Экспазіцыя падзелена на тры тэматычныя групы: гісторыя беларуска-польскіх адносін, дзейнасць Генеральнага консульства ў Гданьску, сучасная Беларусь у фотааб’ектыве. Дадаткова на выстаўцы прадстаўлены кнігі і друкаваныя матэрыялы пра Беларусь з фондаў бібліятэкі Гданьскага універсітэта.
Імпрэзу адкрыў Генеральны консул Беларусі ў Гданьску Р.Есін. Ён падкрэсліў, што на працягу 15 гадоў былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскай вобласцю і Куяўска-Паморскім ваяводствам (2005 г.), Гомельскай вобласцю і Любускім ваяводствам (2007 г.), усталяваны партнёрскія адносіны паміж гарадамі Ліда і Кашалін, Баранавічы і Гдыня, Мазыр і Хойніцы ды інш. Генеральнае консульства разам з беларускай дыяспарай Памор’я пры падтрымцы мясцовых улад арганізавала выстаўкі М.Шагала і В.Шаранговіча, адкрыццё памятнага знака Янку Купалу ў Гданьску.
Рэктар Гданьскага універсітэта А.Цэйнова адзначыў, што з пачатку 1990-х гг. навучальная ўстанова ў Гданьску актыўна супрацоўнічае з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Адкрыццё выстаўкі ў бібліятэцы Гданьскага універсітэта пашырыць веды выкладчыкаў і студэнтаў пра Беларусь.
Ул. інф.