаў выпадак, калі я перапосціў даўжэзны тэкст пра тое, чым запомнілася наша дзяцінства і юнацтва ў СССР: асаблівая мода, марожанае ды газіроўка, нейкія прадметы побыту… У выніку, пад гэтым настальжы давялося праводзіць чыстку каментарыяў.

Адсюль і нюансы, звязаныя з адказнасцю не толькі артыста, але і любога ўладальніка сваёй публічнай старонкі за размешчаны на ёй кантэнт (згадаю тут расійскі закон аб прыраўнаванні асабліва чытаных блогераў да статусу сродкаў масавай інфармацыі). Так, я лепш буду на ёй коцікаў посціць, бо люблю жывёл, але не стану рабіць філіял інфармагенцтва.

Ну, і колькі слоў пра культуру зносін. Сацыяльныя сеткі размылі межы паміж артыстамі ды іх прыхільнікамі. Размылі, але — не змылі. Так, раней спевака можна было ў 99% выпадкаў сустрэць пад час яго канцэрта, а мастака — на вернісажы. Цяпер жа проста дадаць сваю сімпатыю ў сябры, падпісацца на абнаўленні, урэшце — напісаць асабістае паведамленне. Мне з падобнымі праявамі сутыкацца даводзілася, але, на шчасце, амаль без абвостраных выпадкаў, калі тымі ж электроннымі лістамі завальваюць. Ды ўсё ж празмерную актыўнасць сіх-тых фільтраваць даводзіцца.

Так што паняцці “культура” і “сацыяльныя сеткі” не ўзаемавыключальныя. Проста, змяняючы сродкі камунікацыі ды змяняючыся самі, мы фарміруем культурныя далягляды — больш адэкватныя часу.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах