Міжнародная уверцюра

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

Учора ў Брэсце завяршыўся ХІХ Міжнародны фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”. На працягу чатырох дзён ён збіраў на сцэне Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі інструменталістаў Кітая, Іспаніі, Італіі, Польшчы, Нідэрландаў, Расіі, Украіны, Беларусі.

—Вельмі ўрачыстым, — расказала намеснік начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамара Паўлюковіч, — было адкрыццё фестывалю з удзелам нашага губернатара Канстанціна Сумара і міністра культуры Беларусі Уладзіміра Матвейчука. З іншых канцэртаў я вылучыла б наш традыцыйны “Калядны баль”. Сёлета мы рыхтавалі яго асабліва старанна, намагаліся яшчэ больш скіраваць у бок сапраўднага балю, які адбываецца пасля канцэрта, запрасілі гарадскі духавы аркестр. Дый публіка за ўсе фестывальныя гады ўжо прыахвоцілася да бальнага настрою: дамы прыходзяць у вячэрніх сукенках, кавалеры запрашаюць іх на танец. Вельмі ўразіла ўсіх музычная сям’я з Іспаніі: альтыстка Наталля Нікіфарава-Бадзія, яе муж — дырыжор Луіс Карлас Бадзія і дачка — скрыпачка Анна Марыя Бадзія.

Цудоўныя музыканты-інструменталісты былі з Кітая — піяністка Мін Лі, з Польшчы — скрыпачкі, лаўрэаты конкурсу імя Вяняўскага Юсціна Яра і Каміла Вонсік, камерны ансамбль “Kontineo”, з Украіны — Львоўскі струнны квартэт, часты госць у нашым горадзе. У фестывалі ўдзельнічалі некалькі аркестравых калектываў: камерны аркестр Брэсцкай абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Аляксандра Мартыненкі, аркестр Брэсцкага абласнога тэатра драмы і музыкі, які ўзначальвае Аляксандр Сасноўскі, Узорна-паказальны аркестр Пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь на чале з падпалкоўнікам Міхаілам Грыгарчуком, нарэшце, сімфанічны аркестр “Маладая Беларусь” пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Казінца. Дый музыка гучала самая разнастайная, на ўсе густы: ад рускай і замежнай класікі да фальклорных апрацовак, духоўных твораў і джаза. А праграмы выступленняў былі настолькі разгорнутымі, што пачынаць канцэрты даводзілася ў 18 гадзін і нават у 17.30.

Ды ўсё ж асаблівае месца ў праграмах займалі сачыненні Моцарта і Іагана Штраўса-сына, якія ўжо самі пасабе ствараюць адчуванне свята і сапраўдную калядную атмасферу, што не залежыць ад наяўнасці ці адсутнасці снегу ды іншых выкрунтасаў прыроды. Нават звонку заўважна, што адной з асноўных мэт “Студзеньскіх музычных вечароў” становіцца імкненне не толькі “на чужых паглядзець”, але і “сябе паказаць”: фестываль удала спалучае ў сваіх праграмах і нават у адным канцэрце выступленні замежных, сталічных і мясцовых музыкантаў. Асаблівы акцэнт ставіцца на стыпендыятаў спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі: у цяперашнім фестывалі ўдзельнічалі наша юная піяністка Юля Кірылец, гітарыст Арцём Галуза, скрыпачка Дар’я Варламава.

Паспяхова адбываецца супрацоўніцтва з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй: у Фартэпіянным канцэрце Моцарта на адкрыцці фестывалю саліраваў мастацкі кіраўнік сталічнай філармоніі, тонкі музыкант Юрый Гільдзюк, дый прыезд з Амстэрдама “на канікулы” Віталя Стахіевіча, былога выхаванца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе прафесара Зоі Качарскай, быў выкарыстаны “на ўсе 100”: напярэдадні свайго выступлення на брэсцкім фестывалі Віталь даў сольны канцэрт у Мінску. Так што “Студзеньскія музычныя вечары” сталі добрай уверцюрай да ўсяго “музычнага года” ў Брэсце, дзе шануюць і любяць не толькі эстраду.