Зарабляць дзеля заробку

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Мы, журналісты, часта забываемся на тое, што ў штаце аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі абавязкова ёсць эканаміст. А гэта ж менавіта ён “алічбоўвае” творчасць, правярае гармонію алгебрай ды дае рублёвую ацэнку дзейнасці кожнага работніка культуры. І ўсё гэта разам мы называем эканомікай культуры. А эканаміст, са свайго практычнага гледзішча, штодня аперыруе крыху іншым тэрмінам — “культура эканомікі”. Менавіта пра гэтую прафесійную спецыфіку мы вырашылі пагутарыць з эканамістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Марынай МАНТУР.

/i/content/pi/cult/500/10755/7-3.jpg— Марына Іванаўна, ну і як аддзелу зарабляецца?

— Няпроста. Планы па аказанні паслуг вельмі вялікія. Сёлета заданне па пазабюджэце — 1 мільярд 256,6 мільёна рублёў. Гэта на 30 працэнтаў вышэй, чым фактычнае выкананне плана ў 2013 годзе.

— Гэты больш чым мільярд вы павінны зарабіць не толькі за кошт культурных паслуг…

— Безумоўна. 90 працэнтаў паслуг ад усяго пазабюджэту — культурныя паслугі. Астатняе — даходы ад арэнды памяшканняў, сцэнічных касцюмаў, а таксама — банкаўскія працэнты ад захавання грошай на нашым рахунку.

— Дык чаму выкананне плана па аказанні менавіта культурных паслуг даецца нялёгка?

— Тут вельмі простая прычына. Паслуга, скажам, ад канцэрта толькі тады якасная, калі адпаведнымі з’яўляюцца гук і святло на сцэне. Рэальнасць не заўжды адпавядае нашым жаданням. Не сакрэт, што апаратуру трэба перыядычна абнаўляць, а гэта не заўжды атрымліваецца.

— Ці можна за кошт пазабюджэту істотна ўзняць заробкі работнікаў культуры?

— Мы, зыходзячы з заканадаўства, накіроўваем гэтыя грошы не толькі для матэрыяльнага стымулявання, але і на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Ідуць пазабюджэтныя грошы і на кампенсацыю камунальных плацяжоў. Пагашаем гэтымі сродкамі крэдыторскую запазычанасць плацяжоў. Не забывайце, што ёсць у нас і штатныя адзінкі, якія ўтрымліваюцца толькі за кошт пазабюджэтных сродкаў. Словам, значна павялічыць заробак мы пакуль не здольны, тым больш, калі на парадку дня — неадкладнае пытанне, звязанае, скажам, з рамонтам сельскага Дома культуры.

— Тым не менш, калі ўзяць неблагога сярэднестатыстычнага работніка, якую надбаўку за кошт пазабюджэтных сродкаў ён можа атрымаць у дадатак да месячнага заробку?

— Калі работнік сапраўды з ліку лепшых, то ён можа атрымаць з пазабюджэту і 500 тысяч рублёў. Але, натуральна, гэта даплата для тых, хто сам умее зарабляць ды імкнецца выканаць даведзены план. А такое імкненне, не сакрэт, наўпрост звязана не з механічным выкананнем абавязкаў, а з пастаянным творчым пошукам новых форм працы.

— На сёння колькі аддзел зарабіў?

— Каля 800 мільёнаў пазабюджэтных рублёў. Усё зробім для таго, каб з гадавым заданнем справіцца.

— На што канкрэтна робіце тут стаўку?

— На творчую дзейнасць тых нашых мастацкіх калектываў, якія здавён лічацца гонарам культуры Ашмяншчыны. Гэта народныя ансамблі песні і танца “Крыніцы”, народнай песні — “Жытніца”, народны тэатр танца і песні “Імпульс” ды многія іншыя.

— Значыць, асноўная крыніца пазабюджэтных даходаў у вас — канцэртная дзейнасць… А сярэднямесячны заробак па аддзеле цяпер які? І якая катэгорыя работнікаў культуры зарабляе больш?

— У сярэднім за месяц нашы работнікі атрымліваюць 3 мільёны 150 тысяч рублёў. Натуральна, даходы большыя ў выкладчыкаў дзіцячых школ мастацтваў. Яны маюць неблагую нагрузку па асноўным месцы працы ды яшчэ могуць падпрацоўваць акампаніятарамі. Астатнія катэгорыі работнікаў працуюць на стаўку (у лепшым выпадку). І не сакрэт, што самыя нізкія заробкі — у бібліятэкараў, асабліва гарадскіх, якія не маюць “сельскай” даплаты.

— Марына Іванаўна, вы выконвалі бухгалтарскія функцыі пры падрыхтоўцы і рэалізацыі шэрагу творчых праектаў. Раскажыце, наколькі цяжка гэта было.

— Цяжка бывае толькі першы раз. Калі партнёры — неабыякавыя, хутка прыстасоўваешся да новых умоў працы. Першы трансгранічны праект быў рэалізаваны на базе Гальшанскай бібліятэкі. Там, як вы ведаеце, з’явіўся Музей Дугі Струвэ. Потым 56 тысяч еўра мы атрымалі для правядзення фэсту “Гальшанскі замак”. Трэці праект рэалізоўваем сёлета. “К” таксама пра яго пісала. На базе Кальчунскай сельскай бібліятэкі ў рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства ствараецца Клуб вясковых старастаў КУТ (культура управления территорией). Бібліятэка, па сутнасці, ужо стала буйным інфармацыйна-палітычным цэнтрам, што паяднаў жыхароў Кальчунскага сельсавета.

— І апошняе пытанне: ці маеце сталага спонсара?

— Нам пашанцавала: такім спонсарам для аддзела даўно з’яўляецца Тамара Уладзіміраўна Філіповіч — дырэктар Ашмянскага мясакамбіната. Яна для РДК і дываны дапамагла набыць, і многія нашы ініцыятывы заўжды падтрымлівае…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"