Бясконца добрае сэрца

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Свет узвышаных мрояў Міхаіла Чэпіка
…Чэпік, аднак, сцэнографам так і не стаў. Галоўным на ўсе гады засталося станковае мастацтва: лірычны пейзаж, карціна, кветкавы нацюрморт, акварэль, замалёўкі алоўкам, фламастарам, пяром. “Ні дня без пэндзля” — гэта пра Чэпіка. Для ягоных твораў не хочацца скарыстоўваць тэрміны з мастацтвазнаўчага слоўніка накшталт “паэтычная метафара” або “дэкаратывізм”. Хіба ўсё ў мастацтве патрабуе дакладных фармулёвак? Проста, трэба глядзець на гэтыя палотны, здзіўляцца, дыхаць свежым, пяшчотным світанкам, з асалодай любавацца люстэркамі азёр Міншчыны ды Лепельшчыны, адмысловымі абрысамі аблокаў, дымчата-шэрымі даляглядамі, рытмамі старажытнага і вечна маладога Мінска. І тады нікога з нас не трэба будзе заклікаць да абароны навакольнага асяроддзя. Такія творы, як “Час цвіцення траў”, “Сон”, “Горад увечары”, “Восеньскі прыпар”, “Жніво”, “Адцвіла грэчка”, “Азёрны край”, “Лепельскі край”, “Буслы”, і сёння могуць упрыгожыць любую выстаўку, любы музей.

/i/content/pi/cult/501/10786/15-1.jpg

Міхаіл Чэпік. "Балада пра салдата".

/i/content/pi/cult/501/10786/15-3.jpg

 

 

Міхаіл Чэпік. "Мінск. Барва восені".

/i/content/pi/cult/501/10786/15-4.jpg

 

Міхаіл Чэпік. 

Колькі кіламетраў па зямлі беларускай прайшоў Міхаіл Чэпік — не злічыць! І заўсёды, ва ўсялякую пару і ў любы час, ставіў эцюднік, каб пісаць. Здаралася, і дождж, і мокры снег, і спёка, і вецер, а ён — з эцюднікам. Без сцежак, без соснаў ды бяроз, без рэк і палёў, без мінскіх панарам і ўтульных дворыкаў юнацтва часоў вучобы ў мастацкім вучылішчы Міхаіл Піліпавіч не мог жыць: што там, за тым узгоркам, за тым лесам, за тым старадаўнім домам, на тым баку?..

Адзін з пейзажаў мастака мае назву “Родны кут”. У адвечнай цішы змоўкла, бы застыла, лясное мора — блакітна-зялёнае на пярэднім плане, насычана-ўльтрамарынавае ўдалечыні. Зграбная жанчына з кошыкам задумліва спынілася на ўскрайку лесу ля камянёў, ад якіх, здаецца, патыхае сівой гісторыяй. Рэальнае ў карціне пераплятаецца з легендай, учарашняе — з сённяшнім днём. Шырокае, сакавітае пісьмо, мастакоўскае пранікненне ў тэму, непадробная любоў да зямлі ператвараюць гэтую карціну ў сапраўдную паэму, узнёслы, змястоўны вобраз…

Амаль усе палотны Чэпіка створаны на простыя, немудрагелістыя сюжэты, якія жывапісец убачыў у жыцці, асабіста перажываў. Яго глыбока цікавіла тэма вёскі, і невыпадкова многія ягоныя работы прысвечаны жыццю сялян, традыцыйным святам ды абрадам. У гэтых рэчах талент мастака раскрываўся асабліва ярка. У карцінах “Хлеб-соль”, “На Купаллі”, “Свята ўраджаю”, “Гарачая пара”, “Вяртанне з поля” ён адчуваў самы дух народнага жыцця, валодаў дарам апаэтызаваць вобраз. І ўсё гэта невыпадкова: бацька, маці, усе яго дзяды ды прадзеды былі сялянамі, і дзяцінства ягонае прайшло ў самым асяродку народнага быцця. Праўда, у той вёсачцы Залессе ніхто з родных пасля вайны не застаўся, — толькі перабралася ў Лепель сястра Марыя, да якой мастак часта прыязджаў пагасцяваць ды памаляваць наваколлі…

Часам, калі мы гутарылі з Міхаілам пра сёе-тое, я прыкмячаў, як ён раптам замаўкаў і як бы паглыбляўся ў сябе. Бывала, надоўга. Пра што ён думаў?.. А я вось прыгадаў, як за пару дзён да нечаканай смерці мастака мы сустрэліся з ім у двары нашага дома. Ён быў вельмі “не ў сабе”, настрою — ніякага, поўная дэпрэсія. З горыччу казаў, што мастацтва ўжо нікому не патрэбна, што жыць толькі творчасцю стала немагчыма, і гэтак далей. Я як мог імкнуўся яго супакоіць, нават прапанаваў падняцца да мяне ў кватэру ды выпіць па чарцы, пагутарыць. Ён адмовіўся, сказаў, што “другім разам”...

