“Я пабачыў “Зямлю” вачыма Рушчыца”

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Фердынанд РУШЧЫЦ-малодшы, дырэктар Цэнтра грошай пры Нацбанку Польшчы, унук мастака Ф.Рушчыца: “Больш цудоўнага пейзажа, чым на Валожыншчыне, не сустракаў…”
Фердынанд Рушчыц… Выдатны жывапісец, графік, рысавальшчык, сцэнограф, педагог, жыццё якога было цесна звязана з Беларуссю, Польшчай, Літвой, Расіяй. Але так здарылася, што большая частка спадчыны Рушчыца асела ў музеях Варшавы, Кракава, Вільнюса, Львова. У нас жа знаходзіцца толькі адзін ягоны твор, і той апынуўся ў нашым Мастацкім музеі дзякуючы асабістай руплівасці колішняга дырэктара Алены Аладавай, якая набыла карціну ў ленінградца А.Шустэра ў 1957 годзе. Але менавіта праз яе працу пачалося вяртанне мастака ў прастору беларускай нацыянальнай культуры.

/i/content/pi/cult/501/10784/14-1.jpg

Фердынанд Рушчыц. "Зямля".

/i/content/pi/cult/501/10784/14-3.jpgГаворка, канешне, — пра пейзаж-перліну “Ля касцёла”. Потым, асабліва ў 1970-я і пазней, пра Рушчыца з’явілася шмат артыкулаў беларускіх мастацтвазнаўцаў, быў перакладзены з польскай мовы на беларускую “Дзённік да Вільні. 1894 — 1904”, які падрыхтаваў сын мастака Эдвард. Адбыўся і І Міжнародны пленэр памяці Рушчыца на Валожыншчыне з удзелам беларусаў і нашчадкаў творцы з Варшавы, і як вынік — выстаўка “Зямля і неба Фердынанда Рушчыца”. А ў 2004 годзе ў Мінску, у Сляпянцы, адну з вуліц назвалі імем жывапісца, а на доме ўсталявалі мемарыяльную дошку.

У 1991-м у Мінск завітала з Варшавы дачка мастака Барбара Рушчыц, прабыўшы на радзіме бацькі амаль тыдзень. Пазнаёмілася з Мінскам, наведала вёску Багданава Валожынскага раёна і яе ваколіцы, а таксама Заслаўе, Ракаў, Івянец, Мір ды Нясвіж. Менавіта тады ў Каміннай зале Дома літаратараў мне давялося крыху пагутарыць з ёй, паслухаць яе ўспаміны пра тату (яна запомніла яго незадоўга да ягонай смерці, калі самой Барбары было каля дзесяці гадоў)…

І вось тыдзень таму ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася сустрэча і з унукам мастака — Фердынандам Рушчыцам. Імя яму пры нараджэнні далі ў гонар славутага дзеда. Аказваецца, ён не ўпершыню з варшаўскімі сябрамі ды сваякамі амаль штогод прыязджае на радзіму свайго продка ў Багданава. Гэтым разам мэта прыезду была, можна сказаць, для дзяржаўных спраў. Разам з генеральным дырэктарам НММ Уладзімірам Пракапцовым, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенціем Адамовічам ды ініцыятарам мерапрыемстваў, звязаных з імем Рушчыца на Валожынскай зямлі, настаўніцай рускай і польскай моў у Валожынскай сярэдняй школе № 1 Алай Макарэвіч Фердынанд Рушчыц быў прыняты міністрам культуры Беларусі Барысам Святловым. Гаворка, у асноўным, ішла пра перспектывы будучага адраджэння маёнтка Багданава, аб далейшым увекавечанні памяці мастака праз арганізацыю яго выстаўкі ў Мінску ды іншых акцый, звязаных з жыццём нашага земляка. Менавіта тут, у Багданаве, на беларускай зямлі, у 1870 годзе нарадзіўся і 30 кастрычніка 1936-га памёр выдатны творца.

У той жа дзень я сустрэўся з Рушчыцам-унукам у Нацыянальным мастацкім і мы трошкі пагутарылі пра “справы надзённыя”, якія датычыліся галоўнай тэмы “Фердынанд Рушчыц у кантэксце культурнай прасторы Беларусі”. Канешне ж, дзеда свайго Фердынанд-унук асабіста не ведаў (апошні нарадзіўся ў 1959-м), але ад бацькі ды цёткі Барбары (згаданай вышэй) шмат чаго чуў. І ўсе гэтыя расповеды, дый самі арыгінальныя творы мастака, якія захоўваюцца ў Варшаве ды Кракаве, так яго ўсхвалявалі, што ён шмат гадоў прысвяціў паездкам на радзіму дзеда.

“Аднойчы разам з татам я прыехаў у Багданава, і мы прыйшлі на месца былога маёнтка мастака. Вось дакладна з гэтага месца, сказаў тата, паказаўшы рукой, мастак маляваў сваю карціну “Зямля”. Гэта мяне проста ашаламіла, таму што я пабачыў пейзаж… вачыма свайго дзеда!..” — прыгадвае госць.

