Там, дзе грэкі ішлі ў варагі…

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

Іскрынкі з гасцявой кнігі прыватнага вясковага музея
Музейная дзейнасць Сяргея Панізніка — цудоўны прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Паміж вядомым паэтам і ўладамі Верхнядзвіншчыны зарадзілася яно аж у 1979 годзе. З таго часу гэтыя стасункі пастаянна ўдасканальваюцца на карысць аматараў даўніны. Сённяшняя публікацыя — крыху нечаканая па змесце. Ацэнку музейнай справе неабыякавага ды неўтаймоўнага ў творчай самарэалізацыі творцы даюць шматлікія наведвальнікі яго “асабістага” музея.

/i/content/pi/cult/501/10777/12-1.jpg

 

Вераніка Панізнік (дачка аўтара і былая супрацоўніца "К") у музеі.

20 сакавіка 1979 года ў вёсцы Цінкаўцы, што пад Бігосавам у Верхнядзвінскім раёне, ад Канстанціна, сына Параскі, была набыта хата пад саламянай страхой. Дзякуючы добрым людзям, а найперш даўняму сябру Фёдару Кудзянаву, запусцелая хатка пераўвасобілася ў музейную сядзібу. Так гэты прыбераг Дзвіны стаў для мяне прыстанкам для спаўнення творчай працы — даследавання Асвейскай трагедыі. І ў выніку пошукаў з’явіліся выданні дакументальнай прозы “Пасля вогненных вёсак…”, “Браніслава”, “Асвейская трагедыя”. А музей у гонар былой гаспадыні, народжанай на Дзісненшчыне, стаў называцца “Хата бабкі Параскі”. З пазнейшай дабаўкай, што ён знаходзіцца на шляху з грэкаў у варагі. Пра Музей радзімазнаўства “К” турбавалася летась. А старэйшы за яго — 35-гадовы — музей знаходзіцца праз Дзвіну наўпроць Лявонпаля.

“Помнікі працы”. І...

Для этнакалекцыі збіраліся “помнікі працы”, для літаратурнай — кнігоўня з дарчымі надпісамі пісьменнікаў… Разлічвалася, што сядзіба паслужыць краязнаўчым асяродкам для спазнання Прыдзвіння. У Гасцявой кнізе сталі спаяўляцца ўражанні-зычэнні наведнікаў. Некаторыя запісы пастараюся ўзнавіць.

“Дарагая бабка Параска! Сёння ў мяне сустрэча ў тваёй хаце. Я хачу, каб табе зямля была пухам. Твая ўнучка Галіна Цяста. 15.VІ.1982 г.”

Наўпроць Цінкаўцаў, за Дзвіной, — мястэчка Лявонпаль, дзе ў тыя часы абнаўлялі былую графскую рэзідэнцыю Лапацінскіх студэнты Мінскага інстытута культуры. “Роспіс на шчырасць” пакінуў 18.06.1982 г. выкладчык установы Рычард Саматыя. Недзе ў 1980-х тут звязваў у вузел навуковыя ніці з розных кантынентаў, каб аздобіць ім грэка-варажскі шлях, Адам Мальдзіс. Гародчык бабкі Параскі доўга памятаў яго праполку. А паэту Дзмітру Чэрэднічэнку з Кіева пашчасціла прыбыць на Дзвіну 16 жніўня 1985 года. У маім перакладзе з украінскай радкі гучаць так:

Дзякую брату за хлеб і за хату

і за тую Дзвіну, у якой я пабачыў

Беларускіх нябёс сінізну.

Я й Слову падзяку нясу:

адчуў яго сілу, красу…

І калі Дзмітро заахвоціўся агледзець порт-сядзібу з боку грэкаў, то рыжскі мастак Вячка Целеш — з боку варагаў. Ён толькі скончыў “беларускую кругасветку”: наведаў Дзісну, Лепель, Полацк, Віцебск, Оршу, Мінск… 12 ліпеня 1986 года ўзнёслы запіс ён завяршыў радкамі: “Няхай “Хатка” стане сапраўдным агеньчыкам для Прыдзвіння і нясе людзям любоў да роднага краю, роднай Беларусі, да гісторыі, культуры, мовы”.

