Для армейцаў — штодня

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Сярод айчынных тэатраў Драматычны тэатр Беларускай Арміі вылучаецца не толькі падпарадкаванасцю Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь. Тут свая рэпертуарная палітыка, скіраваная на выхаванне ў гледачоў, якімі, дарэчы, з’яўляюцца не толькі вайскоўцы, патрыятычных пачуццяў, папулярызацыю ў грамадстве ваенных прафесій, вайсковай службы. Натуральна, што перад Днём абаронцаў Айчыны мы пацікавіліся ў мастацкага кіраўніка тэатра, драматурга Аляксея ДУДАРАВА пра тое, як гэтую дату адзначыць “армейскі” тэатр.

 /i/content/pi/cult/150/1080/Dudarau.jpg
— Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны тэатр павіншаваў ветэранаў: мы паказалі наш першы спектакль, з якога, уласна кажучы, і пачаўся Драматычны тэатр Беларускай Арміі, — “Ты памятаеш, Алёша...”.

— А ці не ладзіць тэатр сваю адмысловую акцыю для вайскоўцаў, прымеркаваную да 23 лютага?

— Паколькі мы — тэатр Беларускай Арміі, для нас не існуе адно толькі 23 лютага: свае акцыі для вайскоўцаў мы ладзім увесь час, прычым не толькі ў Мінску, але і ў вайсковых частках нашай краіны.

— Хутка тэатр адзначыць свой першы маленькі юбілей — пяцігоддзе.

— Цяпер рэпеціруем спектакль паводле маёй п’есы “Радавыя”. Мяркуем паказаць яго гледачам ужо ў сакавіку. А яшчэ спадзяёмся, што новы, пяты сезон мы сустрэнем ужо на сваёй сцэне — да таго часу рэканструкцыя Малой залы Дома афіцэраў мусіць завяршыцца.

Новая зала, новы спектакль — усё гэта мы прысвячаем 90-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, перад пачаткам спектакля ва ўрачыстай атмасферы вядучаму “вайсковаму” драматургу Аляксею Дудараву быў уручаны медаль у гонар 90-годдзя Узброеных Сіл РБ. Віншуем!


Ул. інф.