Аўдыя & Відэа-6

№ 36 (1162) 06.09.2014 - 12.11.2014 г

Жнівеньскія аўдыя- і відэаработы айчынных выканаўцаў гэтым разам рэцэнзуюць музыкант гурта “Akute” Раман Жыгараў (A) і спецыяльны карэспандэнт “К” Алег Клімаў (B).

/i/content/pi/cult/502/10795/9-1.jpg

Аўдыя

Гурт “Джына”, міні-альбом “За серпанцінам”

А. Найшыкоўнейшы рэліз мінскіх “тулафілаў” з гурта “Джына” — выдатны прыклад эксперыментаў здольных на тое музыкантаў. Мы чуем, як хлопцы ўдала кіруюць рытмам і мелодыкай, кідаючыся памерамі, расплёскваючы шматсэнсавыя шаманскія заклёны кшталту “Лісты краіны прыліваў трэба чытаць маўкліва”. Усё зразумела і прыгожа. Усё трапна ды своечасова. Такая музыка лёгка кладзецца на вуха і сталаму меламану, нібыта прыйшоўшаму ў цяперашні час праз “Jefferson Airplane”, да самага сучаснага прог-року ці сінтэтычнага нью-вейв-рывайвла. Даспадобы “Джына” прыйдзецца і свядомаму хіпстару, які сумуе па беларускіх “Archive” ці “Blonde Redhead”. Дарэчы, “За серпанцінам” — другая работа ў дыскаграфіі гурта. Першы EP “Жывёла — добры фрэнд” быў выдадзены ў мінулым годзе. Відавочны якасны рост запісу і стабільнасць выканальніцкага майстэрства.

У нешматлікіх інтэрв’ю музыканты кажуць пра нявызначанасць творчых планаў, але мне падаецца, што з такой прадуктыўнасцю пра будучыню можна не клапаціцца. Хіба пошукі пэўнага гучання могуць крыху замаруджваць спрытнасць выхадаў новых рэлізаў таленавітых хлопцаў.

Складана вызначыць найбольш прывабную песню альбома, таму параю праслухаць усё цалкам.

В. “Задымленая” электронна-гітарная беларускамоўная музыка з ухілам у меланхалічны настрой. Зрэшты, запасці зусім у сплін не дадуць выразныя вакалы і інструментальнае суправаджэнне. Сімпатычны склад, якому хочацца пажадаць усё ж больш шчыльнага гучання: часам ёсць адчуванне паасобку галасоў і інструментаў, паасобку апошніх адно ад аднаго. Ну а непрыхаваная аднастайнасць матэрыялу з’яўляецца, мабыць, аранжыровачным ходам — прадуманым, узгодненым. Але, наогул, ёсць нешта, што зачароўвае ў прапанаванай рабоце, нейкая яе ўзвышаная аўра, такая, як у заключным, чацвёртым, трэку “Сфiнкс” — быццам бы фантазійным і адначасова прыземленым. Цалкам уежны праект для чылаўтаў, здольны разнастаiць у іх агульную расслабляльную атмасферу, нават унесці крыху раздражняльнасці ў напаўсоннае царства эксклюзіўна рэлаксуючай публікі. Не думаю, што гурт чакае прызнанне мас, на якіх яго творчасць і не разлічана. Клубы, вечарынкі з абмежаванай колькасцю людзей — вось доля гэтага калектыву…

Гурт “Hok-Key”, альбом “Znak Biady”

А. Мінскі метал-гурт “Hok-Key” існуе з 1994 года, і, як кажа нам афіцыйны сайт музыкантаў, ён прайшоў няпросты шлях звычайнага беларускага метал-бэнда. Росквіт гурта, як і росквіт падобнай хвалі ў Беларусі, прыйшоўся на канец 90-х, ну а зараз музыканты сведчаць аб своеасаблівым адраджэнні. Гэта не можа не выклікаць павагі.