З 15 да 30 мая 1988-га па Дзвіне-Даўгаве ад вытока да вусця праходзіла экаэкспедыцыя . Удзельнікі яе — пісьменнікі, вучоныя з Латвіі, Беларусі, Расіі. “Тры народы” памясціла хата бабкі Параскі. Сярод начлежнікаў — Эгілс Зырныс, Юрыс Кунас, Артурс Сніпс, Айя Лацэ, Васіль Якавенка, Іосіф Васілеўскі, Вячаслаў Вараб’ёў, Віктар Плужнікаў… Падрабязнасці — у публікацыі Айі Лацэ “З грэкаў у варагі” ў кнізе “Крывіцкія руны”.

Віціеватыя віціі

Развітацца з 1980-мі дапаможа гасцявая кніга, дзе пакінуў запіс львоўскі паэт Уладзімір Лучук. Маіх даўніх сяброў Уладзіміра і яго жонку Аксану Сенатовіч я спачатку азнаёміў з Лявонпалем (Лапацінскія і на Валыні жылі), а потым мая сям’я частавала іх у Цінкаўцах. Уладзімір Лучук склаў “Вітальную віцію”. Вось фрагмент з яе ў маім перакладзе:

Шчасліва вяла нас доля

З лявонпальскага прыволля.

У хаце бабулькі Параскі

Пазналі мы промнікі ласкі.

Штовечара шчыра суседзі

Гасціліся ў нас на бяседзе...

А што пакінулі нам 1990-я? Антон Бубала — мой суаўтар па тэме Асвейскай трагедыі. Але ў вершах, прысвечаных цінкаўскаму музею, ён — гумарыст:

Гляджу на маціцу я закапцелую,

Патыліцу скрабу я успацелую,

Бо полымя ў каміне аж гудзе…

А за сталом бяседайка ідзе!

“У Цінкаўцах гуляюць менчукі!” — асцярожнічае “тутэйшы” Антон. І не дарма. “Гэтую памятку я пішу 18 лютага 1993 года ў 18.00. Хацелася б, каб у гэтай хаце пісаліся класічныя творы як паэзіі, так, прабачце, і класічная музыка кампазітара Чыркуна А.М.”. І ў школьных класах выконваліся нашы з Алегам Чыркуном песні “Ад Полацка да Турава”, “Пад зоркай”, “Карагод”. І яшчэ адзін госць, сааўтар той кнігі — паэт, журналіст Алесь Касцень. З ім я служыў у 120-й дывізіі ва Уруччы:

Па Мядзелцы маёй,

далей па Бірвіце

Чаўны з-пад нарачанскіх

соснаў вырвуцца

На хвалі хуткаплыннае Дзісны,

І далей да Заходняе Дзвіны.

Тут я да берагу

прыстану правага,

Гаспадара вітаючы рухавага

У хаце, дзе Параска векавала

І, лёзная, святло

нам даравала…

Лёзным быў і аўтар “Зруба”, “Каменьчыкаў у кірзавым боце” — сам Алесь…

1993 год аказаўся багатым на прызнанні. Вось радкі Уладзіміра Якаўлева, тагачаснага намесніка старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама ад 3 ліпеня (перапісваю без перакладу!): “Вялікі дзякуй, што Вы ёсць. Поспехаў Вам, паважаны Сяргей Сцяпанавіч!”. Пазней Уладзімір Яфімавіч падпісаў характарыстыку з такімі словамі: “С.С. Панізнік доўгія гады аддана служыць Віцебшчыне, Прыдзвінню, Верхнядзвіншчыне. У вёсцы Цінкаўцы Бігосаўскага сельсавета знаходзіцца яго “Хата бабкі Параскі”, або Літаратурная сядзіба “На шляху з грэкаў у варагі”, якая з”яўляецца сапраўдным музеем помнікаў сялянскай працы мінулых часоў… Ён аддана і бескарысна служыць культуры нашага раёна”. Гэта словы дырэктара Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Верхнядзвіншчыны Валянціна Крук, якая паспрыяла дзейнасці музея, магла ведаць падрабязнасці творчых высілкаў.

А вось што “з налёту, з павароту” зафіксаваў літаратуразнаўца, перакладчык Лявон Баршчэўскі:

…Усё — спрадвечнае, як свет,

Усё — як песня матчына.

