Цукеркі, “Боінг” ды Музейны квартал

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Менеджарскі “цюнінг” навакольнага свету
На рэкламу Нацыянальнага мастацкага музея, размешчаную ў пераходзе на праспекце Незалежнасці, не кожны звяртаў увагу: у такім людным месцы прынята глядзець пад ногі, а не па баках. Кіраўніцтва ўстановы ўлічыла гэтую акалічнасць, і прыступкі, што вядуць у музей з вуліцы Леніна, былі забяспечаны стрэлкамі, якія падказваюць мінакам “верны шлях”... Камунальнікі з гэтым адзін час змагаліся, але ўрэшце паразуменне было дасягнута. А ўжо неўзабаве свайго наведвальніка музей плануе ўзяць у абарот яшчэ на дальніх подступах ды “весці да мэты” ажно з метро. З дня на дзень на абедзвюх мінскіх лініях з’явяцца вагоны, упрыгожаныя сімволікай НММ, а таксама рэпрадукцыямі твораў класікаў беларускага мастацтва. Пра гэты ды іншыя амбітныя праекты “юбілейнага” для ўстановы года мы гутарым з іх нязменным арганізатарам — генеральным дырэктарам музея Уладзімірам ПРАКАПЦОВЫМ. Гэты творца і менеджар здатны не толькі выпраменьваць неверагодныя ідэі, але і дамагацца іх увасаблення ў жыццё.

/i/content/pi/cult/500/10753/6-1.jpg

— Увогуле, мы меркавалі поўнасцю стварыць музейны вагон — як вонкава, так і ў інтэр’еры, — Уладзімір Іванавіч каментуе эскізы, што ляжаць на яго рабочым стале. — Едзеце вы на працу ў пахмурны панядзелак, і раптам перад вачыма — Хруцкі ці Бялыніцкі-Біруля, тут жа нашы музейныя буклеты ляжаць... Але пакуль не атрымалася. Справа ў тым, што рэклама, якой цяпер завешаны сцены вагонаў, прыносіць немалыя грошы, а рэпрадукцыі твораў мастацтва — толькі эстэтычнае задавальненне. Думаю, ніхто б не збяднеў, адмовіўшыся ад тых прыбыткаў, але... пакуль што дамовіцца не ўдалося. Добра яшчэ, што, дзякуючы патранажу Мінгарвыканкама, афармленне вагонаў абышлося нам толькі ў 5% ад камерцыйнага кошту: усяго ў шэсць мільёнаў рублёў.

Што да падземнага перахода... Хачу, каб ён пераўтварыўся ў гэткі “арт-андэграўнд”. Я ўжо напісаў лісты ў розныя інстанцыі, дзякуючы чаму там пафарбавалі столь, замянілі перагарэлыя лямпы, навялі парадак... У нас такія цудоўныя вулічныя музыканты! Сам, прызнацца, неяк затрымаўся ў тым пераходзе, каб паслухаць добрую класічную музыку ў выкананні абаяльнай моладзі… Дык чаму б не стварыць там для іх своеасаблівую пляцоўку, якая ўспрымалася б як своеасаблівая прэлюдыя да музея?

— А ці няма задум зрабіць музейны “цюнінг” і іншых відаў транспарту: цягнікоў, цеплаходаў, самалётаў?

— Наконт самалётаў я даўно ўжо задумваўся. Чаму б тым “Боінгам”, што лётаюць па ўсім свеце пад беларускім сцягам, не надаць імёны ўласныя: скажам, “Янка Купала” або “Іван Хруцкі”? Каб чакаючы ўзлёту дзе-небудзь у Франкфурце, пасажыры маглі паслухаць “Малітву” ў выкананні Мулявіна ці пагартаць буклет з рэпрадукцыямі твораў нашых мастакоў. Тут жа, канешне, павінна быць і рэкламная інфармацыя музея. Вялікіх сродкаў увасабленне гэтай ідэі не запатрабуе, але затое не надта абазнаныя ў нашай культуры замежнікі могуць значна палепшыць сваё разуменне той краіны, куды яны рушаць.

Пакуль жа разам з фабрыкай “Камунарка” мы рыхтуемся да прэзентацыі новага праекта — цукерак, на каробцы якіх змешчаны знакаміты “Партрэт невядомай...” Хруцкага. Думаю, спажыўцы заўважаць гэты прадукт на паліцах крам і аддадуць яму перавагу сярод іншых, куды менш выразных. А выкарыстаўшы цукеркі па прызначэнні, мо зірнуць і на адваротны бок, дзе пададзена інфармацыя пра мастака на трох мовах, а таксама, канешне ж, адрас ды час працы нашага музея. Наступным нашым кандытарскім праектам стане серыя шакаладак, кожная з якіх прысвечана таму або іншаму беларускаму мастаку ХІХ — ХХ стагоддзя.

— А ці не баіцеся абвінавачванняў у фрывольным стаўленні да класікі?