Музычна на альбоме мы чуем архаічны, у пэўным сэнсе слова, фольк-метал, які пераклалі са старажытных ваярскіх коней на сучасны двухкалёсны транспарт з рухавіком унутранага згарання. Гітарныя рыфы рассякаюць паветра, нібы сапраўдная баявая сякера, перамяжаючы моцныя запілы хуткаснымі сола. Чуецца, што людзі, што ўзяліся ўзняць баявы дух беларускаму металхэду, добра ведаюць, як гэты самы «хэд» яму адсекчы, але перад гэтым усё ж за нешта там паваяваць. За эстэтычна меладычны складнік у гурце адказвае жаночы вакал Ірыны Сапуновай, якая, дарэчы, пазначана і як аўтарка тэкстаў каманды. Гэта значыць, менавіта ёй слухач абавязаны пагрозлівым “час адказу набліжаецца”, лагодным “наша зямля — поўніцца цудам яна” ці чароўным імітацыям “Не кувай, мая зязюля”.

Альбом “Znak Biady” атрымаўся роўным, добра зладжаным рэлізам і нагадае пра часы існавання гурта “Vicious Crusade”, у самым пазітыўным сэнсе гэтай з’явы.

В. Да свайго 20-годдзя каманда, што як толькі стылістычна ні трансфармавалася за сваю гісторыю, ператварылася ў кандовы метал-бэнд, выконваючы гучнагалосыя, пафасныя песні, гімны ды харалы ў славу Беларусі мінулай, цяперашняй і прыдуманай. Ператварыцца ў маркотнае нішто ўсяму гэтаму «сюррэалізму» не даюць лірычныя адступленні ад асноўнай тэмы альбома (гэтак жа псеўдапатэтычныя, таму фрагментамі смешныя) і выразна заўважны ў некаторых кампазіцыях сцёб (адметная рыса калектыву наогул), адлюстраваны перш за ўсё ў інтанаванні. Слых, вядома, рэжа, калі ў адным і тым жа трэку пасярод вакальнага ўзнёслага апелявання да чагосьці патрыятычнага праслізгвае галасавая ж паўусмешка. Застаецца адчуванне абдуранасцi. Вось такая яна, любоў да роднага краю: падобна, што шчырая, але аддае лёгкай карціннасцю ў паставе; яшчэ не пошласць, але блізкая да кітчу. За чыстую манету я гэты рэліз дакладна б не прыняў: падманка, зробленая больш-менш змястоўна, душэўна і разумна. А лепшы нумар — фінальны кавер “Welcome to the Machine” вялікіх “Pink Floyd”, вытрыманы ў індастрыэл-ключы…

Гурт “Kaverin”, альбом “Naked”

A. “Kaverin” прапануе слухачу порцыю індзі, цалкам сабе брытанскага ўзору, разлітага ў горадзе Гомелі. Чатыры хлопцы без аглядкі на Сож пераносяць нас на берагі Тэмзы, дазваляючы адчуць сябе крыху на “Уэмблі”, трошкі — на аўтапаці якога-небудзь канцэрціка ў Соха. Як бы прачынаешся раптам пасярод бутэлек, а там зусім не той склад напояў, на этыкетках — зусім не тая мова, як звычайна. З грымёркі ў грымёрку перамяшчаюцца “крыбсы”, выступаць рыхтуюцца “тубсы”, а інтэрв’ю бярэ які-небудзь Нік Грымшоу. Не з табой усе гэтыя ДК, усе гэтыя непрабіўныя вароты сінявокiх прамоўтараў, усе гэтыя гарады, якiя не разумеюць твайго звышсучаснага генія. Тыпу: “Вось жа як трэба. Як усе валяць ужо. Гэта той самы мэйнстрым — просты, для ўсіх. Вочы расплюшчы!” Але ў адказ — толькі трыццаць чалавек па “прыглосах”.

А ў хлопцаў усё ў парадку. Гэтыя таксама ведаюць, як трэба. Усё на сваім месцы. Нават — вы не паверыце! — акцэнт. І вось “канцiк” у гэтым самым Соха, напрыклад, адыграны. Усе грузяцца ў каляску — і па таўнхаусах, па таўнхаусах: раніцай жа яшчэ на “Бі-Бі-Сі” пяць інтэрв’ю, дый наогул, “я так стаміўся, мілая, пагналі хоум”.

Ранак, вядома, сустрэне рэчыцкім пахмеллем. Не забароніш марыць гэтаму люду. Дый не трэба.