Усё грунтоўна і як след

Слядком вякоў пазначана!

9 жніўня 1993-га і Навум Гальпяровіч далучыў свае клічнікі:

Не! Нашай мовы дух не знікне

І ўжо не счэзне спакваля,

Калі ў нас ёсць Сяргей Панізнік

І ёсць прыдзвінская зямля!

Празаічнымі радкамі “засвяціўся” у Гасцявой кнізе Пятро Васючэнка. У чэрвені 1996-га мы ў Полацку згадвалі Янку Купалу. Потым на станцыі “Баравуха”, дзе служыў Іван Дамінікавіч у 1916 годзе, адкрывалі мемарыяльную дошку. Ушанаваўшы яго, адправіліся ўніз па цячэнні Дзвіны. Я запрасіў калег — супрацоўнікаў Літаратурнага музея Янкі Купалы Антаніну Хатэнку, Фаіну Ваданосаву — наведаць Цінкаўцы. Далучыліся Мікалай Ільніцкі, Галіна Ладзісава, Алесь Аркуш. “Некаторыя экспанаты музея, без перабольшання, бясцэнныя”, — так аформіла агульнае меркаванне Валянціна Кудлацкая ў віцебскай газеце “Народнае слова”…

Ад сустрэч застаўся надпіс Генадзя Бураўкіна на ягонай кнізе “Конь незацугляны”: “Слаўнаму і любімаму Сяргею Панізніку — у хаце бабкі Параскі. З нізкім паклонам — Генадзь Бураўкін. 10.VІ.1998 г.”. На Шлях з грэкаў у варагі траплялі кнігі з подпісамі ад Алеся Пісьмянкова, Пятра Ламана, Адама Мальдзіса, Людмілы Хмяльніцкай, Ірыны Жарнасек, Франца Сіўко… Уладзімір Скарынкін на зборніку “Лосвіда” пакінуў радкі:

Тым, хто вандруе

“з грэкаў у варагі”,

Няўрымслівасці зычу і адвагі.

Набыццё і захаванне

Час чытае новыя старонкі жыцця. А я — старонкі Гасцявой кнігі: ”Мы, вучні і настаўнікі Балінскай пачатковай школы, 26 верасня 1998 года пабылі ў Хатцы бабкі Параскі. Вельмі ўражаны…” І ніжэй — 18 подпісаў тых, хто пабачыў тут “шмат цікавага”. У той жа дзень пакінула свой запіс і госця з далёкай Масквы — дачка народжанага ў Сібіры Сяргея Сартакова. Маці рускага пісьменніка нарадзілася каля Сар’і і пасля сталыпінскага перасялення захавала айчынную памяць. Ці не таму Сартакоў пры сустрэчы з Максімам Танкам хваліўся, што ён “напалову беларус”. Вось чаму паслаў сваю дачку пазнаёміцца з радаводнымі вытокамі. А ў Цінкаўцах Таццяна Сяргееўна пакінула запіс пра тое, як яе ўразіў чароўны, непаўторны, незабыўны музей — “Хата бабкі Параскі”. Апошнія радкі звіняць так: “Именно здесь я почувствовала душу народа белорусского. О возрождении национальной культуры сейчас говорят и говорят многие. Вы — делаете!”

План работы літаратурна-этнаграфічнага музея на 1999 год быў багаты. Паспрабую “праясніць” некаторыя старонкі. 18 красавіка ў Бігосаўскім доме культуры прайшоў літаратурны вечар, прысвечаны 20-годдзю заснавання музея. У гэты ж дзень мяне парадавалі наведвальнікі з Расіцы.

20 красавіка пакінула аўтографы “моладзь з Бігосава”. А 21-га — палачане: старшыня Полацкага гістарычнага клуба “Вытокі” Міхась Баўтовіч, манах манастыра Святых Барыса і Глеба — брат Юрась Камлыга. Выказаў я падзяку і палачанам, і былому вязню Саласпілскага канцлагера Вячаславу Марозу з в. Марозы, які прысылаў мне з Латвіі, дзе застаўся жыць, свае горкія ўспаміны...

Сяргей ПАНІЗНІК, паэт, стваральнік музея "Хатка бабкі Параскі. На шляху з грэкаў у варагі"