Другога раза не здарылася. Раніцай 22 лістапада — як гром сярод яснага неба: Міша памёр… Уначы сэрца спынілася… Але я і зараз не магу зразумець, як жа так: такі жыццярадасны, такі жыццеўстойлівы, аптыміст, такі жывапісец святочны, мажорны, энергічны, — і раптам… Пагадзіцеся, дэкаратыўная святочнасць ягоных карцін ды акварэлей — якасць не вонкавая, не павярхоўная. Гэта катэгорыя, хутчэй, не формы, а зместу, таму што аптымістычнае светаадчуванне было выпакутавана Міхаілам, як ні парадаксальна, менавіта на вайне. Менавіта ў баях ды паходах ён марыў пра шчасце. І гэтае шчасце прыйшло, калі ён стаў сапраўдным мастаком, калі пісаў ды рысаваў толькі тое, што яму было цікава. І раптам такое расчараванне ў фінале жыцця… Вельмі горка ды крыўдна…

На шчасце, застаўся паэтычны свет Чэпіка. Свет — калейдаскоп, у якім сыходзіцца спектр самых розных колераў і адценняў, самых мудрагелістых абрысаў. Кожны ягоны твор — гэта ледзь улоўны паварот калейдаскопа: хвіліна — і ўжо новы свет, новыя формы, новыя тэмы, сюжэты, думкі. У той жа час, палотны мастака — частка ягонага адзінага светапогляду, яго позірку на мінулае і будучае. Прычым, як і ў кожнага таленавітага жывапісца, у яго творчасці закладзена нейкая таямніца, якая і завецца “ўрачыстасцю мастацтва”. І гэтай “урачыстасцю”, гэтай дэкаратыўнай магутнасцю, цудоўнасцю колерапластыкі паэзіі ён размаўляў з гледачом, заўсёды застаючыся самім сабой...

Вядомы мастацтвазнаўца Віктар Шматаў яшчэ ў 1976-м справядліва пісаў у газеце “Літаратура і мастацтва” (№ 3): “…Творчасць Міхаіла Чэпіка прыцярпела ўсе тыя выпрабаваннi ды этапы развiцця, якiя прайшло ўсё беларускае мастацтва гэтага часу — "суровы стыль", "сацарт" ды iншае. Але мастак не згубiўся ў вiрах iдэйных ды iдэалагiчных уплываў i ўцiскаў. Ён як бы выслiзнуў з-пад iх, "эмiграваўшы" ў абшары высокага тонусу ўласнай высокапаэтычнай натуры, што жыла паўнавартасным жыццём, што чэрпала натхненне ў бязмежжах сапраўднай прыгажосцi натуральнай прыроды з яе чыстым голасам, якi атрымаў зычны водгук у крыштальных па чысцiнi фарбах у шматлiкiх палотнах ды акварэлях мастака. Краявiд найбольш цэласна ўвасобiў талент жывапiсца. Творца выкрышталiзаваў майстэрства да пераасэнсавання краявiда як колерава-знакавага эквiвалента лiрыка-паэтычнага ўспрыняцця беларускай прыроды, прасякнутага зычным пачуццём захаплення прыгажосцю, манументалiзаванай як у камерных, так i ў вялiкiх па памерах жывапiсных кампазiцыях. Творы мастака ўспрымаюцца свежа, нясуць у сабе моцны iмпульс душэўнага ўздыму i абуджаюць у гледача рамантычныя настроi ды асацыяцыi…”