B. Англамоўны індзі-рок/брыт-поп ад гамяльчан. Вельмі ўпэўнены, меладычны, энергічны, калі таго патрабуе драматургія кампазіцыі, і мякчэй, адпаведна. Аматары ўсяго таго, што іграецца ды спяваецца з сучаснага на туманным Альбіёне і ў астатняй Еўропе, расчараваныя не будуць. Адказвае канонам, вымаўленне не кульгае, б’юць па струнах і барабанах прафесійна. Лабавых шлягераў няма, але рэліз ад гэтага бяднейшым не становіцца. Здавалася б, суцэльныя плюсы. Мінус — адзіны (ці пераважвае ён плюсы — не бяруся сцвярджаць цвёрда): няма выразна выяўленага свайго аблічча, па якім калектыў можна было б беспамылкова вылучыць сярод многіх і многіх айчынных выканаўцаў, якія аддаюць перавагу мове Шэкспіра і акордам “The Beatles”. А песні добрыя ёсць: “Seaside”, “Tina’s Tears (Song About True Love)”, “Fire”. Не хачу прынізіць творчасць ды магчымасці каманды, але калі з яе выгадуецца моцны серадняк, то асабіста я гэты факт буду лічыць поспехам.

Відэа

Гурт “Бульвар”, кліп на песню “Пустэча”

А. Сацыяльная агнозія — гэта такая паталогія мозгу. Напрыклад, чалавек бачыць прадметы, але не разумее, для чаго яны прызначаны. Вось гэта мы і назіраем у кліпе гурта “Бульвар” на песню “Пустэча”. Хлопец бавіць свой дзень на кухні, збіраючы кубік Рубіка. З прычыны сваёй паталогіі, магчыма, ён не разумее, што менавіта рабіць з падобным дэвайсам, таму ў нейкі момант кубік пакрышаны ў пацяруху. Ведаеце, я асабіста не ўзгадаю, каб збіраў такую цацку, але зразумець героя мне лёгка, хоць асаблівых суперажыванняў яго праблем цi адчування той самай пустэчы ў мяне не ўзнікла. Хутчэй, гэта пустэча зусім іншага кшталту…

Асобна пра музыку. Гітарны рыф — класічна гатычны. І па-праўдзе добры. У нейкі момант нават здаецца: яшчэ крышачку i... “Under neon loneliness motorcycle emptiness”, ну, ці хаця б “Твая прыгажосць, прыгажосць не дае мне спакою”. Бо — таксама пра адзіноту, пустэчу. “Бульвар”, на самой справе, нікуды не адрываецца ад каранёў падобнай музыкі, вернай шэрым запаветам Манчэстэра, Уэльса і амерыканскага гатычнага Поўдня.

Песня “Пустэча” выдатна падышла б для дзённых эфіраў незабыўнага “Нашага Радыё” — дзе-небудзь пасля гурта “Пілот”, але абавязкова перад нечым пазытыўным, каб слухач не засумаваў…

В. Сумная і так добра знаёмая многім гісторыя. Чалавек, абмежаваны сваім пакоем-светам, пачынаючы суткі, здзяйсняе шэраг штодзённа аднолькавых рухаў-дзеянняў. Разбурыць, напэўна, агорклы яму парадак рэчаў рашучым учынкам ён не рызыкуе, толькі механічна круціць у руках кубік Рубіка, на пяці квадраціках якога нанесены літары “ж”, “и”, “з”, “н”, “ь”, якія ў чаканае слова ў выніку не складуцца. Змяняюцца лічбы ў зваротным адліку ад 100 працэнтаў: мабыць, гэта падае жыццёвы тонус. Але не скончыцца, не хвалюйцеся. Раскурочыўшы кубік (адзіны крок, якi выбіваецца з руціны), герой песні тым самым дасягае пункта незвароту, і — правільна, сюжэт перамотваецца назад, да ложка, дзе спіць мужчына, якому заўтра зноў уставаць і зноў пачынаць лянівую хаду па крузе...

Уласна, і песня пра гэта: пра тое, што хтосьці не ў сілах нешта змяніць у сваім аднастайным жыццi. А калі б змяніў, то гэта было б ужо іншае відэа. Ды іншая кампазіцыя: не сумная і беспрасветная, а баявая ды аптымістычная. Просценькі кліп, просценькая кампазіцыя…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"