“Па ходу, “крэйда”

№ 45 (1171) 08.11.2014 - 14.11.2014 г

Адгадаць, а не прыгадаць, або “Валера, это позор!”
Як пяецца ў адной вядомай сучаснай песні, “галоўнае — не што, а як”. Пра гэтую зусім не новую ісціну мне падумалася, калі суботнім вечарам у айчынным шоу “100 мільёнаў” на канале Агульнанацыянальнага тэлебачання двое маладога веку мужчын хаатычна перакладалі тоўстыя пачкі з грашовымі знакамі са стойкі на стойку. Яны спрабавалі адгадаць, якое ж слова рускай мовы абазначае беларускае “крэйда” (так, менавіта адгадаць, а не прыгадаць). Варыянты адказаў: “стол”, “карандаш”, “мел”, “фломастер”. Вам патрэбна хвіліна на роздум?

/i/content/pi/cult/503/10802/2-1.jpgДля мяне, як і для большасці беларусаў, не стане адкрыццём: інтэнсіўна паварушыць звілінамі для адказу давядзецца многім. На жаль, такія маем рэаліі валодання азамі беларускай мовы з савецкіх часоў. А слова “крэйда” не менш як дзевяць, а то і адзінаццаць гадоў запар даводзіцца чуць на школьных уроках беларускай мовы. Вядома, гаворка ідзе пра “мел”. Хлопцы, дарэчы, дайшлі да правільнага варыянту (спачатку быў “фломастер”) толькі пасля таго, як скарысталі падказку. А яна была задзейнічана ўжо тады, калі вядучы проста ў кадры схапіўся за галаву (а адзін з удзельнікаў так і сказаў пасля збянтэжаных пошукаў варыянту адказу: “Валера, это позор!..”)...

Чаму ж так адбываецца, калі словы, выразы, цытаты па-беларуску, вядомыя са школы, літаральна за год-другі пасля яе заканчэння трывала вылятаюць з галоў? А пра чытанне кніг на роднай мове (колькі разоў цягам апошніх месяцаў даводзілася пісаць на старонках “К” на такую тэму!) і казаць не стану. “Навошта чытаць іх, як і чытаць наогул?” — усё часцей сутыкаемся з падобнага кшталту пазіцыяй сучасніка-беларуса.

Прычын становішча мне бачыцца некалькі (вось і спатрэбілася педагагічна-філалагічная палова ў назве маёй спецыяльнасці па дыпломе). Уласна, стаўленне да ўрокаў беларускай мовы ды літаратуры ў школе як з боку вучняў, так і іх бацькоў ды настаўнікаў, запатрабаванасць гэтых ведаў у далейшым, а таксама, скажам так, месца дадзеных заняткаў у раскладзе ўрокаў.

Што да апошняга пункта, дык заняткаў сапраўды мала. Матэрыял (калі няма дабраахвотна-абавязковых дадатковых гадзін) даецца не проста павярхоўна. І, калі шчыра, нават не паводле знакамітага прынцыпу “галопам па еўропах”. Таму натуральнае і выказанае Прэзідэнтам Беларусі патрабаванне аб павелічэнні колькасці гадзін на выкладанне гэтага кірунку.

Запатрабаванасць? Але яе (за выключэннем тых, хто судатыкаецца з роднай мовай па прафесійных абавязках ці па закліку душы) практычна і няма. Апроч хіба такіх вось “форс-мажорных” пытанняў у віктарынах для вясёлых і кемлівых. Ну, часам дзіцяці нешта патлумачыць па школьных заданнях у меру абазнанасці. Адпаведнае і стаўленне вучняў, бацькоў, настаўнікаў. А ўсё названае агулам — паняцце прэстыжу, ці не так?

У кірунку ж дэкларавання яго, прэстыжу, павышэння радуюць выказванні высокіх чыноўнікаў пра магчымасць вяртання абавязковага экзамену па роднай мове за курс школы. А таксама, мяркую, цалкам слушныя развагі пра тое, што той самы чыноўнік проста павінен валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі паўнавартасна.

Цяпер жа пару слоў пра тое, што, на маю думку, не радуе, а, хутчэй, пакідае (выкажуся ў гранічна мяккай форме) у збянтэжанасці патрыятычнага чалавека, а таксама пра тое, чым, на жаль, актыўна падмяняецца сама тэза пра павышэнне прэстыжу беларускай мовы ў беларускім жа грамадстве. Зноў той жа канал “АНТ”, праграма “Я люблю Беларусь!”, нядзельны прайм-тайм. (Ну, пра тое, што Беларусь любяць не на роднай мове, казаць не стану. Як чалавеку, што працуе ў прасторы медыя, мне, асабліва з улікам таго самага прайма ды згаданых на пачатку артыкула рэалій, тут усё зразумела. Хоць аптымізм і той самы патрыятызм дазваляюць падумаць над варыянтамі. Скажам, ва Украіне ў шэрагу праграм закадравы голас і цітры могуць ісці на ўкраінскай мове, а вядучы — размаўляць на рускай; яшчэ варыянт — двое вядучых, кожны з якіх працуе на адной з моў. У выніку — усе задаволены.) Найбольш, паўтаруся, мякка кажучы, здзіўляе рубрыка гэтай праграмы, дзе паспяховыя асобы (у межах мясцовай прасторы) са смешачкамі спрабуюць па літарах узнавіць беларускае слова. Столькі шчырага смеху выклікае сама каструбаватасць, з якой нашы “зоркі” спрабуюць “пабудаваць” тое слова. Нярэдка, бачачы разгубленыя вочы “стараў”, — абсалютна ім невядомае. Бо па-беларуску не гавораць, не пішуць, не спяваюць. Карацей, пароль усё той жа: “крэйда”.