Так, “Зямля”: агромністае неба з пераднавальнічнымі свінцовымі хмарамі, што навіслі над плаўна закругленым карычневым полем, якое запоўніла ніжнюю частку палатна, і — адзінокі селянін, выбіваючыся з апошніх сіл, імкнецца хутчэй узараць сваё поле на валах…

“Мне тады бацька яшчэ расказваў, што непадалёк ад гэтага месца, праз Багданава, у 1916 годзе, у разгар Першай сусветнай, хадзілі цягнікі на Берлін, бо тут быў нямецка-рускі фронт… Наогул, я павінен сказаць, — працягваў пан Фердынанд, — што больш цудоўнага пейзажа, чым на Валожыншчыне, і такіх добрых ды светлых людзей я нідзе не сустракаў, хаця пабываў у шматлікіх краінах свету. Вось чаму імкнуся сюды пастаянна; мабыць, усё ж дзедавы гены даюцца ў знакі… І хачу дажыць да таго дня, калі ўбачу адроджаную, абноўленую сядзібу Рушчыцаў, дзе будуць працаваць Культурна-адукацыйны цэнтр, ладзіцца дзіцячыя і “дарослыя” міжнародныя пленэры, выстаўкі, творчыя канферэнцыі, сустрэчы за “круглым сталом”, турыстычныя мерапрыемствы… Разумею, што гэта патрабуе шмат намаганняў. Я вельмі разлічваю на дапамогу спецыялістаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, на Міністэрства культуры вашай краіны, на спонсараў і мясцовыя ўлады — словам, на ўсіх тых людзей, для каго імя майго дзеда штосьці значыць. Канешне, гэта праект будучага. Трэба будзе прайсці некалькі ўзроўняў падрыхтоўкі, каб дайсці да сутнасці такіх акцый, бо, на жаль, мала што захавалася ад былога маёнтка сям’і Рушчыцаў. І ад адраджэння па захаваных чарцяжах дома мастака ды ўсёй сядзібы да “прэзентацыі” гэтага цуду — дыстанцыя немалая. Але хачу верыць, што за наступную пяцігодку нешта з’явіцца. А пакуль, ведаю, беларускім Міністэрствам культуры хутка будзе зацверджаны адпаведны Аргкамітэт, які зможа ўзяць усе пытанні па далейшым ушанаванні памяці Фердынанда Рушчыца, уключаючы арганізацыю выстаўкі твораў мастака з музейных фондаў Польшчы, Літвы, Расіі, прыватных калекцый, праектаванне работ па аднаўленні багданаўскай сядзібы Рушчыцаў з Культурна-адукацыйным цэнтрам, па падрыхтоўцы альбома аб творчасці мастака і г.д.”...

Сапраўды, ад фамільнай сядзібы Рушчыцаў сёння практычна нічога не засталося, хіба сціплыя вясковыя могілкі, дзе пахаваны прадстаўнікі роду, ды падмуркі іхніх дамоў. Ну, яшчэ — ручай і старыя дрэвы. Але калі ўспомніць, як адраджалася сядзіба Ільі Рэпіна ў віцебскім Здраўнёве ды іншыя знакамітыя архітэктурныя і культурныя “артэфакты” ў нашай краіне, то ёсць надзея, што мы дажывём яшчэ да аднаго свята ў нашай вялікай духоўнай прасторы...

Напрыканцы пазамінулага стагоддзя Рушчыц пісаў: “...Як я мару, перш за ўсё, быць добрым сынам сваёй Радзімы, для яе працаваць, араць. І калі штосьці вырасце, аддаць ёй у падарунак увесь плён, бо я люблю яе сэрцам і толькі ёй належу целам і душой…” Напрыканцы жыцця Рушчыц цікавіўся сваёй генеалогіяй і, вывучаючы яе, выявіў беларускія карані сваіх продкаў — праваслаўных шляхцічаў, якія ў час росквіту Рэчы Паспалітай прынялі каталіцтва. Прозвішча продкаў Рушчыца было “Рошчыч”, потым яно ператварылася ў “Рушчыц”. На пачатку XVI стагоддзя род валодаў маёнткам Кадэнь, які неўзабаве прадалі Сапегам, пасля чаго сям’я пераехала ў маёнтак Зберэчы на Мухаўцы, але ў 1568-м змяніла яго на Макраны, што непадалёк ад Кобрына. У Кобрынскім павеце продкі Рушчыца жылі да канца XVIII стагоддзя. У 1836-м дзед Рушчыца, адвакат, таксама Фердынанд, набыў на аўкцыёне маёнтак Багданава, які і стаў на сто гадоў родавым гняздом Рушчыцаў. Пасля смерці дзеда Багданава перайшло ў спадчыну сярэдняму сыну Эдварду і ягонай жонцы Альбіне. У іх нарадзіліся чатыры дачкі і сын — будучы мастак Фердынанд. Такая вось кароткая “біяграфія” знакамітага роду.

Фота Рушчыца-малодшага зрабіў Юрый ІВАНОЎ

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"