“Тут мая вёска — мае карані”

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

У мінулую нядзелю ў вёсцы Сакольнікі Мазалаўскага сельскага савета, што ў Віцебскім раёне, панавалі весялосць і ажыўленне. Тут праходзіла свята вёскі: спяваў залівіста гармонік, гучалі песні ды гоман тых, хто любіць сваю малую радзіму і шануе свае карані. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі работнікі Мазалаўскага дома культуры і дзіцячай школы мастацтваў.

/i/content/pi/cult/500/10751/10-7.jpg

Свята адкрыла кіруючая справамі сельвыканкама Кацярына Каралёва, якая адзначыла, што дадзенае мерапрыемства праходзіць на сакольніцкай зямлі ў Год гасціннасці — юбілейны з дня ўтварэння раёна. Не абышлося і без віншаванняў удзельнікаў вайны з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Як знак пашаны жыхарам “на ручніку з тканіны тонкай” быў падораны каравай, які мог пакаштаваць кожны, хто завітаў на свята. Выступілі народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка”, вакальны калектыў “Крыніцы”, інструментальны ансамбль “Балагуры”. З музычнымі падарункамі выходзілі на імправізаваную сцэну адно за адным вучні дзіцячай школы мастацтваў.

Арганізатары свята распавялі пра гісторыю вёскі, адзначыўшы, што “жыццё яе — бяконцая кніга”. Кніга жыцця вёскі Сакольнікі багатая на падзеі: радасныя і сумныя, салодкія і горкія…

Пад час мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне пераможцаў Рэгіянальнага агляду-конкурсу “Мая вёска — гонар мой”. Лаўрэатамі сталі Мікалай Косаў (намінацыя “Лепшая сядзіба”), Раіса Артамонава (“Лепшы домік у вёсцы”), Валянцін Павірахаў (“Лепшы кветнік”) і Людміла Забароўская (“Лепшая малая архітэктурная форма”). Быў арганізаваны сход, на якім выбралі старшыню вёскі: ёй стала карэнная жыхарка, добрая маці і жонка Наталля Буткова.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