Са Станіславам Іосіфавічам мяне звёў лёс у сярэдзіне 1960-х. Ён тады яшчэ вучыўся і толькі-толькі пачынаў сваю творчую дзейнасць — кіраваў аматарскім харавым калектывам, удзельніцай якога была і я. У яго закахаліся ці не ўсе дзяўчаты хору! Бо ён не мучыў нас сальфеджыраваннем, а імкнуўся падтрымаць кожную дробязь, якая ў каго атрымалася: маўляў, вы ж не прафесіяналы. Прывітая ім любоў да харавых спеваў захавалася ўва мне на ўсё жыццё — і нават перадалася маім нашчадкам. БДУКіМ скончыла адна з маіх сваячак — Наталля Новікава. Зараз там вучыцца мая ўнучка Юлія Палякова. Яна паступіла да Дробыша ў клас, а пасля смерці прафесара працягвае ўдзельнічаць у “Валачобніках”, якія цяпер носяць ягонае імя. Юля прысвяціла яму вершы, дзе ёсць такія радкі:
Вы зараз не з намі,
ды ў песнях заўжды —
Хай час пралятае,
праходзяць гады.
Мы ўсе — “драбышаты”,
як танчым-спяваем.
І песню душы вашай
мы захаваем…