Я добра памятаю пасмяротную выстаўку Чэпіка 2002 года ў Палацы мастацтва. Для многіх гледачоў, асабліва маладых, яна з’явілася поўнай нечаканасцю i, не пабаюся сказаць, сапраўдным адкрыццём. Паказаныя тут чэпікаўскія шматлiкiя фігуратыўныя карцiны, пейзажы, партрэты, графiчныя аркушы ў пераважнай большасцi ўражвалi такімі шчырасцю ды непасрэднасцю мастацкага светаўспрымання, непадробнай любоўю да жыцця, арыгiнальнасцю почырку i нацыянальнай самабытнасцю, якiя рэдка сустракаюцца нават у народных ды заслужаных мастакоў. Яму былі ўласцiвы адкрытае, ярка выяўленае пачуццё мастакоўскай паэзii, вострае ўспрыняцце i адлюстраванне жыццёвых з’яў, адсутнасць усялякага рацыяналiзму, што досыць часта адчуваўся ў палотнах нават нашых мастакоў-лаўрэатаў і ардэнаносцаў. Ягонае стаўленне да жыцця — перш за ўсё эмацыйна-пачуццёвае. На ўсё, што яго хвалявала, майстар рэагаваў iмгненна, успрымаў навакольнае адкрыта, шчыра, усхвалявана.

Нехта з калег крытыкаваў Чэпіка за нейкую незавершанасць яго работ, за “павярхоўнасць”, “сырасць”, за тое, што ён быццам бы часам спяшаецца і не даводзіць “архітэктуру твора” да лагічнага выніку. Сапраўды, стыль i мастацкая манера Чэпiка ў некаторых работах мелі ярка выяўлены “экспромтны” характар: ён схоплiваў натуру на адным дыханні, як бы на ляту. Зразумела, што пры такiм чыста “экспромтным” адлюстраваннi перад любым жывапісцам заўсёды непазбежна ўзнiкае небяспека павярхоўнасцi ці эцюднасцi ў твора. Не заўсёды пазбягаў гэтых хiбаў i Чэпiк: часам, здавалася, яму як бы не хапала “праграмных”, па-фiласофску абагуленых кампазіцый. Урэшце, ён да гэтага і не імкнуўся. Тое — не яго ніша. Галоўнае, што агульнае ўражанне практычна ад усіх яго работ, нават не зусім удалых ці незавершаных, вельмi i вельмi добрае. У iх адчуваецца тэмперамент, багатая мастакоўская iнтуiцыя i дар каларыста, якi дакладна прасочваецца ў павышанай дэкаратыўнасцi ды нейкай стылізацыі лепшых работ. Прычым гэтая стылізацыя нiколi не ператваралася ў схематызм ці ў бяздумнае штукарства. Высакародная прастата формы сведчыла аб сувязi ягонага стылю з фальклорам, народнай творчасцю, аб iмкненнi размаўляць з сучаснiкамi яснай i дакладнай мовай, паведамiць iм аб нечым важным, iстотным, запаветным.

Колькі я ведаў Мішу Чэпіка (а гэта больш за трыццаць гадоў), здавалася, што ён ніколі не старэў. Заставаўся да апошнiх дзён свайго жыцця чыстым i высакародным, улюбёным у прыгажосць навакольнага свету, заставаўся пяшчотным паэтам, які жыў у свеце ўзвышаных мрояў. Прырода была яго родным домам. Ён не ведаў, што такое матэрыяльныя даброты. Усе сiлы скiроўваў у адно рэчышча, туды ж выпраменьвалiся і ўсе токi ягонай натуры: у творчасць. Гэта галiна, дзе не выдаюць узнагарод за подзвiг штодзённай працы. Дый не чакаў мастак гэтых узнагарод (цаніў толькі адну адзнаку дзяржавы — ордэн Айчыннай вайны), не прыкладаў нiякiх намаганняў цi старанняў для таго, каб вылучыцца, адзначыцца, паўстаць не тым, кім быў на самой справе. І што цікава: ён ніколі не казаў дрэнна пра сваіх калег па пэндзлі, наадварот, адкрыта захапляўся тымі, хто, на яго погляд, рабіў сваю справу сумленна і годна, лічыў, што кожны творца, калі ён сапраўды творца, а не халтуршчык, павінен жыць доўга і ў згодзе…

Творы Міхаіла Чэпiка — гэта любоў i даверлiвасць, пранiзлiвая чысцiня i высакароднасць стаўлення да свету, дзiцячая ўлюбёнасць у прыгажосць наваколля. Гэта рух, напор, дэкаратыўнае ззянне колеру, урачыстасць гуку, вытанчанасць лiнiй. Нiчога заблытанага, нервовага, цяжкага. Таму ўвесь вобраз жыцця жывапiсца арганiчна адпавядаў вобразнаму ладу яго палотнаў i акварэлей, прысвечаных любiмай зямлi — Беларусi…

Пачатак аповеду пра Міхаіла Чэпіка — у "К" № 43 . Сёння — заканчэнне эсэ Барыса Крэпака.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"