— Каб эфектыўна выконваць сваю грамадскую функцыю, музей павінен як мага больш актыўна выходзіць за межы ўласнай прасторы. На жаль, давялося прыйсці да высновы, што самі мастакі не заўсёды да гэтага падрыхтаваны і не хочуць бачыць рэпрадукцыі сваіх твораў нідзе, апрача акадэмічных выданняў. Альбо наадварот: лічаць нашы захады па прапагандзе беларускага мастацтва добрым бізнес-праектам, здатным прынесці ім неверагодныя дывідэнды. Зразумела, што пра іх гутарка пакуль не вядзецца, і на гэтай глебе з праваўладальнікамі часам узнікаюць непаразуменні.

Між іншым, у тых крамах, што працуюць пры буйных еўрапейскіх музеях, можна набыць не толькі альбомы ды кнігі, але і самыя размаітыя тавары на любы густ — скажам, гальштук у стылі Манэ ці Шагала. У нашым кіёску не так даўно з’явілася сувенірнае мыла, на ўпакоўцы якога — рэпрадукцыі твораў беларускіх мастакоў. Каб ніхто мяне не папікнуў у “знявазе класікі”, вырашыў пачаць з сябе: апельсінавы варыянт таго мыла будзе мець маё ўласнае мастацкае аздабленне. Іншыя пахі праілюстравала мастачка Марыя Ісаёнак.

Трэба выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы для прасоўвання сваіх калекцый і асабліва — нацыянальнага мастацтва. Зразумела, што традыцыйныя фаліянты сёння па кішэні нямногім. Менавіта таму разам з выдавецтвам “Беларусь” мы распачалі выпуск серыі “Славутыя мастакі з Беларусі”. Недарагая кніжка амаль кішэннага фармату, усяго сем старонак тэксту, рэпрадукцыі... На пачатку планавалі ўсяго пяць такіх кніжачак, але праект “пайшоў”, падтрымала яго і Міністэрства інфармацыі краіны. І вось, на адным з пасяджэнняў навуковай рады музея мы абмяркоўвалі, колькі ж кніжак павінна налічваць серыя: 50 або 100. І ў выніку доўгіх дыскусій прыйшлі да высновы, што абмяжоўваць маштабы не варта: гэтая серыя — бясконцая. Можа быць, праз нейкі час яе папоўняць постаці тых, каго сёння называюць творчай моладдзю…

Дарэчы, наш музейны шапік, дзе ўсё гэта прадаецца, даўно патрабуе пашырэння: асартымент пастаянна расце. Таму ў Музейным квартале запланавана ўжо цэлая крама — нам будзе чым запоўніць яе паліцы. Дарэчы, і арт-кавярня таксама адкрыецца ў новым месцы — утульным падвальчыку з асобным уваходам. Цяпер наведвальнікі кавярні мусяць падладжвацца да графіка працы музея, але ў будучым нейкія імпрэзы там можна будзе ладзіць хоць да рання.

— А на якой стадыі рэалізацыі знаходзіцца гэты амбітны праект?

— Рамонтныя работы ўжо вядуцца. У будынку па вуліцы Кірава замяняюць дах. Да канца года на стварэнне Музейнага квартала павінна быць асвоена 46 мільярдаў рублёў — грошы, як бачыце, немалыя…

— Апошнім часам пастаянна гучыць думка пра тое, што Ноч музеяў трэба праводзіць не адзін раз на год. Вы ўжо маеце тут пэўны досвед. Якія вынікі?

— Сапраўды, калі Ноч музеяў — гэта міжнароднае свята, якое не мы прыдумалі, дык Вераснёвая Ноч музеяў — аўтарскі прадукт. 13 верасня, у Дзень горада, мы зноў працуем да дзясятай вечара. Ізноў будуць нейкія цікавосткі на панадворку: правядзём арт-суботнік, пад час якога мастакі аздобяць крамы на прымузейнай тэрыторыі ды створаць “з падручных матэрыялаў” дзівоснага выгляду крэслы. Зразумела ж, што плён гэтай справы застанецца і па заканчэнні імпрэзы. Кожны тысячны наведвальнік атрымае падарункі, і ўжо гэтая задума сведчыць пра нашы прагнозы адносна цікавасці публікі. Так, лік будзе ісці менавіта на тысячы.

— Ці не можа так здарыцца, што музеі настолькі захопяцца “немузейнай” дзейнасцю — тымі ж імпрэзамі або вулічнымі праектамі, — што звычайныя выстаўкі адыдуць як бы на другі план?

— Ні ў якім выпадку! Мэта ўсіх гэтых прапагандысцкіх захадаў — акурат зацягнуць чалавека ў нашы залы. Купіў у падарунак цукеркі, паглядзеў на рэпрадукцыю Хруцкага ў не самым лепшым паліграфічным выкананні — і закарцела табе ўбачыць яе арыгінал. Дзе гэта можна зрабіць, апрача музея?

Што да розных імпрэз... Вытрыманыя ў пэўным тэматычным ключы, яны могуць стаць выдатным дадаткам да выставак. Прыкладам, неўзабаве мы будзем паказваць старадаўнюю японскую гравюру, і чаму б не зладзіць у яе рамках чайную цырымонію ў традыцыйным ключы? Чаму б не суправаджаць выстаўкі сакральнага мастацтва канцэртамі духоўнай музыкі? Такія захады мы будзем рабіць усё больш актыўна. Проста павесіць творы і чакаць гледачоў — гэта ўжо замала. Трэба шукаць новыя формы працы з наведвальнікамі. І нерэалізаваны патэнцыял тут пакуль вельмі вялікі.

У плане выставак верасень у нас увогуле чакаецца надзвычай насычаным, балазе спёка спала... 11-га адкрываем выстаўку “Мастакі Парыжскай школы” ў Нацыянальным мастацкім музеі Літвы. У венгерскі горад Кечкемет прыбудзе выстаўка беларускіх абразоў, якая раней ужо паспяхова прайшла ў Будапешце і Сольнаку. 27 верасня стартуе яшчэ адзін этапны праект — выстаўка з Эрмітажа. Чакаем на яе адкрыццё знакамітага Міхаіла Піятроўскага. А днём раней ён наведае Другі Нацыянальны музейны форум у Гомелі, які, вядома ж, таксама не абыдзецца без нашага ўдзелу: на конкурсе НММ прадстаўлены адразу ў пяці намінацыях.

— Ці ўяўляе дадзенае мерапрыемства цікавасць для такіх “лідараў галіны”, як ваш музей?

— Натуральна! Гэта аналіз работы нашых музейных інстытуцый, абмен досведам і ідэямі, пошук новых форм. Не толькі ў цэнтральных, але і ў рэгіянальных музеях ёсць вартыя ўвагі вынаходнікі. Таму як прафесіяналу мне гэты форум вельмі цікавы. Тым больш, не так і часта ў нас надараецца магчымасць перамовіцца з калегамі, абмеркаваць нейкія сумесныя праекты...

— Мы ўжо пісалі пра вашы захады па вяртанні тых мастацкіх твораў, якія ў мінулыя часы былі раздадзены розным, не зусім профільным, арганізацыям. Наколькі яны плённыя?

— Сапраўды, такія захады намі робяцца пастаянна, і дзякуючы падтрымцы з боку прадстаўнікоў беларускага Урада яны прыносяць плён. Літаральна днямі ў наш музей прыбудуць работы Васіля Сумарава і Барыса Аракчэева. Я выпадкова адшукаў іх у адным санаторыі, дзе адпачываў гэтым летам. Звярнуўся да міністра аховы здароўя Васіля Жарко, і ён цалкам пагадзіўся з тым, што нацыянальны здабытак павінен захоўвацца менавіта ў музеі. Прычым менавіта ў дзяржаўным, які дае поўныя гарантыі іх захавання. Калі абанкруціўся Мінскі фарфоравы завод, я амаль цэлы год патраціў на тое, каб калекцыі яго цудоўнага ведамаснага музея не разышліся “па свеце”. Менавіта адтуль — ваза Мікалая Міхалапа “Беларусь савецкая”, якая займае пачэснае месца ў нашай экспазіцыі, прысвечанай гэтаму перыяду ў мастацтве. Агулам жа да нас трапіла больш за тысячу экспанатаў фарфору, і для яго паказу ўжо зарэзервавана месца ў Музейным квартале.

— Аднак тыя творы, што некалі былі вывезеныя за межы краіны, напэўна, ужо не вярнуць...

— З гэтай нагоды ў мяне з’явілася наступная ідэя: чаму б не прапанаваць абмен паміж музейнымі ўстановамі розных дзяржаў? Прыкладам, мы ахвяруем адным з твораў Шышкіна (наш музей праз тое не надта збяднее, бо агулам карцін гэтага мастака маем 13), а наўзамен атрымліваем 15 слуцкіх паясоў. Для іншых краін гэта проста прыгожы ўзор мастацкага ткацтва, а для нас — не раўнуючы нацыянальная рэліквія. І ўсё сумленна, бо рыначныя кошты ў дадзеным выпадку прыблізна аднолькавыя.

Дарэчы, 5 лістапада, акурат у дзень нашага 75-годдзя, адкрыецца выстаўка слуцкіх паясоў з калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве. Увогуле, гісторыя музея пачала свой адлік яшчэ ў студзені 1939-га, калі была прынята адпаведная пастанова, але ж “дзень нараджэння” святкуецца пазней — ва ўгодкі адкрыцця музея. Гэта робіцца цалкам наўмысна, каб не абмяжоўвацца адным толькі святочным вечарам, каб юбілейным для нас станавіўся ледзь не цэлы год. Мяркуючы па ўсім, так яно гэтым разам і атрымалася…

Фота Юрыя ІВАНОВА