Так, радуе, што смяяцца над сабой “зоркі” не развучыліся, але наўрад ці правал — а як інакш назваць? — на тым або іншым беларускім слове (чым не доказ, што “як чуецца, так і пішацца” — не аксіёма роднай мовы) у агульнанацыянальным эфіры стане нагодай пашырыць свае веды ў беларускасці. І сорамна не будзе ім. Чаму? Зноўку гаворка мусіць ісці аб прэстыжы ды аб праславутым “навошта?”.

Наогул, памыліцца — не складана. Асабліва ўлічваючы тое, што дакладным вымаўленнем, скажам, айчынныя спевакі, якія выконваюць песні на вершы беларускамоўных паэтаў ды творы нацыянальнага фальклору, не асабліва пераймаюцца. (Урэшце, крытыка ім "да лямпачкі": яны ж — самі з вусамі, прадзюсарскія праекты, ага!) Напісана ж, што “рэчанька-рэчанька” — “не поўная… не роўная”, дык навошта згодна з арфаэпіяй прапяваць “ня поўная… ня роўная”? А беларускамоўная “песня” без “сьн” у вымаўленні — зусім і не наша. Дарэчы, вельмі здзівіўся, пачуўшы, як вядомы айчынны ансамбль дасканала артыкуляваў у творы слова “нарэшце” як “нарэсьце”…

Але вернемся да прэстыжу мовы. Вось “Я люблю Беларусь!” задумана, каб спрыяць яго павышэнню (у ліку павышэння прэстыжу ўсяго беларускага). І знаходжанне дадзенай праграмы менавіта ў такім выглядзе ды яшчэ і ў прайм-тайм нацыянальнага канала мусіць працаваць на гэта: папулярны лікбез, калі жадаеце. А што яшчэ існуе ў гэткім жа кірунку на айчынным ТБ? Хвілінкі пра мову на “Беларусь 3”? Калі шчыра, разлічаны яны на тых, хто больш-менш у моўнай стыхіі, а яшчэ ў гэтых карацельках — пафасны налёт дыдактызму-акадэмізму. Як і не надта сучасным падаецца фармат віктарыны на тым жа канале, які нагадвае, хутчэй, школьны адкрыты ўрок. Што да мяне, дык я б пераключыў канал, каб часам не глядзеў больш з прафесійнага пункта гледжання такія перадачы. Яшчэ існуе аналагічная хвілінка ў ранішнім эфіры “АНТ”. На гэтым пералік амаль завяршаецца: астатнія праграмы ідуць ці па-беларуску, ці — па-руску. Без асаблівых варыянтаў і мэт у кірунку выкладзеных думак. Так што ад названага “масіву”, які мусіў бы працаваць на карысць пашырэння беларускай мовы, вынік атрымліваем фармальны. На жаль, спрацоўвае “галоўнае — не што, а як”.

Ну, і, відаць, для паралелі варта згадаць пра тое, што якраз-такі не фармальнае, але — вузкаарыентаванае, прычым на тых, хто да мовы ставіцца, прынамсі, прыязна. І вынік праз гэта — таксама адносны. Вось, стварылі праграму для планшэтаў ды смартфонаў “Слова дня”. Лексемы там і сапраўды далёка не ўсе вядомыя нават кожнаму другому. Але аўдыторыя — не масавая ў маштабе рэспублікі. А ёсць яшчэ серыя магнітаў на халадзільнік з дасціпнымі малюнкамі, што дазваляюць запомніць пэўныя фігуры мовы. Скажам, на тым, дзе абыгрываецца выраз “Ехаць на тралейбусе”, дзяўчына сядзіць на гэтым самым транспартным сродку. Дадамо сюды і папулярныя курсы “Мова нанова”, якія праз сваю забаўляльную форму збіраюць сотні чалавек у розных гарадах. Карацей, форма — цікавая, вынік — станоўчы, але масавасць — адносная. У выпадку з ТБ, масавасць таксама адносная — праз тое, што форма кульгае, як і вынік услед за ёй.

Відавочна, што намаганні ўсіх зацікаўленых суб’ектаў працэсу павышэння прэстыжу беларускай мовы патрабуюць аб’яднання, “мазгавога штурму” і атрымання сінтэтычнай цікавай формы падачы беларускай мовы як сродку камунікацыі максімальна масавай аўдыторыі. Гаворка тут, безумоўна, — пра тэлебачанне (нават не пра Інтэрнэт, бо гэта пакуль яшчэ прынцыпова розныя мэтавыя аўдыторыі; урэшце, у свеце ўсё так вокамгненна змяняецца…). І пра школу, дзе без такога моднага цяпер інтэрактыву ў найсучасных спосабах ды адаптавана для дзяцей і падлеткаў, відаць, не абысціся. Чаму? Бо так веды элементарна зафіксуюцца, застаючыся з чалавекам. Для гэтага сапраўды патрэбны дадатковыя гадзіны, разуменне неабходнасці (без таго самага “навошта?”) валодання беларускай мовай для вучняў ды іх бацькоў, зацікаўленасць настаўнікаў. Ну, і прыгадаем паўтораныя неаднойчы апошнім часам Прэзідэнтам словы, што без мовы няма народа.

А веды, пры выпадку, несумненна, будуць скарыстаны. Без форс-мажораў у духу апісанай мной “крэйды”.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах