Акцыя і аналіз

№ 44 (1170) 01.11.2014 - 07.11.2014 г

У перыяд з 1 па 31 кастрычніка ў рэспубліцы праходзіць прафілактычная акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе ў асенне-зімовы пажаранебяспечны перыяд.

Прадстаўнікі райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях правяраюць супрацьпажарны стан дамоў і кватэр, праводзяць для насельніцтва ўрокі “па абыходжанні з агнём”, распаўсюджваючы ўлёткі-памяткі па пажарнай бяспецы. Як паказвае аналіз, прычынай гібелі людзей ад пажараў у жыллёвым фондзе з’яўляецца няведанне альбо ігнараванне грамадзянамі мер бяспекі (да 70% пажараў штогод).

Парушаючы правілы паводзін у побыце, людзі не разлічваюць, што іхнія дзеянні могуць прывесці да сур’ёзных наступстваў. Пакідаючы без нагляду дзяцей, дарослыя ведаюць, што гэта небяспечна, але ўпэўнены, што з іх дзіцем нічога не здарыцца. Эксплуатуючы няспраўнае пячное ацяпленне, электраабсталяванне, часцяком не думаюць пра тое, што гэта можа прывесці да трагічных наступстваў.

Так, раніцай сталічным ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары па вуліцы Бялінскага. Праз пяць хвілін работнікі МНС прыбылі да месца выкліку. Пакой на чацвёртым паверсе гарэў адкрытым полымем. Гаспадыня — 36-гадовая жанчына — пакінула пакой да прыбыцця падраздзяленняў МНС. У выніку пажару пашкоджана маёмасць, закураны калідор паверха. Работнікі МНС выратавалі з іншых пакояў 11 чалавек, эвакуіравалі 20, у тым ліку 5 дзяцей. Прычына таго, што адбылося, — кароткае замыканне электраправодкі. У пакоі адначасова выкарыстоўвалася вялікая колькасць электрапрыбораў, у тым ліку быў пакінуты ўключаным абагравальнік.

Яшчэ адзін такі пажар здарыўся ў жылым доме па вуліцы Няжданавай у Мінску. Па словах гаспадыні, яна прачнулася ад брэху сабакі, а потым адчула пах дыму. Калі ўвайшла на кухню, убачыла падпаленае памяшканне. Жанчына пакінула дом і выклікала работнікаў МНС. Як высветлілася, гаспадыня забылася выключыць гірлянду, якую павесіла на акно. Кароткае замыканне і стала прычынай пажару.

Парушэнне правіл пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення — прычына ўзнікнення пажараў. Абвастраецца гэтая праблема ў асенне-зімовы пажаранебяспечны перыяд. Асноўныя прычыны, па якіх узнікаюць так званыя печкавыя пажары, — гэта адсутнасць перадтопачнага ліста, незачыненая топка печы, перагарт апошняй, расколіны ў коміне, складаванне ля печкі гаручых матэрыялаў...

Пры гэтым дзейснай мерай папярэджання гібелі людзей ад пажараў з’яўляецца абсталяванне домаўладанняў і кватэр аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. За сем месяцаў бягучага года дзякуючы таму, што спрацавалі АПА, ад пажараў выратавана 57 чалавек, у тым ліку 17 дзяцей. З пачатку 2002-га — 1 807 чалавек.

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска